05.01.2021
05.01.2021

Што рабіць, калі баляць ногі і знасіліся суставы? Адказы траўматолага-артапеда

logo
Адказваюць спецыялісты
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як пазбавіцца ад шышак на пальцы ног? На колькі можна павялічыць свой рост пры дапамозе астэатаміі? Як выправіць вальгус ступні ў дзіцяці?

На пытанні чытачоў адказвае Алег Кезля, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар.

Кансультацыя траўматолага-артапеда

Алег Кезля, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар.  Кансультацыя траўматолага-артапеда

Костачкі і «храсткі» на назе

Шмат гадоў таму ў мяне прыкметна павялічылася костачка на назе, вырасла шышка на суставе. Не баліць, але націраецца абуткам. На шышцы ўтварылася мяккая акружнасць, а пад ёй – быццам вадкасць. Не праходзіць ужо месяц. Што гэта можа быць? Які сёння існуе эфектыўны спосаб пазбаўлення ад шышак?

Гэта артапедычная паталогія – Халюс Вальгус. Як правіла,  наступства плоскаступнёвасці. Калі выпадак не запушчаны, магчымае выдаленне гэтай запаленай кісты. Пры цяжкай ступені чакае аперацыя на касцяной сістэме з выраўноўваннем пальца. Зараз існуюць не менш за 150 аператыўных умяшанняў для лячэння гэтай паталогіі. Рашэнне прымаецца толькі пасля клінічнага агляду пацыента. Таму неабходна звярнуцца да артапеда.

Мне 53 гады. Пад костачкай вялікага пальца на падэшве левай ступні перыядычна дае пра сябе ведаць якоесьці ўтварэнне, быццам храсток. Бываюць балючыя адчуванні пры нагрузцы. Як пазбавіцца?

Пад вялікім пальцам знаходзяцца дзве сесамападобныя костачкі. Іх траўма, удар могуць выклікаць балючыя адчуванні. Пазбавіцца ад іх немагчыма, але існуюць метады кансерватыўнага лячэння. Неабходна звярнуцца да артапеда і зрабіць рэнтгенаграму сесамападобных касцей першага пальца ступні са спецыяльнай укладкай.

Эндапратэзаванне, астэатамія

Кансультацыя траўматолага-артапеда. Праблемы ў тазасцегнавым суставе.

Якія абмежаванні застануцца на ўсё жыццё пасля татальнага эндапратэзавання тазасцегнавога сустава?

Пасля эндапратэзавання тазасцегнавога сустава ў пацыента будуць абмежаванні на цяжкую фізічную працу, бег, скачкі і шэраг становішчаў цела: да прыкладу, сядзенне на кукішках, руху нагой з залішнім аб'ёмам. Акрамя таго, пацыенту трэба памятаць, што ў арганізме знаходзяцца 300-400 грамаў іншароднага матэрыялу. А гэта значыць, што ўсе прастудныя захворванні, пераахаладжэнні, хранічныя інфекцыі могуць справакаваць непрыняцце пратэза. Таму трэба апранацца па надвор'і, пастаянна сачыць за здароўем зубоў і іншымі ачагамі хранічнай інфекцыі.

Ці патрэбная аперацыя па замене сустава пры дыягназе МРТ: малюнак артроз-артрыту, сінавіту, бурсіту, складанага разрыву цела і задняга рогу ўнутранага меніска, разрыву ПКС правага каленнага сустава. Дэгенератыўныя змены абодвух меніскаў. Ацёк замыкальных аддзелаў медыяльных мышчалак сцегнавой і вялікагалёначнай касцей (дэгенератыўны? астэахандральнае пашкоджанне?).

Ваш дыягназ не з'яўляецца абсалютным паказаннем для такога складанага аператыўнага ўмяшання, як эндапратэзаванне. Трэба ацэньваць клінічны стан і змагацца за захаванне сустава. Існуе кансерватыўнае лячэнне (хондрапратэктары, фізіятэрапія, рэфлексатэрапія). Яно доўгае, але эфектыўнае.

Ці робяць у Беларусі астэатамію (падаўжэнне канечнасцяў)? Наколькі максімальна можна павялічыць рост мужчыны? І якія ўскладненні магчымыя пасля аперацыі?

Гэта старая методыка, якая атрымала другое жыццё з распрацоўкай апаратаў знешняй фіксацыі Ілізарава. Такія аперацыі ў Беларусі праводзяцца. Рост можна павялічыць на 10-15% ад зыходнага. Косць магчыма павялічваць і ўдвая, і ўтрая, але пацягнуць мышцы, нервы, сасуды так немагчыма. Гэтым і тлумачацца абмежаванні ў 10-15%.

Алег Кезля, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар.  Кансультацыя траўматолага-артапеда

Гэтая аперацыя праводзіцца па паказаннях: хондрадыстрафія, у тым ліку вострая, калі чалавек не расце ў выніку прыроджанай паталогіі. У большасці выпадкаў астэатамія праводзіцца пры траўматычных пераломах са стратай касцявога рэчыва, пераломах, што няправільна зрасліся, пераломах, ускладненых інфекцыяй, калі адна канечнасць карацейшая за другую. Гэта класічныя паказанні да лячэння.

Сёння ўзнікла новая галіна – касметалагічная траўматалогія, калі ўрачы падаўжаюць ногі пацыентам з эстэтычнай мэтай. У Беларусі такія аперацыі таксама робяць, але траўматолагі заўсёды папярэджваюць пацыентаў пра сур'ёзныя ўскладненні: запаленне, трамбоз, пашкоджанне нерваў, сасудаў. Лягчэй сказаць, чаго не можа быць, чым пералічыць усе ўскладненні. Таму перад аперацыяй не лішнім будзе пагаварыць і з псіхатэрапеўтам, чаму ў чалавека з'явіўся такі пункт гледжання, што, зрабіўшыся на некалькі сантыметраў вышэйшым, у яго раптам наладзіцца жыццё. Кахаюць не высокіх ці нізкіх, кахаюць каханых.

Рэзкі боль у пахвіне і кульгавасць

Мне 45 гадоў, 3 кесаравыя сячэнні. Прастрэлы з'явіліся пасля трэціх родаў, 5 гадоў таму, але на працягу апошніх двух гадоў ідзе нарастанне працэсу. Рэзкі боль у пахвіне, як ушчамленне нерва, пры звычайных рухах, хадзе, затым ныючы з ірадыяцыяй у тазасцегнавы сустаў і крыж справа, кульгавасць на правую нагу. На МРТ паяснічнай вобласці, акрамя Тарловых кістаў і выяўленага лардозу, паталогіі не знойдзена. На рэнтгенаграфіі тазасцегнавога сустава коксартроз 1 ступені. Траўматолаг сказаў, што суставы нармальныя, неўролаг ставіць міяфасцыяльны сіндром. Прааперыравалі з нагоды пахвіннай і сцегнавой грыжы справа. Прайшло 3 месяцы, боль не сышоў. Хірург кажа, што гэты боль не характэрны для грыжаў. Пасля трох цяжарнасцяў развілася плоскаступнёвасць, ступні баляць. Гінекалогія ў норме. Што можа даваць рэзкі боль у пахвіне і затым кульгавасць? Ці можна з такім дыягназам займацца на бегавой дарожцы з добрымі амартызатарамі, атрымліваць кардыянагрузку ў выглядзе ўздыму па лесвіцы? Альбо лепей веланагрузка? Ці можна лазні і сауны (пасля іх робіцца лягчэй), але ці не будзе прагрэсаваць коксартроз? Якое абследаванне неабходна прайсці і дзе можна атрымаць паўнавартасную кансультацыю для ўдакладнення дыягназу?

Кансультуе траўматолаг-артапед. Боль у тазасцегнавым суставе.

Існуе такая паталогія – Хамстрынг-сіндром. Гэта запаленне мышцаў-рататараў тазасцегнавога сустава, якое можа даваць рэзкі боль у пахвіне і кульгавасць. Коксартроз 1 ступені, Тарловыя кісты такі болевы сіндром не выклікаюць.

Прырода так стварыла, што боль – гэта дыягнастычны тэст на парушэнне нормы ў арганізме. Таму няправільна раіць прыціснуць гэты боль бегам ці веладарожкай. Трэба знайсці прычыну і лячыць захворванне.

Лазні і сауны не супрацьпаказаныя. Любыя цеплавыя працэдуры, супрацьзапаленчыя мазі (дыклафенак, вальтарэн) дадуць станоўчы эфект. На прагрэсаванні коксартрозу гэта не адбіваецца.

Для пастаноўкі дыягназу «Хамстрынг-сіндром» існуюць спецыяльныя тэсты. Па кансультацыю можна звяртацца ў прафесарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтр БелМАПА. У першую чаргу – да траўматолага, у тым ліку і да мяне, калі ўзнікне неабходнасць – да неўролага.

Алег Кезля, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар.  Кансультацыя траўматолага-артапеда

Ці могуць з-за шыйнага астэахандрозу ўзнікнуць праблемы са слыхам? Як правільна гэта дыягнаставаць і лячыць?

Такое магчыма. Але неабходны агляд двух спецыялістаў: неўролага і лор-урача. Наяўнасць шыйнага астэахандрозу не выключае наяўнасці самастойнага захворвання вуха.

Вальгус ступні, хрумст суставаў у дзяцей

Як выправіць вальгус ступні ў дзіцяці? І якія прычыны ўзнікнення гэтага дэфекту?

Вальгус ступні можа быць прыроджаным дэфектам. Да трохгадовага ўзросту ўрачы не лечаць гэты стан, а раяць масаж, цеплавыя працэдуры, хадзіць па горцы пяску, па гароху. У дзяцей з вальгусным адхіленнем ступні, старэйшых за тры гады, прымяняецца кансерватыўнае лячэнне. Гэта індывідуальныя (зробленыя на заказ) вусцілкі-супінатары ва ўсе віды абутку, якія трэба насіць на працягу некалькіх гадоў. Змяняецца памер абутку – змяняюцца і вусцілкі. Часам такое лячэнне не прыносіць выніку, і тады неабходнае аператыўнае ўмяшанне. Гэта нескладаная аперацыя, якая ўкаранёная сёння ва ўсёй рэспубліцы.

Дзяўчынцы 10 гадоў. Часта хрумсцяць суставы ў каленях і пальцах рук. Раніцай, калі ўстае з ложка, калі змяняе становішча, напрыклад, прысядае альбо рэзка рухае нагамі, чутныя характэрныя шчаўчкі. Калі пазаймаецца, хрумсценне праходзіць. Заўважылі заканамернасць: такое з'яўляецца толькі ў зімовы перыяд і ранняй вясной. Улетку, калі яна праводзіць шмат часу на сонцы, шчаўчкі праходзяць. Артапед сказаў, што ўсё нармальна (але мы былі ў спецыяліста напрыканцы лета, калі ўсё добра). Ці можа гэта быць звязанае з тым, што мы ў гадавалым узросце трапілі ў бальніцу са стафілакокам, а пасля лячэння ў дзяўчынкі пачалося скрыўленне ног? Прымалі вітамін Д, усё нармалізавалася. Часам скардзіцца на боль у нагах. Што рабіць?

Кансультуе траўматолаг-артапед. Шчоўкае ў каленях 10-гадовай дзяўчынкі.

Са стафілакокам гэта не звязанае. Магчыма, былі праявы рахіту, калі дапамог прыём вітаміну D. Боль у нагах дзіця перарасце. Сёння існуе цэлая група рэўматоіднападобных захворванняў, звязаных з запаленчымі працэсамі ў суставах рознай ступені актыўнасці. Пры высокаактыўных працэсах дзяцей абследуюць, выстаўляюць дыягназ «рэўматоідны артрыт» і праводзяць лячэнне. Пры больш мяккай сітуацыі, калі стан пагаршаецца ўзімку, а ўлетку праходзіць, дастаткова проста весці здаровы актыўны лад жыцця, прымаць вітамін D. Сёння няма адзінага пункту гледжання, ад чаго ўзнікае хрумсценне ў суставах. Але спецыяльнага лячэння гэтая праблема не патрабуе.

Больш тлумачэнняў па захворванні апорна-рухальнага апарата – тут.

Фота эксперта – Таццяна Сталярова.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).