03.02.2021
03.02.2021

Што трэба ведаць пра ўзроставую макуладыстрафію (+ВІДЭА)

logo
Хваробы ад А да Я
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Асноўную колькасць пацыентаў з захворваннямі сятчаткі вачэй складаюць людзі з узроставай макуладыстрафіяй. На жаль, многія не маюць інфармацыі пра захворванне, змены зроку спісваюць на іншыя праблемы са здароўем і звяртаюцца да ўрачоў, калі дапамагчы практычна немагчыма. Але ж узроставая макуладыстрафія займае трэцяе месца сярод найбольш распаўсюджаных прычынаў слепаты ва ўсім свеце пасля катаракты і глаўкомы.

У 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска распачаўся цыкл навукова-папулярных лекцый, прысвечаных захворванням вачэй, прафілактыцы захворванняў, дыягностыцы і лячэнню. І дэбютаваў ён з аповеду пра ўзроставую макулярную дыстрафію. Спікерам выступіла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі Майя Генадзеўна Ланская. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі наведала лекцыю і занатавала самыя важныя моманты, якія трэба ведаць, каб не прапусціць захворванне.

Хто ў групе рызыкі развіцця ўзроставай макуладыстрафіі?

Хвароба як правіла прыходзіць да людзей, старэйшых за 70 гадоў. Рызыка развіцця складае каля 32%. Разам з тым, у апошні час спецыялісты адзначаюць, што захворванне «маладзее», і да ўрачоў прыходзяць пацыенты ва ўзросце 45-50 гадоў, ужо з цяжкімі зменамі сятчаткі.

Немалаважную ролю адыгрывае і спадчыннасць. Калі ў бліжэйшых сваякоў былі выпадкі захворвання, рызыка развіцця ўзроставай макуладыстрафіі значна павялічваецца. Акрамя гэтага, верагоднасць паталогіі павышаецца з-за гарманальных парушэнняў, сардэчна-сасудзiстых захворванняў (атэрасклероз, артэрыяльная гіпертэнзія і інш.).

Узроставая макуладыстрафія. Сувязь з павышаным артэрыяльным ціскам.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі
Часцей хварэюць людзі з белым тыпам скуры, а таксама светлым колерам радужкі, блакітнавокія.

Як развіваецца захворванне?

Наша сятчатка – гэта абалонка, якая высцілае вока знутры. Яе цэнтральная частка адказвае за дакладны зрок, кантраснасць, за тое, каб мы маглі бачыць зблізку, адрозніваць колеры, чытаць і пісаць. Менавіта цэнтральная частка сятчаткі задзейнічаная ў паўсядзённым жыцці. Перыферычная частка не ўдзельнічае ў зроку, яна адказная за адчуванне прасторы. Пры ўзроставай макуладыстрафіі пашкоджваецца менавіта цэнтральная частка сятчаткі. Захворванне хранічнае і прагрэсавальнае.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі
Захворванне заўсёды пашкоджвае два вокі. Спачатку змены адбываюцца ў адным, але праз некаторы час хвароба закранае і другое. На аглядзе мы заўсёды глядзім два вокі, а пацыентаў просім назіраць за імі паасобку. Гэта неабходна для таго, каб не прапусціць хваробу, бо другое вока можа прагрэсаваць незаўважна для людзей.

Узроставая макуладыстрафія. Сачыць за зменамі ў вачах.

Сінонімы захворвання (часам іх пішуць урачы ў заключэнні): інвалюцыйная цэнтральная харыерэтынальная дыстрафія, склератычная макуладыстрофія, узроставая макулярная дыстрафія, сенільная макулярная дыстрафія.

Узроставая макуладыстрафія бывае дзвюх формаў: сухая і вільготная. Пры першай форме захворвання хвароба часта дыягнастуецца выпадкова на аглядзе ў афтальмолага, бо на ранніх стадыях праяў можа і не быць. Разам з тым, у 10% выпадкаў яна пераходзіць у вільготную форму, якая непазбежна вядзе да страты цэнтральнага зроку.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі
Вельмі многія пацыенты кажуць: «Нічога страшнага, я памяняю хрусталік – і буду бачыць добра». Хрусталік – гэта лінза, якая стаіць у пачатку вока. Гэта ніяк не звязана з сятчаткай. Дыстрафія сятчаткі застанецца назаўсёды.

Ці можна западозрыць хваробу самастойна?

Існуе спецыяльная сетка Амслера. У норме малюнак павінен быць выразным. Калі перад вачамі з'яўляецца пляма альбо лініі клетак скажоныя, не абавязкова па цэнтры ліста, – гэта важкая падстава звярнуцца да ўрача. Бо прыкметы могуць сведчыць пра пачатак хваробы.

Узроставая макуладыстрафія. Тэст Амслера.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі клінікі
Правяраць кожнае вока трэба па чарзе, каб не прапусціць паталогію. Калі адно вока здаровае, яно будзе кампенсаваць змены ў другім. Дрэнна бачна без акуляраў? Надзеньце іх. Малюнак павінен быць выразным.

Для праверкі сетку неабходна размясціць на ўзроўні вачэй, на адлегласці 30-40 см, каб яна была добра асветленая, без блікаў.

Як пачынаецца ўзроставая макуладыстрафія?

Як правіла, хвароба не стартуе рэзка. Усё пачынаецца паступова. Спачатку з'яўляецца шэрая расплывістая пляма. На яе многія нават не звяртаюць увагі. Затым пры прагрэсаванні захворвання пляма павялічваецца ў памерах, а лініі малюнка «плывуць», прадметы могуць выцягвацца, прымаць мудрагелістую форму, парушаецца кантраснасць, успрыманне колераў. На ранніх этапах развіцця паталогіі вельмі часта чалавек можа скардзіцца на тое, што ён не можа чытаць. І ніякія акуляры не дапамагаюць. Няма такой якасці зроку, як было раней.

Узроставая макуладыстрафія. Як западозрыць.

Ці існуе лячэнне захворвання?

Самае галоўнае ў тэрапіі – своечасовы зварот па дапамогу. Цалкам вылечыць хваробу нельга, але можна затармазіць прагрэсаванне захворвання, тым самым значна палепшыць якасць жыцця. Лячэнне заключаецца ва ўвядзенні ў вока з дапамогай ін'екцый прэпаратаў (інгібітары VEGF), дзеянне якіх накіраванае на стабілізацыю паталагічнага працэсу.

Прачытаць пра ўзроставую макуладыстрафію можна яшчэ тут і тут.

Фота эксперта – Вольга Стружынская.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».