04.01.2019
04.01.2019

Сіндром хранічнай… нявыхаванасці?!

logo
Думкі ўслых
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штодзённыя паездкі ў маршрутках на працу і з працы – крыніца невычарпальных назіранняў за людзьмі і іх паводзінамі, ці не так?! Ды і ў іншым грамадскім транспарце таксама. Але ў міжгародніх маршрутках уражанняў усё ж больш. Бо калі ў метро цягам некалькіх станцый дзясяткі чалавек пры наяўнасці вольных месцаў у вагоне будуць стаяць, дык тут… Як кажуць, без варыянтаў.

Усе мы стамляемся за дзень, вядома ж. І, бывае, пачуваемся да вечара ўжо не надта. Што людзі сталыя, што – сярэдняга ўзросту. А цяпер яшчэ часцяком і моладзь. І не толькі студэнты, але і школьнікі. Зноў-такі, светлавы дзень кароткі, сонейка нас пакуль што не дужа радуе сваім рэгулярным з’яўленнем… Дык тут нам і адсутнасць настрою, які трэба старацца ствараць самім, і дрэннае самаадчуванне… Але ж здавацца-то ўсё роўна не варта! Гэтак жа, як і не забывацца на іншых. Каму, можа, яшчэ горш за нас.

«Магчыма, у мяне ўжо сіндром хранічнай стомленасці?!» – раз-пораз з’яўляецца ў галаве думка. Хаця вучоныя і медыкі сцвярджаюць: не трэба блытаць гэтае захворванне, дыягназ па якому ставяць у Велікабрытаніі, ЗША і Японіі, са звычайнай разумовай і фізічнай стомленасцю, што назіраецца ў нас. А значыць, усё можна паправіць паўнавартасным сном, заняткамі спортам, прагулкамі, правільным харчаваннем…

А вось ад сіндрому хранічнай нявыхаванасці, як я гэта вызначаю, усё пералічанае, на жаль, не дапаможа.

Выхаванасць – катэгорыя такая… Альбо была закладзена ў дзіцячым садку, школе і сям’і, альбо не. Прымусова не выправіш, мабыць. Ці можна? Як вы лічыце?

…Пасля таго, як наш маршрутчык, які арганізоўвае масавыя рэйсы з Чэрвеня ў Мінск і назад, прыняў некалькі не дужа зручных для пасажыраў рашэнняў, на месцы пасадкі (і гэта не аўтастанцыя!) зараз ніякай чаргі не назіраецца. Некантралюемы натоўп! Хто першы ўлезе. Паколькі не маю прывычкі распіхваць усіх, часцяком прапускаю некалькі машын. А паколькі маразы ўжо ўзмацняюцца… І ад халодных ног варобы абвастраюцца…

Літаральна ўчора, счакаўшы на холадзе амаль паўгадзіны, заходжу ў другую па ліку маршрутку – ехаць 50 хвілін стоячы. Больш варыянтаў няма. Не мерзнуць жа далей… Напіхалася нас, як селядцоў у бочку. А ля метро яшчэ ўхітрылася запіхнуцца два… «селядцы». З адным, мужчынам ва ўзросце, штораніцы едзем у адной маршрутцы на Мінск. У яго нейкі хранічны кашаль.

Слабая надзея на тое, што на сярэдзіне дарогі на прыпынку ў Смілавічах некалькі чалавек выйдзе, знікае практычна адразу ж пры пад’ездзе туды. Выходзіць толькі адзін чалавек. Затое акурат каля нас. Першая думка: плюхнуцца на вызваленае месца, хутчэй-хутчэй! Пашанцавала ж! Тым больш, што і мужчына той, бачачы мае ваганні, прапаноўвае: «Сядайце!» Але ж я разумею, што яму, мабыць, горш, чым мне. «Сядайце вы!» – кажу.

І пакуль мы гэтак «усаджваем» адно аднаго (ад сілы – секунд 6-7), міма мяне праціскваецца дзяўчо, на выгляд студэнтка, і спакойна садзіцца. Усё, праблема вырашана. А мы далей едзем стоячы яшчэ дзесьці паўгадзіны. І нічога! Жывыя…

Адваротны прыклад назірала за гэты час толькі аднойчы. Але памятаецца ён і зараз. Калі мужчына, які садзіўся ў маршрутку ўжо за Чэрвенем у пасёлку Сельгастэхніка, каб ехаць да Мінска, саступіў месца жанчыне, што зайшла ў бліжэйшай вёсцы! Бывае, але так ужо рэдка… Бо ўсе мы стомленыя, атрымліваецца, з самай раніцы… Хаця, вельмі спадзяюся, і не хворыя на тую загадкавую хваробу. На іншую толькі…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".