29 Лістапада
29.11.2018

Што мы п’ём…

logo
Думкі ўслых
184 0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Магчыма, хтосьці вырашыць, што размова тут пойдзе пра алкаголь. Але не! Хаця і гэтая тэма мае права на жыццё. А я сёння ўсё ж – пра асноўную вадкасць, што спажываем ці павінны спажываць па парадах урачоў у вялікай колькасці… Пра Яе Вялікасць Ваду.

Тым больш, што сяброўка-каляжанка папрасіла закрануць гэтае пытанне. Маўляў, што ў асобных раёнах Мінска з вадой такое? Што не так з яе якасцю?! «Мы тут сваё экалагічнае расследаванне праводзім, – тлумачыць яна. –  Калі п’еш каву ці гарбату – усё нармалёва. Нічога такога не адчуваецца. А як пакаштавалі халодную гатаваную… Дык, цытуючы Якуба Коласа, «паскудства, брат, і не пытайся!» Спачатку грашылі на электрычны чайнік, параўноўвалі беларускі і кітайскі. Не, розніцы няма. Затым пра фільтры падумалі. Тады проста бралі з-пад крана. Усюды смак нейкі хімічны і цяжкі. Не насычае і задавальнення ад смаку чыстай вады не дае».

Ну, не ведаю наконт Мінска. На працы ў нас фільтр, і смак вады добры. Нават тут павялічыла яе спажыванне – чыстай негатаванай. Хутчэй за ўсё, і ў старых трубах справа, і ў крыніцы, адкуль тая вада паступае, і ў наяўнасці ці адсутнасці станцыі абезжалезвання…

А вось у нас у Чэрвені ваду з-пад крана не тое што піць немагчыма, а ўвогуле… Яна рыжая, з колькасцю жалеза, якое ў разы перавышае норму. Гадоў дзесяць таму ці больш нам ужо абяцалі будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Неяк наш горад быў ёю абыдзены, як у свой час чыгункай – нават міма не прайшла.

І вось усё абяцаюць-абяцаюць, абяцаюць-абяцаюць… Ужо, здаецца, зараз і за праект узяліся. Але факт застаецца фактам: нас у праграме «Чыстая вада» ўсё адсоўвалі і адсоўвалі на апошняе месца. Крыўдна. Тым больш, што псуюцца электрапрыборы, а рэчы белага колеру, якія памыеш некалькі разоў, губляюць свой выгляд. Я ўжо не кажу, як часта трэба чысціць сантэхніку!

Добра, што ў свой час з’явілася некалькі фірмаў, якія прапаноўваюць рэгулярна набываць ваду, здабытую глыбока пад зямлёй, у вялікіх, пад 19 літраў, бутлях і ручныя помпы да іх. Ужо нават і не прыгадаю, колькі гадоў карыстаемся гэтымі паслугамі. Мяняліся людзі, якім можна было замаўляць замену бутляў, але штораз перадавалі нумары тэлефонаў адно аднаму. У рэшце рэшт, зараз ваду можна заказваць 2 разы на тыдзень у фірме, што знаходзіцца ў суседнім горадзе. Малайцы яны, працуюць, як гадзіннік!

Так, грошы трацяцца. Але што зробіш? Не хочацца ж, каб унутры цела выглядала, як чайнік, у якім рэгулярна гатавалася вада з-пад крана. Суцэльная іржа! І – так. Электрычных чайнікаў, нягледзячы на рэгулярную ачыстку знутры, сыходзіла раней вельмі шмат.

А ваду ў бутлях прапануюць розную – звычайную і насычаную мікраэлементамі. Ад першай у чайніку ўсё роўна з’яўляўся лёгкі накіп, хаця і праз значна большы час. Ад другой накіпу практычна няма (я спадзяюся, бо чайнік са свістком для газавай пліты ў нас унутры чорнага колеру – не дужа-то разгледзіш!). А вось на смак яна, вядома ж, не крынічная. Давялося прывыкаць. Але я зараз п’ю яе спакойна, а брат кажа, што горкая.

Эх, а якая вада з чароўнай мясціны, што называецца “Сем крыніц” і знаходзіцца на Бярэзіншчыне! Некалі ездзіла туды на экскурсію з Чэрвеньскім лясгасам, які ўключыў гэтае месца ў адзін са сваіх экалагічных маршрутаў. Да таго ж, яе лічаць за лекавую, асабліва для вачэй. Вам цікава? Магу распавесці пазней у асобным матэрыяле. Да гэтага часу пад уражаннем…

А вяртаючыся да тых бутляў з вадой, што рэгулярна замаўляю… Вядома ж, гэта ідзе толькі на “папіць”, гарбату-каву… На супы-кашы ды іншае вада больш простая, але таксама не з-пад крана. Калі мы яшчэ шмат ездзілі ў вандроўкі па Беларусі, пабылі і ў Косаўскім палацы – да яго рэстаўрацыі. Дык вось там абапал дарогі, што ідзе ўгору, вельмі шмат знаходзілася кавалкаў крэмнію. А ён, як сцвярджаюць вучоныя, добра ачышчае ваду. Вось і стаяць у нас на кухні трохлітровыя слоікі вады з крэмніем на дне.

А збаны-фільтры – гэта, аказваецца, дорага! Хаця таксама пэўны час былі ва ўжытку, і, здаралася, аднаго фільтра на месяц і не хапала. З шунгітам вельмі падабаўся… І вада сапраўды была мяккая…

Памятаю, як нядаўна шмат скардзіліся на праблему бруднай вады ў кранах жыхары вёскі Возера, што на Уздзеншчыне. Цікава, ці змянілася там сітуацыя. Бо ўсё, як заўсёды, упіралася ў грошы – на нармалёвую свідравіну.

А якая вада ў вас дома, шаноўныя сябры?! Ёсць праблемы з яе якасцю? І як вы спраўляецеся?

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

184 0 25

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.