07.05.2021
07.05.2021

«Палкоўнікі» ўжо не ў трэндзе. Бяры вышэй: «амерыканскія ўрачы»!

logo
Думкі ўслых
0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А да вас стукаўся калі ў сябры ў сацыяльных сетках… амерыканскі палкоўнік? Асыпаў кампліментамі, прызнаваўся ў каханні, хацеў звязаць з вамі лёс… Затым прасіў грошай на тое, тое і тое, а атрымаўшы іх, бясследна знікаў… І вы, плачучы, думалі, што з вамі не так. Ды з вамі ўсё – ТАК! Не так – з інтэрнэт-махлярамі.

Зрэшты, зараз, як аказалася, «палкоўнікі» ўжо не ў трэндзе. З’явіліся «амерыканскія ўрачы» з місіяй у Сірыі! Мілыя спадарыні, будзьце абачлівымі!

Скамеры. Што павінна насцярожыць пры знаёмстве ў сеціве.

У кожнай сацыяльнай сетцы, у кожным мэсэнджары, на жаль, водзяцца ашуканцы. Гэта не значыць, што трэба падазраваць кожнага новага знаёмцу. Але ёсць досыць тыповыя прыклады, пра якія ведаць трэба. Хаця пра іх ужо столькі напісана, але на іх вуду жанчыны трапляюцца ўсё роўна.

«Прывітанне! Я адтуль і адтуль, з ЗША, а ты? Я – амерыканскі ўрач, зараз знаходжуся з місіяй у Сірыі. Нам тут забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі». Так пачыналіся мае нядаўнія стасункі з «амерыканцам» з немудрагелістым такім імем і прозвішчам – Скот Вільямс (Scott Williams).

Хто яго ведае, чаму я раптам пагадзілася дадаць яго ў сябры па запыце. Магчыма, фотка спадабалася. Але, зразумела ж, не яго. І пра гэта трэба памятаць з самага пачатку. Што імя, прозвішча, фотка, біяграфія – усё фальшывае. У скамераў.

Скамеры. Фальшывыя імёны, фота.

А што пра іх паведамляецца ў Вікіпедыі?

«Скамер (англ. scam, махлярства, махляр, жулік) – махляр, які атрымлівае асабістыя звесткі пра карыстальнікаў з мэтай іх выкарыстання ў карыслівых мэтах. Узнікненне з'явы адносіцца да 80-х гадоў XX стагоддзя і вядомае пад назвай «Нігерыйскія лісты», якія рассылаліся напачатку па звычайнай пошце».

А цяпер бліжэй да нашай тэмы:

«Скамеры – гэта ашуканцы, якія збіраюць на сайтах знаёмстваў і ў сацыяльных сетках кантактныя дадзеныя людзей, звычайна адзінокіх жанчын, з мэтай наступнага падману і разводу на грошы.

Што ж робяць скамеры? Ствараюць прывабную анкету адзінокага і забяспечанага мужчыны, бізнесмэна і рамантыка. Змяшчаюць туды фота з дарогай машынай альбо яхтай, з мілымі котачкамі, сабачкамі альбо коньмі, пішуць прыгожыя словы пра тое, якія яны добрыя, разумныя, добрыя, забяспечаныя але вельмі адзінокія...»

Скамеры. Якія фота павінны насцярожыць.

Калі да вас «стукаецца» прывабны мужчына з замежжа, не палянуйцеся зайсці да яго на старонку. Што павінна насцярожыць? Ніводнага сябра. Адзін альбо пару фотаздымкаў. Практычна пустая стужка. Зразумела, што акаунт новы. І прычына накшталт: «Я развёўся пяць гадоў таму (варыянт – мая жонка памерла) і з таго часу не быў у сацыяльных сетках» тут не каціць зусім.

Але ж раптам ён усё ж сапраўдны? Хочацца, праўда, каб вы сталі выключэннем? Ну што ж, пачынаем стасавацца шляхам перапіскі, але адразу ж звяртаем увагу на нестыкоўкі.

Я ж пасля абавязковых пытанняў «замужам-не замужам», «дзеці» і г.д. і атрыманнем інфы, што перада мной – амерыканскі ўрач, які зараз знаходзіцца ў складзе місіі ў Сірыі, вырашыла выводзіць Скота-скамера на чыстую ваду праўдай акурат «у лоб»!

Скамеры. Выводзім на чыстую ваду ў перапісцы.

Я яму:

– Ты скамер!

Ён:

– Ды не! Я толькі чуў такія гісторыі.

Я яму:

– Фэйк!

Ён:

– Ды я рэальны!

– А чым дакажаш?!

– Ну як табе даказаць?! Я ж сам сябе не падманваю.

Ага, сябе, можа, і не, а мяне…

Я:

– На чым ты зараз набіраеш тэкст?!

Ён:

– На камп’ютары, вядома ж. А да чаго гэтае пытанне?

Увага, мілыя спадарыні! Пабольш нестандартных пытанняў, а не толькі «мур-мур-мур»! У скамераў звычайна мора стандартных загатовак. Таму складваецца ўражанне, што яны сапраўды адказваюць менавіта вам, ды яшчэ так хутка і вельмі грунтоўна.

А насамрэч разам з вамі ён перапісваецца яшчэ з некалькімі жанчынамі – адначасова. Ну мы ж бываем такімі прадказальнымі ў стасунках… Па імені не называе – яшчэ адна прыкмета скамера! Заблытацца баіцца…

Скамеры. Прыкметы скамераў.

Я:

– ОК! Значыць, мабільнік вольны? Робім сэлфі з гэтай перапіскай і дасылаем мне фота.

О-о-о-о, круціўся, як уюн на патэльні! І мабільнікі ім нельга, толькі для стасункаў з калегамі і начальствам. А я што – тэлефанаваць прашу?! Фотку зрабіць. Выкарыстоўваем толькі камеру!

І – раз! – спасылку яму на жывенькі такі матэрыял з інтэрнэту пра скамераў і ў тым ліку – амерыканскіх палкоўнікаў. Рэакцыя субяседніка: «А навошта яны так робяць? Я-то чуў пра гэта… Не-не-не, я рэальны…»

Стасуемся далей. А табе не час заняцца прамымі службовымі абавязкамі, Скот Вільямс?!

І – два! – яшчэ адну яму спасылку на матэрыял. На гэты раз – канкрэтна пра «амерыканскіх урачоў з місіяй у Сірыі». А ў адказ – цішыня…

Скамеры. Як выбіць скамера.

Але самае цікавае адбылося ўвечары, калі на ФБ я зайшла з мабільнага. А там у перапісцы – ха-ха! У Скота спрэс – даслана з мабільнай прылады!

Дык, кажаш, доктар? У Сірыі? І без мабільнага? З камп’ютара пішаш?! Ну-ну…

І – тры! – яму скрыншот з мабільнага. А ён… САМАЛІКВІДАВАЎСЯ!

«Yes! – пішу я сяброўцы. – Я яго выбіла меней чым за паўдня!» І цяпер думаю… Можа, мне зрабіць гэта сваім хобі? Ну столькі ж жанчын падманваюць…

А літаральна на наступны дзень… Наступны разведзены стукаецца! Ці гэта той жа самы? Прозвішча, праўда, складаней: Kendrik Adrian Wilson. Чамусьці вельмі захацелася дадаць: Трэці! Не-не, няма мне часу скамераў выбіваць з гульні штодня. У бан! Адразу – у бан! Займуся пятым ці дзясятым… Можа быць…

Скамеры. Як не паддацца.

Удалых і прыемных вам стасункаў, мілыя спадарыні! З рэальнымі мужчынамі і лепей – у рэале. А калі ўсё ж віртуальныя… Памятайце: якімі б прыгожымі, цудоўнымі, разумнымі і добрымі вы б ні былі, шанц сустрэць у сеціве вось такое «амерыканска-сірыйскае» сапраўднае каханне з першага погляду і на ўсё жыццё – адзін на мільён. Можа, ён і ваш. Але… Шанц – адзін, а нас, жанчын, – мільёны!

І добра, калі такія стасункі закончацца толькі разбітым сэрцам. Хаця нічога добрага, вядома ж, у гэтым няма. Горш – калі вы ўсё ж неабачліва развітаецеся з усімі сваімі грашыма, якія так патрэбныя вашаму далёкаму замежнаму каханаму, а то і з уласнай кватэрай. Ніводны «амерыканскі ўрач з місіяй у Сірыі» не варты такіх ахвяраў…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 44

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".