08.09.2022
08.09.2022

Трэнды і тэмы сучаснага мастацтва Беларусі. Што паглядзець на «Восеньскім салоне — 2022»

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі вы цікавіцеся мастацтвам і вам вельмі хочацца зразумець, якімі тэмамі і ідэямі жывуць сёння сучасныя беларускія аўтары, то рэкамендуем наведаць маштабную для нашай краіны выстаўку-продаж «Восеньскі салон — 2022», якая днямі пачалася ў сталічным Палацы мастацтваў.

Ужо некалькі год запар «Восеньскі салон» называюць галоўнай культурнай падзеяй восені. Гэта сапраўды так. На адкрыцці праекта збіраюцца мастакі абсалютна розных напрамкаў і ўзростаў. Кожнаму цікава прааналізаваць, ці мяняецца беларускае мастацтва і ўвогуле, у які бок яно рухаецца. А падчас дзеяння праекта адбываюцца розныя майстар-класы, творчыя сустрэчы і нават спецыялізаваныя лекцыі.

Восеньскі салон -2022 1

Нельга сказаць, што гэтым разам салон уразіў чымсці новым ці незвычайным. Хутчэй можна адзначыць, што арганізатары знайшлі традыцыйную нішу ў падрыхтоўцы экспазіцыі і прадумванні канцэпцыі: два паверхі палаца цудоўна і ёміста ўмясцілі ў сябе самыя розныя па кантэкстах і стылях карціны, фотаздымкі і аб’екты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Усяго ў сценах Палаца мастацтваў і ў зале галерэі «Арт-Беларусь» можна ўбачыць амаль 500 работ, а пры жаданні і адпаведных магчымасцях яшчэ і набыць. Не здзіўляцеся коштам работ, якія сапраўды могуць уразіць колькасцю лічбаў. Мастакі самі ацэньваюць сваю працу.

Лізавета Янушкевіч "Надзея"

Работы падзелены на некалькі секцый. На першым паверсе Палаца мастацтваў у асноўным графіка і фота, а на другім — эксперыментальныя работы. У галерэі прадстаўлены больш традыцыйныя карціны і менавіта адтуль арганізатары прапануюць наведвальнікам пачынаць агляд экспазіцыі.

Восеньскі салон 7. Экспазіцыя

Некаторыя работы прадстаўлены на некалькіх палотнах, якія разам ствараюць адзіную выяву, паказваюць цэлую гісторыю. Лінагравюры, літаграфія, выцінанка, афорты таксама атрымалі мноства станоўчых водгукаў ад захопленай публікі. Гэта не самыя распаўсюджаныя віды творчасці, але ў Палацы мастацтваў у любога жадаючага ёсць магчымасць пазнаёміцца з дадзенымі тэхнікамі.

Восеньскі салон -2022 4

Калі дывановая вышыўка для большасці маладых людзей ужо стала звыклай, то для больш узроставай публікі гэта амаль восьмае цуда свету. Вялікай цікавасцю на адкрыцці карысталіся плёначныя фатаграфіі. Для кагосьці гэта была настальгія па юнацтве, іншыя ж убачылі ў іх творы мастацтва.

— На гэтай выстаўцы практычна няма рэалістычных работ у тым класічным разуменні, да якога мы прывыклі. Мы не знойдзем тут бяроз і трох мядзведзяў. Тут убачым работы, дзе вобразы будуць прымушаць нас думаць аб тым, што адбываецца вакол, — распавяла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.

Восеньскі салон 2022 5

Самая прыгожая частка экспазіцыі — традыцыйна другі паверх. Тут, безумоўна, вы знойдзеце стыльныя і цікавыя лакацыі з, дарэчы, цудоўным святлом. Адразу ж вас сустрэнуць работы Алесі Скарабагатай, якая сёлета прэтэндуе на званне самай дарагой мастачкі. Работы аўтара каштуюць настолькі шмат, што набыць іх зможа толькі чалавек, які вельмі любіць мастацтва і можа дазволіць сабе такія падарункі.

Экспазіцыя Восеньскага салона

Адной з самых запамінальных і гумарыстычных фотазон на выстаўцы (мяркуючы па колькасці гледачоў) можна назваць чатыры работы Дар’і Карпавай пад назвай «Залатая бульба». Цудоўнае адлюстраванне беларускага сімвала ў багатым абрамленні сапраўды прыцягвае позірк.

Дар'я Карпава "Залатая бульба"

Беларуская арт-супольнасць заўсёды славілася якаснай графікай і яе дастаткова шмат прадстаўлена на першым паверсе палаца. Безумоўна, заслугоўвае ўвагі лінагравюра Багдана Эйсманта. Такія работы патрабуюць вялікай працаздольнасці і педантычнай дакладнасці, акуратнасці, каб «падняць» белы колер з лінолеўма.

Алеся Скарабагатая "Нараджэнне"

А вось жывапіс Юліі Кіпрацовай, безумоўна, можна аднесці да самых вытанчаных, жаночых работ. Прафесійнае і кантраснае спалучэнне колераў, прыгожая вобразнасць і эстэтыка прыгажосці. Тут адбываецца дваякае адчуванне: здаецца, нібы работы пісаліся для пэўных фэшн-часопісаў, альбо гэта проста фатаграфічны жывапіс.

Юлія Кіпрацова "Зацменне"

Можна многа казаць пра работы «Восеньскага салона» — ад ужо сфарміраваных і ўжо даўно знаёмых нам тэндэнцый да абсалютна новых творчых павеваў, але важна іншае: гэты праект дазваляе нам паглыбіцца ў абсалютна незвычайны фармат выставачнай дзейнасці.

Ангеліна Астроўская "Firework"

Тут няма строгай канцэпцыі альбо межаў: гэта выстаўка дазваляе знайсці сярод соцен палотнаў і аб’ектаў тую самую работу, якая стане вашай любімай на ўсё жыццё.

Каробка

Арганізатары прапануюць гледачам не проста адзін раз прайсціся па залах, а прагуляцца па паверхах два альбо і тры разы. З першага раза складана ацаніць і прааналізаваць усю экспазіцыю.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама