7 Кастрычніка
07.10.2020

Што завяжаш – не развяжаш. На Фёклу добра… гуляць вяселлі!

logo
Думкі ўслых
0 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Звычайна аматары цікавых супадзенняў, прыгожых лічбаў стараюцца ўсе знакавыя падзеі ў сваім жыцці прымеркаваць да адмысловых датаў. Напрыклад, згуляць вяселле 08.08., накіравацца ў вандроўку 10.10. А калі пасля штосьці ідзе не так, толькі ў здзіўленні разводзяць рукамі. Чаму?! Усё ж было зроблена па правілах…

Фёкла. Калі мы верым супадзенням, лічбам, а не прыкметам.

А вось нашыя продкі прыкмячалі, якія дні былі спрыяльнымі для пэўных дзеянняў. І веданне пра гэта перадавалі з пакаленне ў пакаленне. Прычым дні адбіралі не па супадзеннях, а па тых жа прыкметах, звязаных з ушанаваннем кагосьці са святых. Альбо, калі зазірнем яшчэ далей, у паганства (язычніцтва), – старажытных багоў.

І ў іх спрацоўвала! Дык чаму б і нам не паспрабаваць распланаваць штосьці такім чынам?! Толькі зараней трэба даведвацца аб прыкметах таго ці іншага дня. Бо, бывае, так хутка штосьці не арганізуеш…

Напрыклад, сёння, 7-га кастрычніка, у народным календары – Фёкла Запрадальніца. Людзі даўней верылі, што ўсё, што завяжацца на Фёклу, у далейшым не развяжацца. Таму і прымяркоўвалі да гэтага дня… вяселлі. Маўляў, ніхто не разлучыць жонку з мужам.

Фёкла. Традыцыі вяселля. Абрад звязвання рук.

Ну, і прасці ў гэты дзень таксама лічылася добрай справай. Нездарма ж Фёклу назвалі Запрадальніцай. Калі хаця б трохі пазаймацца прадзеннем, дык у далейшым гэтая справа ў ахвоту будзе, а не пад прымусам.

Наступная традыцыя – гэта збіраць на Фёклу буракі, варыць боршч і карміць ім усю сям’ю. Так што самы час прыгадаць пра карысць і шкоду (так-так!) гэтага, так бы мовіць, чырвонага супу.

Калі гэта борш класічны, што складаецца з мяса, буракоў, капусты, цыбулі, морквы, памідораў (таматнай пасты), пятрушкі, дык у ім ёсць вітаміны А, В, С, Е, H, магній і кальцый, амінакіслоты і клятчатка, хром, фосфар і яшчэ шмат-шмат усяго.

Фёкла. Час варыць боршч.

Таму ён наядны, павышае ўзровень гемаглабіну, паляпшае стан страўніка і папярэджвае запоры. Добра ператраўліваецца, выводзіць з арганізма таксіны, шлакі, цяжкія металы. Ачышчае кішэчнік, паляпшае мікрафлору, папярэджвае распаўсюджванне вольных радыкалаў.

Здаецца, еш борш з ранку да вечара ды здаравей! Але-але… Ён прыносіць больш шкоды, чым карысці пры язве, панкрэатыце і гастрыце, захворваннях печані і жоўцевага пузыра, супрацьпаказаны пры гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробе… Плюс калі ў вас алергія на пэўную гародніну, што ўваходзіць у склад баршчу… Так што, як заўсёды, прыслухоўваемся найперш да рэакцыі ўласнага арганізма.

А мы вяртаемся да Фёклы Запрадальніцы. Цікава, што ў нашых продкаў гэта быў чамусьці апошні дзень у годзе, калі ў лесе збіралі белыя грыбы – баравікі. А ў наш час гэта можа быць яшчэ і лістапад. І дзесьці нават пасля марозу.

Фёкла. Збіраем белыя грыбы.

Зрэшты, сёлета, на здзіўленне, не было традыцыйнага замаразку перад Днём настаўніка. Таму познія кветкі засталіся цэлымі і пайшлі ў букеты ды кампазіцыі. І грыбы ў лесе павінны быць яшчэ.

І калі даўней на Фёклу баравікі ўсё ж адшукваліся, дык іх у гэты ж дзень гатавалі і з’ядалі. Такое на сёння ідэальнае меню: боршч і бульба з баравікамі! 🙂 У каго-небудзь ёсць?! Тады мы ідзем да вас! 🙂

А што ж яшчэ трэба зрабіць сёння? Па-першае, паназіраць за світанкам і надвор’ем. Калі світанак ранні, а сонца яркае, значыць, хутка надвор’е зменіцца.

Па-другое, трэба пайсці ў лес і… злавіць вавёрку! Каб паглядзець, як жа яна сёлета ліняе… 🙂 Калі з хваста, значыць, зіма будзе вельмі халоднай. Затое калі на Фёклу грымоты, дык зіма будзе кароткай і цёплай. Калі ўвогуле яна будзе, тая зіма… У сваім звычайным выглядзе…

Фёкла. Назіраем, як ліняюць вавёркі.

А пакуль будзеце шукаць вавёрку, прыгледзьцеся да дубоў. Калі жалудоў шмат, значыць, зіма будзе цёплай, а лета парадуе ўраджаем збожжавых. Што тычыцца іншых дрэваў, дык калі лісце пажаўцела, але актыўна з дрэў не падае, дык маразоў у бліжэйшы час чакаць не варта.

Так што моцна штосьці завязваем на Фёклу – рэальна альбо віртуальна. І не забываемся планаваць важныя справы, звяраючыся з традыцыйнымі народнымі прыкметамі. А раптам і спрацуюць?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 24

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.