22.06.2019
22.06.2019

Як пазбегнуць карыесу?

logo
Здароўе дарослых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Карыес – найстаражытнейшае захворванне, з якім людзі спрабавалі змагацца яшчэ ў эпоху неаліту.

Першыя выявы хворых зубоў былі знойдзеныя на сценах пячоры Краманьён, узрост гэтых малюнкаў перавышае 22 тысячы гадоў.

 
Святлана Лабко
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт 1-ай кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі БДМУ
На стаматалагічным прыёме карыес выяўляецца значна часцей за іншыя захворванні. Ва ўзросце да 20 гадоў ён дыягнастуецца ў 90% пацыентаў, пасля 40 гадоў – у кожнага.

Зараз, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, карыесам пашкоджаныя зубы ў амаль 100% насельніцтва. Статыстыка ўражвае, ці не так?!

Што такое карыес?

Што такое карыес. Як ён узнікае?

Карыес – паталагічны працэс, пры якім адбываецца разбурэнне тканак зуба з утварэннем поласці.

Як узнікае карыес?

Згодна з сучаснай тэорыяй узнікнення карыесу, для з'яўлення карыёзнай поласці неабходна спалучэнне некалькіх фактараў:

  • Зубны налёт. Ужо праз 2 гадзіны пасля чысткі зубоў адбываецца ўтварэнне тонкага слоя зубнога налёту, які складаецца з кампанентаў сліны, мікраарганізмаў і рэшткаў ежы. Мікраарганізмы наўпрост руйнуюць тканкі зуба.
  • Вугляводы ежы. Мікраарганізмы ператвараюць вугляводы ў кіслату, якая разбурае тканкі зуба з утварэннем карыёзнай поласці.
  • Час. Карыес узнікае не адразу пасля каланізацыі мікраарганізмамі паверхні зуба, для гэтага трэба пэўны час. У сярэднім ужо праз 48 гадзін зубны налёт робіцца патагенным і можа прывесці да з'яўлення пачатковых стадый карыесу.
  • Успрымальнасць зубоў да карыесу. Шмат у чым залежыць ад таго, у якіх ўмовах адбывалася фарміраванне тканак зуба да прарэзвання і пасля прарэзвання.

Як пазбегнуць?

Каб не дапусціць карыесу, трэба ўздзейнічаць на фактары, якія спрыяюць яго ўзнікненню:

1. Чысціць зубы. Налёт лёгка здымаецца пры чыстцы. Няма зубнога налёту, няма мікраарганізмаў, няма кіслаты – зубы застаюцца здаровымі. Калі ёсць магчымасць, чысціць зубы лепей пасля кожнага прыёму ежы, але не менш за 2 разы на дзень.

2. Выкарыстоўваць зубныя пасты, у склад якіх уваходзіць фтор. Фтор умацоўвае эмаль зуба, павялічваючы яе ўстойлівасць да кіслаты.

3. Упарадкаваць прыёмы ежы (да 5 разоў на дзень). Так мы паменшым частату паступлення пажыўных рэчываў для мікраарганізмаў.

4. Абавязкова наведваць стаматолага кожныя паўгода для прафілактычнага агляду.

Сімптомы карыесу

 
Святлана Лабко
Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт 1-ай кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі БДМУ
Карыёзная хвароба можа суправаджацца хваравітымі адчуваннямі, якія хутка праходзяць, пры ўжыванні салодкага, гарачага або халоднага, змяненнем колеру зуба. Часам дэфект зуба можна адчуць языком. Пры ўзнікненні любога з сімптомаў неабходна звярнуцца да стаматолага.

Навошта наогул лячыць карыес?

Справа ў тым, што карыес – гэта захворванне, якое прагрэсіруе і не абмяжуецца невялікай поласцю. Працэс будзе распаўсюджвацца на здаровыя тканкі зуба, што ў канчатковым выніку прывядзе да таго, што ад яго застанецца толькі корань, які давядзецца выдаляць.

Карыёзная хвароба можа ўскладніцца развіццём пульпіту, перыядантыту, перыястыту і ў выніку астэаміэлітам, што можа прывесці нават да смяротнага зыходу. У залежнасці ад стадыі карыёзнага працэсу прымяняюцца розныя метады лячэння. На ранніх стадыях карыесу на пашкоджаную паверхню наносяцца адмысловыя фторзмяшчальныя прэпараты, якія спрыяюць аднаўленню структуры зуба.

Калі ж працэс пайшоў далей, дык не абысціся без аператыўнага ўмяшання: выдалення разбураных тканак зуба (свідраванне) і папаўнення дэфекту пламбіровачным матэрыялам.

Танней набыць шчотку, пасту, зубную нітку і прытрымлівацца рэкамендацый стаматолага, чым аплачваць дарагое лячэнне. Паверце, ні адна, нават самая сучасная пломба не здольная параўнацца са здаровым зубам.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Студэнтка БДМУ