07.11.2019
07.11.2019

Што трэба ведаць пра псарыяз. Прычыны, фактары рызыкі і сімптомы

logo
Хваробы ад А да Я
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прычыны з'яўлення гэтага скурнага захворвання да гэтага часу невядомыя. Ад хваробы нельга цалкам пазбавіцца, яна можа перадавацца ў спадчыну і нават «пераскочыць» праз адно пакаленне – ад дзеда дастацца ўнуку. Усяго ў свеце ад гэтага скурнага захворвання пакутуюць прыкладна 4% насельніцтва. Гаворка ідзе пра псарыяз.

Псарыяз – хранічнае неінфекцыйнае запаленчае захворванне скуры. Праяўляецца яно, як правіла, у выглядзе чырвоных сухіх бляшак, якія быццам узвышаюцца над паверхняй. Нягледзячы на памылковыя думкі, якія існуюць у грамадстве, псарыязам нельга заразіцца.

Пра тое, што такое псарыяз, яго сімптомы, лячэнне і прычыны абвастрэння журналісту Слушна распавяла дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра Юлія Баранава.

Чаму з'яўляецца псарыяз

Чаму з'яўляецца псарыяз

Псарыяз – гэта хранічнае скурнае захворванне з множнай схільнасцю ў спалучэнні з правакацыйнымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Нягледзячы на тое, што хвароба вядомая яшчэ са старажытных часоў (праўда, афіцыйна яна была прызнаная самастойным захворваннем толькі ў 1799 годзе), да гэтага часу адназначнага адказу, чаму з'яўляецца псарыяз, у спецыялістаў няма.

Псарыяз – хранічнае  запаленчае захворванне скуры, у аснове якога ляжаць працэсы змены росту, парушэнне працэсу рэгенерацыі клетак эпідэрмісу, імуналагічныя парушэнні і сасудзістыя анамаліі. У норме клеткі эпідэрмісу, кератацыты, абнаўляюцца на працягу трох тыдняў ці аднаго месяца. Пры псарыязе гэты працэс паскараецца і займае ад 3 да 6 дзён. З-за гэтага клеткі эпідэрмісу не выспяваюць цалкам і не могуць выконваць свае функцыі, а скурны пласт не паспявае правільна сфармавацца. У выніку ўтвараюцца псарыятычныя элементы сыпу: папулы, бляшкі, што лушчацца, і пустулы, эрытэма і г.д. Акрамя гэтага, існуе меркаванне, што ў з'яўленні псарыязу ёсць віна Т-лімфацытаў – клетак імуннай сістэмы чалавека.

Што можа справакаваць хваробу

Пэўную ролю ў з'яўленні псарыязу адыгрывае спадчыннасць. Але не ўсё так адназначна.

 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Калі ў бліжэйшых родзічаў быў псарыяз, зусім не абавязкова, што ў кагосьці ён выявіцца, але верагоднасць гэтага вялікая. Напрыклад, нават у аднаяйкавых блізнятаў пры генетычнай схільнасці ў аднаго можа быць захворванне, а ў другога – не.

На яго развіццё, дадала эксперт, уплывае шмат фактараў: перанесеныя інфекцыі, стрэсы, навакольнае асяроддзе. Так, у дзіцячым узросце маніфестацыя псарыязу часта звязаная са зніжэннем імунітэту з-за частых прастудаў або хранічнай інфекцыі, у тым ліку стрэптакокавай.

 

 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Зараз пачынаецца сезон прастудаў. Як правіла, у гэты перыяд значна ўзрастае рызыка абвастрэння захворвання альбо першасная яго праява. Гэта звязана як са зніжэннем імунітэту, так і з прыёмам вялікай колькасці лекаў, у тым ліку антыбіётыкаў. Гэтак жа ў пацыентаў з зімовай формай захворвання мы чакаем абвастрэння ў халодную пару года.

І яшчэ пра фактары рызыкі. Справакаваць маніфестацыю альбо абвастрэнне хваробы можа:

  • атлусценне (даследаванні паказваюць, што пацыенты з атлусценнем пакутуюць ад больш цяжкіх формаў псарыязу);
  • курэнне, у тым ліку пасіўнае, звязанае больш чым з двухразовай рызыкай цяжкага псарыязу;
  • хранічныя інфекцыі ЛОР-органаў, стрэптакокавая інфекцыя, ВІЧ-інфекцыя;
  • прыём лекавых прэпаратаў: бэта-блакатары, антымалярыйныя прэпараты, літый, нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, інтэрфероны і інш.;
  • злоўжыванне алкаголем;
  • пашкоджанне скуры (траўматызацыя, пірсінг, тату або мікраблэйдынг).
 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Пры псарыязе ёсць такое паняцце, як эфект Кебнера, альбо феномен ізаморфнай рэакцыі – з'яўленне высыпанняў у месцы пашкоджання скуры. Напрыклад, псарыятычная бляшка можа ўзнікнуць на месцы татуіроўкі, за кошт траўматызацыі скуры і ўвядзення чужароднага элемента (пігменту, які фарбуе). Асабліва «любяць» чырвоны пігмент скурныя захворванні, у тым ліку – псарыяз. Прычым узнікнуць праява захворвання ў гэтым месцы можа не адразу, а толькі праз некалькі гадоў.

Сімптомы псарыязу

Сімптомы псарыязу

Псарыяз упершыню можа праявіцца ў маладым узросце (прыкладна ў 16-22 гады) і ў больш сталым – ад 57 да 60 гадоў.

Асноўнымі прыкметамі захворвання з'яўляюцца характэрныя высыпанні, адчуванне сцягнутасці скуры ў гэтым месцы і часам – сверб. Месцы высыпання бываюць рознымі.

У асноўным псарыяз лакалізуецца:

  • на локцях і каленях;
  • крыжы і паясніцы;
  • на валасістай частцы галавы (яго яшчэ называюць себарэйны псарыяз);
 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Утвараецца так званая псарыятычная карона па лініі росту валасоў. Часам высыпанні бываюць на бровах і вушах. Себарэйны псарыяз можа таксама паражаць інтэртрыгінальныя зоны, г.зн. вобласці натуральных зморшчынаў скуры.
  • унутранай паверхні локцевых і каленных суставаў, у вобласці пахвіны і падпахаў, пад грудзьмі;
  • далонях і паверхнях стоп (далонева-падэшвенны псарыяз).

Існуюць таксама наступныя клінічныя формы захворвання:

  • вульгарны псарыяз, кроплепадобны, дробнабляшкавы, інверсны, эрытрадэрмічны, пустулёзны псарыяз, себапсарыяз, пялюшкавы, лінейны.

Акрамя скурных прыкметаў захворвання, можна вылучыць спадарожныя змены пазногцяў, суставаў.

 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Пры паражэнні пазногцяў многія памылкова думаюць, што гэта грыбок. Насамрэч, грыбковая інфекцыя дыягнастуецца толькі ў 20-30% падобных выпадкаў. Звычайна пры псарыязе пазногаць жаўцее, з'яўляюцца кропкавыя паглыбленні, змяняецца знешні выгляд самой ногцевай пласціны, могуць з'яўляцца алейныя плямы, адслаенне, выяўляецца падпазногцевы гіперкератоз. Насцярожаным трэба быць у выпадку, калі падобныя змены доўга не праходзяць, і не было відавочнай прычыны для іх (напрыклад, траўмы).

Пазаскурнай праявай захворвання з'яўляецца псарыятычны артрыт.

Ад гэтага захворвання, распавяла Юлія Баранава, пакутуе каля 40% пацыентаў. Схільнасць да псарыятычнага артрыту вызначаецца спадчыннымі фактарамі. Лячэнне, як правіла, кантралюецца дэрматолагамі і рэўматолагамі.

Смяротна небяспечным можа стаць генералізаваны пустулёзны псарыяз (тып Цумбуша).

Звычайна яму папярэднічае доўгае цячэнне псарыязу іншай формы. Захворванне пачынаецца з ліхаманкі, раптоўнага з'яўлення стэрыльных пустулаў дыяметрам 2-3 мм на фоне выяўленай эрытэмы. Спачатку высыпанні адзінкавыя, затым сып набывае зліўны характар. Характэрна хвалепадобнае чаргаванне эпізодаў ліхаманкі і з'яўлення новых ачагоў сыпу. Небяспека гэтай формы ў тым, што можа ўзнікнуць абязводжванне і сэпсіс.

Дыягностыка псарыязу

дыягностыка псарыязу

Адметнай рысай псарыязу з'яўляецца так званая трыяда: сімптомы «стэарынавай плямы», «тэрмінальнай плёнкі» і «крывянай расы».

Калі пацерці псарыятычную бляшку, дык ужо праз некалькі рухаў можна заўважыць, як аддзяляюцца лускавінкі серабрыста-белага колеру, яны лёгка злушчваюцца.

Пасля выдалення лускавінак з'яўляецца бліскучая вільготная паверхня. Гэта і ёсць сімптом «тэрмінальнай плёнкі».

Затым ідзе чарга трэцяга сімптому – «крывянай расы»: на месцы высыпанняў пры працягу скаблення з'яўляюцца кропелькі крыві.

Лячэнне псарыязу

Вылечыць псарыяз нельга, але можна дамагчыся ўстойлівай рэмісіі і скарачэння плошчы пашкоджанай скуры, трымаць хваробу пад кантролем і пазбягаць абвастрэнняў.

У першую чаргу, неабходна выключыць тыя фактары, якія могуць уплываць на прагрэсаванне захворвання: не паліць, не злоўжываць алкаголем, кантраляваць сваю вагу, старацца пазбягаць стрэсаў, прытрымлівацца рэкамендацый урача.

Лячэнне і дазіроўка прэпаратаў кожнаму пацыенту падбіраецца індывідуальна. Якой-небудзь універсальнай схемы тэрапіі ўсіх формаў захворвання няма: тое, што дапамагае аднаму, можа зусім не падысці іншаму.

З мэтай ліквідацыі свербу, запалення і лушчэння пацыенту падбіраюць сродкі догляду скуры. Але нават у гэтым выпадку, адзначыла Юлія Баранава, даць універсальных рэкамендацый нельга.

Доглядавыя касметычныя сродкі, як правіла, утрымліваюць саліцылавую кіслату, мачавіну, эмаленты (змякчаюць і ўвільгатняюць скуру), неабходныя для скуры тлушчы.

 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Гэта дэрматалагічная касметыка, якая з'яўляецца напалову касметыкай і напалову – лекамі. Часта на тубе такога сродку ёсць надпіс, што можа выкарыстоўвацца пры псарыязе або прызначаная для далікатнай ці атапічнай скуры. Увільгатненне скуры – гэта абавязковы складнік лячэння і прафілактыкі.

У цэлым, лячэнне псарыязу – гэта комплекс мераў, якія ўключаюць агульную і мясцовую тэрапію, у залежнасці ад ступені паражэння і тыпу цячэння захворвання.

 

 
Юлія Баранава
Дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра
Як правіла, мы прызначаем агульнаўмацавальную тэрапію, якая ўключае прыём вітамінна-мінеральных комплексаў, мясцовыя кортыкастэроіды, прэпараты саліцылавай кіслаты. У цяжкіх выпадках выкарыстоўваюцца прэпараты: метатраксат, цыкласпарын А, ацытрацін і інш.

Як жыць з псарыязам. Рэкамендуе ўрач

1. Сачыце за сваёй вагой. Залішняя маса цела значна пагаршае стан скуры, што немалаважна пры псарыязе.

2. Рэгулярна даглядайце скуру, а не ад выпадку да выпадку. Пракансультуйцеся з урачом перад тым, як ісці ў аптэку па новы флакон касметычнага сродку.

3. Калі вам дапамагае ўльтрафіялет, старайцеся перыядычна бываць на сонцы. Не забывайцеся пры гэтым выкарыстоўваць сонцаахоўны крэм са ступенню абароны не менш за 50.

4. Старайцеся пазбягаць стрэсаў, расслабляйцеся, абавязкова здымайце эмацыянальнае напружанне.

5. Проста вядзіце здаровы лад жыцця: займайцеся фізкультурай, адмоўцеся ад шкодных звычак і сачыце за харчаваннем.

https://bel.24health.by/psaryyaz-yak-i-chym-lyachyc-xvarobu/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».