13 Жніўня
13.08.2020

Шукайце прычыну! Псіхатэрапеўт пра бяссонніцу і снатворныя сродкі + практыкаванні для сну

logo
Навiны
142 0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Многія сталыя людзі думаюць, што парушэнне сну непазбежнае ў іх узросце. Але гэта не так. З гадамі патрэба ў сне можа быць меншай, але бяссонніца і дрэнны сон ненатуральныя, таму нельга пакідаць іх без увагі. Гэта не значыць, што варта пастаянна прымаць снатворнае, аднак яго вельмі часта прапісваюць людзям, якія пакутуюць ад бяссонніцы.

Чым гэта небяспечнае і як справіцца па-іншаму? Сваім меркаваннем дзеліцца псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ, сябра Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Таццяна Раманоўская.психотерапевт Татьяна Романовская

Чым небяспечнае прызначэнне снатворных прэпаратаў сталым людзям?

Парушэнне сну – сур'ёзны сімптом захворванняў, прычым не толькі псіхічных, але і захворванняў печані, парушэння мазгавога кровазвароту і г.д. Таму, у першую чаргу, неабходна знайсці прычыну бяссонніцы. Бяздумнае прызначэнне снатворных (як правіла, прапісваюць запіклон) не вырашае праблему.

Запіклон дапамагае прыбраць сімптомы, але не лечыць хваробу, што прыводзіць да залежнасці, калі без снатворных чалавек ужо не можа заснуць. Гэта небяспечна, бо снатворныя пры працяглым прыёме пасля самі ж і парушаюць структуру сну. Сярод маіх пацыентаў нямала тых, хто стаў залежным ад запіклону. Пачынаюць з паловы таблеткі, а заканчваюць некалькімі, ажно да лятальнага зыходу ад перадазіроўкі. Залежнасць развіваецца таму, што не вырашаецца асноўная праблема.

Бяссонніца. Залежнасць ад лекаў.

Засынанне – гэта тармажэнне нервовай сістэмы. Калі чалавек замест уласных рэсурсаў выкарыстоўвае псіхатропны прэпарат, які штучна выклікае тармажэнне, нервовая сістэма адаптуецца да лекаў – і трэба павялічваць дозу. А калі лекаў няма, тады для седатыўнага эфекту тармажэння людзі пачынаюць звяртацца да іншых хімічных рэчываў: алкаголь, настойкі сардэчніку, глогу. Для нашай краіны асабліва характэрнае захапленне карвалолам, які змяшчае фенабарбітал – моцнае псіхатропнае рэчыва, што выклікае залежнасць.

Снатворнае – добры сродак для кароткачасовага курсу, калі чалавеку трэба выспацца, аднавіць сілы, але ніяк не для доўгачасовай тэрапіі.

Якая можа быць медыкаментозная альтэрнатыва?

У залежнасці ад прычынаў парушэнне сну можа быць асобным захворваннем, а можа, як я ўжо казала, быць сімптомам паталогіі ў арганізме.

Адна з самых частых прычын бяссонніцы ў сталым узросце, як ні дзіўна, гэта парушэнне рэжыму дня. Людзі выходзяць на пенсію, ім не трэба рана ўставаць, своечасова класціся – і яны да глыбокай ночы глядзяць серыялы. Скарачаецца і фізічная актыўнасць, што таксама ўплывае на сон.

Бяссонніца можа быць сімптомам дэменцыі, хваробы Альцгеймера, паражэння сасудаў галаўнога мозгу, напрыклад, атэрасклерозу.

Прычынай бываюць і трывожныя расстройствы, дэпрэсія.

Таму, калі сон парушаны ўжо як мінімум два тыдні, трэба абавязкова абследавацца: звярнуцца да тэрапеўта, здаць базавыя агульныя аналізы, наведаць неўролага, псіхатэрапеўта.

Важна запомніць, што парушэнне сну – гэта сур'ёзна. Без вады мы можам пражыць 5 сутак, без ежы – 40, без сну – не больш за тры дні. Калі парушаны сон, пакутуе імунная сістэма – і чалавек у большай ступені робіцца схільным да тых жа вірусных захворванняў, збіваецца праца сардэчна-сасудзістай сістэмы, а значыць, можа быць абвастрэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі і да т.п.

У мяне быў пацыент, у якога парушэнне сну было пачатковым сімптомам анкалагічнага захворвання. Гэта значыць, арганізм пагрузіўся ў стан трывогі задоўга да таго, як чалавек даведаўся пра свой дыягназ. Ён проста прыйшоў да псіхатэрапеўта са скаргамі на бяссонніцу. Так што нельга абясцэньваць гэтую праблему.

Бяссонніца. На прыём да псіхатэрапеўта.

Калі парушэнні сну выкліканыя трывожным расстройствам, дэпрэсіяй, дык прызначаюцца антыдэпрэсанты, якія паляпшаюць структуру сну. Таксама могуць прызначацца седатыўныя зборы траў, у склад якіх, як правіла, уваходзяць корань валяр'яны, рамонак аптэчны, мята, лаванда, мацярдушка, шалфей і г.д. У цяжкіх выпадках, пры ўстойлівым парушэнні сну, прызначаюцца нейралептыкі з седатыўным эфектам.

Калі бяссонніца – самастойнае захворванне, трэба звяртацца да самнолага.

Якія псіхатэрапеўтычныя тэхнікі, практыкаванні дапамагаюць справіцца з бяссонніцай?

Людзі, якія рэгулярна дрэнна спяць, губляюць навыкі засынання і расслаблення. Таму іх зноўку трэба навучаць. Для гэтага ёсць спецыяльныя практыкаванні.

Бывае, у людзей, якія дрэнна спяць, развіваецца страх бяссоніцы: чым больш чалавек хоча заснуць, тым цяжэй яму гэта зрабіць. Псіхатэрапеўт дапамагае пазбавіцца ад гэтага страху. У залежнасці ад прычыны парушэння сну прымяняюцца спецыяльныя тэхнікі: дыхальныя, трансавыя, нервова-мышачная рэлаксацыя – усё, што прыводзіць да зніжэння актыўнасці кары галаўнога мозгу.

Бяссонніца. Практыкаванні для сну.

Самае галоўнае – каб чалавек навучыўся засынаць зноў.

Эфектыўныя практыкаванні для сну

Вось некалькі практыкаванняў, якія дапамогуць расслабіцца:

  1. Вугалок. Легчы на спіну, падняць ногі ўверх і абаперціся імі аб сцяну. Паміж паднятымі нагамі і спіной павінен быць вугал у 90 градусаў. Затрымайцеся ў такім становішчы некалькі хвілін. Практыкаванне дапамагае палепшыць кровазварот, зняць напружанне і стомленасць, такім чынам, аказвае станоўчае ўздзеянне на якасць сну.
  2. Дыханне пад лічэнне. Павольна лічыце пра сябе да 10, пры гэтым на няцотны лік рабіце ўдых носам, на цотны – поўны выдых носам. Засяродзьцеся на рухах рэбраў. Уяўляйце, як паветра праз нос спускаецца ў горла, у лёгкія і выходзіць з іх назад. Для пачатку рэкамендуецца зрабіць 3-4 цыклы.
  3. Павольнае глыбокае дыханне. Плаўна і глыбока ўдыхніце праз нос. Першым надзімаецца жывот, потым пашыраецца грудная клетка, апошнімі прыўздымаюцца ключыцы. Затым гэтак жа плаўна і працягла выдыхніце. Пры выдыху спачатку апускаюцца ключыцы, затым рэбры, апошнім здзімаецца жывот. Гэта так званае поўнае дыханне, у якім удзельнічаюць усе органы і мышцы, якія маюць дачыненне да дыхання. Выконваць па 5-7 цыклаў.
  4. Ніжняе дыханне. Дыхайце толькі жыватом (так званае ніжняе дыханне). Жывот надзімаецца і здзімаецца, а рэбры пры гэтым не пашыраюцца. Засяродзьцеся на сваім дыханні і рабіце павольныя плаўныя ўдыхі і выдыхі носам, раздзімаючы і здзімаючы жывот. Выканайце 5-7 няхуткіх цыклаў.
  5. Выдых на 8. Лежачы на спіне, глыбока выдыхніце. Цяпер удыхніце носам, павольна лічачы пра сябе да 4. Затрымайце дыханне, далічыўшы да 7 (калі некамфортна, выдыхніце раней). Выдыхніце ротам на лік 8. Адпачніце і зрабіце яшчэ раз. Рэкамендуецца пачынаць з 2-3 паўтораў, дадаючы па 1 разу ў тыдзень, і давесці да 7-9 цыклаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

142 0 75

Журналіст
Наверх