06.02.2021
06.02.2021

Сіла, мацнейшая за грып, або Крыху брыдкая казка+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 90
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


У Новым Доме, у Новай Кватэры жылі-былі рэчы, якія нічога пра жыццё не ведалі. Адкуль, скажыце, веды тыя браць, калі ад моманту з’яўлення на розных фабрыках бачылі яны толькі ўпакоўку, што затуляла іх ад пашкоджанняў, і склады, на якіх рэчы захоўваліся. Таму, натуральна, Новыя Дзверы ў Новай Кватэры гатовыя былі не зачыняцца і пускаць якіх заўгодна наведвальнікаў. Добра, што хоць Замок, моцны прафесіянал, трохі разбіраўся ў парадках і дазваляў Дзвярам адчыняцца толькі тады, калі на тое была згода Гаспадара.

А Гаспадара Новай Кватэры звалі... Чакайце, як жа яго звалі? Цяляк? Ці Віляк? А можа, Каляк? Не-не, Хіляк! Дакладна, звалі яго Хіляк! Як можна было забыцца, бо чалавек той цалкам адпавядаў свайму прозвішчу! Невысокі і худы-худы, нават, можна сказаць, усохлы, бо смаліў, як паравоз, цыгарэтку за цыгарэткай. Яшчэ крукам сядзеў за камп’ютарам, таму быў трохі згорблены, і тырчэў перад тэлевізарам – таму быў крыху слепаваты. Хіляк, сапраўдны Хіляк! Аднак пра яго мы крыху пазней раскажам, а зараз паслухайце, што сёлета зімой учынілі Новыя Дзверы ў той Новай Кватэры.

Аднойчы прыйшоў да іх падазронага выгляду пан. Капялюш, паліто да самых пятаў, нагавіцы напрасаваныя, чаравікі блішчаць…

«У чым жа падазронасць? – можа запытаць кожны. – Хіба лепей было б, каб той чалавек без капелюша хадзіў і свяціў лысінай, калі лысы, ці матляў кудламі па ветры, калі валасаты?»

Не, справа, вядома, не ў капелюшы. І не ў наваксаваных чаравіках, хаця яны і вельмі падазрона блішчэлі, нібы імкнуліся як найхутчэй у давер кожнаму сустрэчнаму ўцерціся. Рэч у вачах таго пана. Яны бегалі. Добры чалавек глядзіць проста і адкрыта, а злавіць позірк гэтага суб’екта не было ніякай магчымасці. Новым Дзвярам гэта не спадабалася, але збіла з панталыку падабенства незнаёмца з Гаспадаром. Такі самы невысокі і сухенькі, выглядае на сваяка. Вось Дзверы і прыадчыніліся! Можна нават сказаць, ад задуменных разваг пра падабенства Гаспадара з Незнаёмцам, а не ад страчанай пільнасці, і прыадчыніліся ж зусім крышачку. Але гэтага было дастаткова, каб пан разам са сваім капелюшом, чаравікамі, адпрасаванымі нагавіцамі і паліто да самай падлогі шмыгнуў у кватэру і там ужо неяк дзіўна павітаўся.

«А-а-а-а-пчхі!»

Так-так! Не «Здароў!», не «Добры дзень!», не «Прывітанне!», а менавіта «А-а-а-а-пчхі!»

Замок, які быў задрамаў, ад чыху абудзіўся і ўгледзеў, што Дзверы ўпусцілі ў хату незнаёмца. Але ўжо позна праяўляць пільнасць – Замок не сабака, не пагоніцца і не ўкусіць. Ён толькі шчоўкнуў – і Дзверы шчыльна зачыніліся. Яны нават выгляд зрабілі, што, калі што якое, яны разам з Замком ні пры чым.

Але і Новыя Дзверы мы цяпер пакінем у спакоі. Яны, безумоўна, вінаватыя – не варта абы-каго ў хату без дазволу Гаспадара пускаць! Але галоўнае ў гэтай гісторыі ўсё адно тое, што падазроны тып сам абраў гэтыя Дзверы і ўсё адно знайшоў бы спосаб праз іх улезці.

А быў гэта, даражэнькія мае, вельмі гадкі пан. Ды вы яго ведаеце, а калі не ведаеце, дык, напэўна, чулі – ён апошнім часам часта па хатах цягаецца і так жыццё шчырым грамадзянам псуе і разладжвае, што злосць бярэ! А завуць гэтага пана Грып! Не Грыб, як вы падумалі, той – харошы чалавек, паважаны дантыст, ён зубы людзям лечыць. У гэтага Грыпа вочы заўжды чырвоныя і слязлівыя (таму і насоўвае ён капялюш на самыя вочы), і заўжды зялёныя смаркачы з носа да самай падлогі вісяць (таму і носіць ён палітон да пятаў). Вось-вось, вам ужо брыдка слухаць пра такога пана, а мне яшчэ горш, бо даводзіцца пра яго распавядаць!

Пан Грып, вядома, да розных людзей завітвае – не толькі да хілякоў, але і да мацакоў! Да мацакоў, праўда, нашмат радзей, але ўсё адно, калі дабіраецца, так з ног збівае, што людзі ледзь выжываюць!

Дык вось, гэты самы пан Грып апынуўся ў кватэры Хіляка. Як чыхнуў на яго – і ўсё: наш Хіляк з ног далоў і спёкся! Ляжыць, стогне. Стаў тэмпературу мераць – тэрмометр ад гарачыні лопнуў. Стаў «Хуткую» выклікаць – не едуць! Бач ты, пан Грып там трошкі раней пабываў і ўсіх урачоў зваліў высокай тэмпературай.

Што рабіць? Ляжыць Гаспадар ледзь жывы, не варушыцца, а рэчы радыя б дапамагчы, ды не ведаюць, як – мы ж казалі ўжо, усе чыста новыя, жыцця не нюхалі. Вось каб былі яны такія самыя спрактыкаваныя, як, скажам, рэчы ў кватэры пана Грыба, што дантыстам працуе (і, дарэчы, рэдка хварэе), яны б зараз цыбулі нарэзалі ды па хаце параскладалі, ці часнаку пачысцілі і далі б Гаспадару з’есці, ці хаця б хату добра праветрылі, бо той пан Грып надта свежага паветра баіцца.

Не, рэчы ў Новай Кватэры нічога такога не ведалі і таму моўчкі назіралі, як пакутуе іх Гаспадар. Але вось Шклянка адумалася першай. Хоць і была яна новай, але пераняла ад продкаў веды пра свае непасрэдныя абавязкі. І ў такіх надзвычайных абставінах скеміла Гаспадару вады падаць. А за Шклянкай ужо і Гарбатнік спахапіўся, чай з малінай запарыў, і Аптэчка, у якой розных горкіх пігулак знайшлося – і ад кашлю, і ад тэмпературы, і ад насмарку, – дапамогу прапанавала. Нашпігавалі ўсім, чым маглі, свайго Гаспадара, а пан Грып толькі пасміхаецца: голымі рукамі мяне не возьмеш! Я ўжо і да пігулак розных прывык – не баюся. А чай ваш з малінай мне – цьфу! – кампоцік!

Ну, толькі ніхто надта на яго зважаць не стаў. Выходжваюць рэчы свайго Гаспадара, стараюцца, Грыпа на змор бяруць. Урэшце, тэмпература ў пана Грыпа паменшылася, а пасля і зусім нармалізавалася, смаркачы зніклі, чыхі мінулі! А без усяго гэтага багацця пан Грып ужо не толькі не грып, але зусім і не пан. Змарнеў, вушы ў трубачку скруціліся. Дык ён бачком, бачком – і ўцякаць! Тут ужо Дзверы самі адчыніліся, ні хвілінкі не марудзілі! Строгі Замок на іх нават не сварыўся, наадварот – пахваліў.

Уцёк пан Грып – палепшала Гаспадару. Узрадваліся рэчы, налюбавацца на яго не могуць. Адно засмучае: Грып у злосці паабяцаў вярнуцца і яшчэ не такое ўчыніць у іх у хаце.

Ажно тут уключыўся Радыёпрыёмнік.

– Слухайце, – кажа, – праз мяне столькі цікавага і карыснага перадаюць. Пустога, канешне, таксама стае, але тут мне згадалася перадача пра здароўе. Вядучая казала, што найлепшая зброя ад грыпу – моцны імунітэт: то бок, здольнасць арганізма супрацьстаяць розным хваробам.

– Дзе ж дастаць таго імунітэту? – зашапталіся зацікаўлена рэчы.

– Ды ў кватэры яго не знойдзеш. Трэба больш на вуліцу хадзіць і на свежым паветры гімнастыкай займацца!

Вось яно што! Толькі як гэта Гаспадара з кватэры на вуліцу выпхнуць? Ён, як трошкі палепшала, зараз жа за камп’ютар, ад яго да тэлевізара – вось і ўсе прагулкі.

Узяліся тады рэчы выхоўваць свайго Гаспадара. Толькі ён да Камп’ютара – Крэсла на дыбкі і скіне яго! Камп’ютар адключаецца, Тэлевізар мігціць, Радыёпрыёмнік перашкоды ловіць і шуміць. Толькі Красоўкі, калі Гаспадар стаў іх абуваць, не працівіліся і вывелі-такі яго на двор! А там ужо паціху-патроху па скверы і пахадзілі, і пабегалі…

Адным словам, вярнуўся Гаспадар дадому нейкім іншым. Вочы блішчаць, шчокі пунсавеюць, настрой добры. Углядаюцца рэчы здзіўлена – зусім да сталага пана не падобны Гаспадар, а больш да гарэзлівага хлопчыка.

Так, сябры мае! Гэта і быў хлопчык, сямікласнік Пятро. Ягоныя бацькі адразу пасля пераезду ў Новую Кватэру ў камандзіроўку паехалі, а яго пакінулі за гаспадара. Пытанне, вядома, спрэчнае, ці можна дзяцей, хоць і не зусім малых, без нагляду пакідаць. Ну, але пра гэта як-небудзь іншым разам пагамонім. А рэчы ж нічога не ведалі, ім пасля Школьны Партфель усё як ёсць расказаў. Таму, выходзіць, пан Грып Пятра з аднаго чыху адолеў, што свету белага ён за камп’ютарам і тэлевізарам не бачыў, а яшчэ ўзяўся цыгарэткі смаліць – таму больш да старога быў падобны, чым да хлопчыка.

Але ў тым і фокус, што пасля добрай прагулкі спадабалася Пятру на вуліцы. Ён нават, як вясна надышла, стаў выходзіць у двор і ў футбол гуляць, раніцай бегаў, пасля запісаўся ў басейн. Словам, не пазнаць чалавека! Плечы выпрасталіся, твар здароўем патыхае. За камп’ютарам сядзіць мала, тэлевізар уключае рэдка. Ну і, канешне, паліць кінуў – не пасуе гэта яго новаму ладу жыцця.

Бацькі дадому вярнуліся – не нацешацца з сына! А пан Грып прыходзіў яшчэ недзе праз год, як і пагражаў. Дзверы, ужо жыццём навучаныя, не хацелі яго пускаць. Дык ён у маленькую драбінку перакінуўся, узлез маме на каўнер паліто – і такім чынам у кватэру трапіў.

І чыхаў ён на Пятра, і смаркачы свае брыдкія распускаў, і тэмпературу на хлопца наганяў – не паддаецца, і ўсё тут!

Давялося пану Грыпу ганебна ад Пятра ўцякаць: значыцца, сілу хлопец займеў, мацнейшую за Грып!

Чакайце-чакайце, мы ж зусім сказаць забыліся: прозвішча таго Пятра зусім не Хіляк было. Гэта яго мянушка, бо хадзіў, як заморак. А прозвішча яго… Ат, не важна! Важна, што Хіляком яго цяпер ніхто дакладна не кліча.

А калі вы таксама не хочаце быць хілякамі, а да таго ж, не любіце рознай брыдоты кшталту зялёных смаркачоў, паспрабуйце зрабіць, як Пятро.

Дачытайце казку – і гайда на свежае паветра!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 90

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця