18.04.2021
18.04.2021

Гіпатанія, ці Чаму артэрыяльны ціск бывае нізкім

logo
Навiны
0 013
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Артэрыяльны ціск у норме не перавышае лічбаў 90/60 мм рт. сл.? Пры павышэнні да стандартных значэнняў 120/80 мм рт. сл. самаадчуванне як пры гіпертанічным крызе? Гэта можа быць артэрыяльная гіпатэнзія (гіпатанія). Прычым нізкія значэнні ціску могуць быць як нормай, так і следствам наяўных захворванняў.

Гіпатанія. Дрэннае самаадчуванне, слабасць.

Пра тое, што такое артэрыяльная гіпатэнзія, ці трэба яе лячыць і якія прычыны гэтага стану, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавёў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.

Чаму развіваецца артэрыяльная гіпатэнзія

Схільнасць да паніжанага ціску, альбо хранічнай (фізіялагічнай) гіпатаніі, як правіла, можна заўважыць яшчэ ў дзіцячым узросце. Такія дзеці адрозніваюцца млявасцю, хутка стамляюцца. Для дарослых гіпатонікаў характэрнай рысай з'яўляецца астэнічная канстытуцыя – хударлявыя людзі высокага росту (часцей за ўсё – дзяўчыны).

Гіпатанія – гэта вострае ці хранічнае паніжэнне ціску. Ён лiчыцца паніжаным, калі значэнні сісталічнага (верхняга) ціску не перавышаюць 90 мм рт. сл., а дыясталічнага (ніжняга) – 60 мм рт. сл. Часам гіпатанія можа быць фізіялагічнай нормай, але часцей за ўсё развіваецца з прычыны паталагічных станаў і патрабуе лячэння.

Андрэй Прыстром

Андрэй Прыстром:

– Да паталагічных значэнняў ціск сам па сабе рэдка зніжаецца. Як правіла, гэта адбываецца з-за якіх-небудзь другасных прычынаў. І асноўная наша задача – даведацца, што справакавала падобную сітуацыю. Самая частая прычына, з якой мы сутыкаемся, – гэта перадазіроўка гіпатэнзіўных прэпаратаў. Нярэдкія такія выпадкі сярод сталых людзей, якія банальна могуць забыцца, што прымалі лекі, і выпіць яшчэ адну таблетку.

Акрамя гэтага, такія сітуацыі магчымыя на фоне лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі. Напрыклад, чалавеку прызначаны гіпатэнзіўны прэпарат, які ён да гэтага ніколі не прымаў. І ў выпадку хуткага адказу на прызначаную тэрапію можа значна знізіць паказчыкі. Менавіта таму дазіроўку такіх лекавых сродкаў павялічваюць паступова, патлумачыў эксперт.

Зніжэнне ціску можа адбыцца ў выніку інтаксікацыі арганізма, вірусных і бактэрыяльных інфекцый, моцных крывацёкаў.

Акрамя таго, прычынамі гіпатаніі з'яўляюцца:

  • Доўгае эмацыянальнае перанапружанне
  • Сардэчна-сасудзістыя захворванні (сардэчная недастатковасць, парокі сэрца, захворванні перыкарду)
  • Эндакрынныя захворванні
  • Анкалагічныя хваробы
  • Паталогія страўнікава-кішэчнага тракта
  • Цукровы дыябет
  • Анемія
  • Абязводжванне
  • Прыём некаторых лекавых прэпаратаў (дыурэтыкаў, антыарытмічных, супрацьішэмічных, сасудапашыральных)
  • Строгая дыета.

Спецыялісты выдзяляюць таксама артастатычную артэрыяльную гіпатэнзію. Яна характарызуецца рэзкім падзеннем ціску падчас змены становішча цела (напрыклад, пры ўставанні з ложка). У падобнай сітуацыі нярэдкія выпадкі страты прытомнасці.

Андрэй Прыстром:

– Прычынай падзення ціску і страты прытомнасці пры артастатычнай гіпатаніі з'яўляецца дысрэгуляцыя тонусу сасудзістага рэчышча. Пры павышэнні ціску сасуды павінны звужацца (у вертыкальным становішчы ціск заўсёды вышэйшы, чым у гарызантальным). Калі яны не паспяваюць своечасова зрэагаваць, ціск падае, з-за чаго кровазабеспячэнне мозгу зніжаецца, і чалавек можа страціць прытомнасць.

Крытэрам артастатычнай гіпатэнзіі з'яўляецца зніжэнне сісталічнага артэрыяльнага ціску больш чым на 20 мм рт. сл. альбо дыясталічнага – больш чым на 10 мм рт. сл. праз 3 хвіліны знаходжання ў становішчы стоячы.

Сімптомы гіпатаніі

Адназначнага меркавання, ці лічыць падобны стан хваробай, няма. З аднаго боку, паніжаны артэрыяльны ціск не прыводзіць да развіцця такіх цяжкіх паталогій, як інсульты і інфаркты, да якіх схільныя гіпертонікі. Аднак гіпатанія можа значна пагоршыць якасць жыцця, бо такіх людзей увесь час пераследуе шэраг непрыемных сімптомаў.

Гіпатанія. Што адчувае чалавек.

Гэта могуць быць:

  • Заняпад сіл, дрымотнасць, хуткая стамляльнасць
  • Боль у вобласці сэрца
  • Нервовасць
  • Рассеяная свядомасць
  • Павышаная патлівасць
  • Частая млоснасць
  • Халодныя ступні і кісці рук
  • Частае пазяханне з-за недастатковага паступлення кіслароду.

Андрэй Прыстром:

– Такія людзі горш пераносяць фізічныя нагрузкі, спякоту. Скура ў іх часцей за ўсё бледная, могуць узнікаць галавакружэнні. Нярэдка яны скардзяцца на пачашчанае сэрцабіцце. Справа ў тым, што пры нізкім ціску памяншаецца сардэчны выкід (колькасць крыві, якую выкідвае кожны жалудачак сэрца за адну хвіліну). Каб кампенсаваць памяншэнне колькасці крыві, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў. Таму, калі ціск падае, пульс пачынае расці.

Што рабіць, калі ціск нізкі

Перш за ўсё, варта высветліць прычыну. Калі такі стан справакаваны збоем у працы іншых органаў і сістэмаў, дык лячэнне накіроўваюць на іх. У адваротным выпадку карэктаваць трэба лад жыцця: выконваць распарадак дня, высыпацца, чаргаваць працу і адпачынак, часцей гуляць на свежым паветры, паўнавартасна харчавацца, займацца спортам (нагрузка павінна быць умеранай, напрыклад, хада ці плаванне), пазбягаць стрэсу і працяглага знаходжання ў гарачае надвор'е пад сонцам.

Гіпатанія. Заняцца плаваннем.

Здольнасцю павышаць ціск валодае зялёны чай (кава ў такіх выпадках не заўсёды верны памочнік, бо можа справакаваць і паніжэнне, а таксама прэпараты элеўтэракоку і жэньшэню.

Андрэй Прыстром:

– Ускладненняў фізіялагічнай гіпатаніі, як правіла, няма. Калі ж гіпатэнзія з'яўляецца следствам пэўных захворванняў, запускаюцца паталагічныя механізмы. Будзе пакутаваць галаўны мозг, сасуды, ныркі, ажно да развіцця ішэміі, і г.д. У працэс залучаецца ўвесь арганізм. Менавіта таму вельмі важна знайсці першапрычыну, бо лячэнне гіпатэнзіі ў гэтым выпадку зводзіцца да тэрапіі асноўнага захворвання.

Неадкладная дапамога пры вострым падзенні ціску

Чалавека варта хутка пакласці, а ногі падняць на 30 градусаў, каб палепшыць кровазабеспячэнне галаўнога мозгу. Галава павінна размяшчацца як мага ніжэй, таму падушку варта прыбраць. Можна выпіць гарбаты.

Калі прычынай рэзкага зніжэння паказчыкаў стала перадазіроўка прэпаратаў, абавязкова трэба выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 13

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама