16.09.2022
16.09.2022

Скарбніца ведаў. Гісторыя і лёс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі 15 верасня адзначаюць Дзень бібліятэк. Гэтае свята штогод праходзіць у дзень заснавання галоўнага кніжнага сховішча краіны — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў.

Акрамя таго, што Нацыянальная бібліятэка сёння з’яўляецца сімвалам Беларусі, яе гісторыя заслугоўвае ўвагі і выклікае цікавасць.

Сённяшняя бібліятэка — гэта не толькі паліцы з кнігамі, а хутчэй аб'яднанне розных устаноў у адной прасторы. Тут і адукацыйны цэнтр, і выставачная зала, і прастора для грамадскіх ініцыятыў, і месца цікавых сустрэч.

Гістарычныя факты

Бібліятэка БССР

Нацыянальная бібліятэка была заснавана Пастановай Савета народных камісараў БССР ад 15 верасня 1922 года як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Першым уласным будынкам бібліятэкі стаў Юбілейны дом на Савецкай вуліцы (цяпер пр. Незалежнасці). У 1932 годзе яна была рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку БССР з прысваеннем ёй імя Леніна.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі налічваў каля 2 мільёнаў экзэмпляраў.

Па колькасці і каштоўнасці выданняў бібліятэка ім. Леніна была сёмай у Савецкім Саюзе і ўваходзіла ў трыццатку лепшых бібліятэк свету.

Аднак падчас вайны фашысты знішчылі значную частку фонду, а найбольш каштоўныя калекцыі вывезлі ў Германію, сярод іх унікальныя выданні: сем кніг «Бібліі» Францыска Скарыны, першае выданне Статута ВКЛ, рукапісы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Згарэла ўнікальная мэбля, будынак рэзервовага сховішча.

Калі Мінск быў вызвалены, пачалося адраджэнне бібліятэкі, якое ўзначаліў яе першы дырэктар Іосіф Сіманоўскі. Пасля вайны кропля за кропляй збіраліся бібліятэчныя фонды, нанава стваралася беларуская скарбніца ведаў.

З вясны 1945 года пачаўся сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі. У 1947 годзе фонды бібліятэкі былі колькасна адноўлены і дасягнулі даваеннага ўзроўню, хоць многія прарэхі ў іх не ўдалося запоўніць да гэтага часу. Да 1949 года аднавілі працу ўсе аддзелы бібліятэкі.

Нацыянальная бібліяіэка Беларусі 3

У 1962 годзе бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў на час вырашыць праблему недахопу месцаў для працы чытачоў і захоўванні фондаў.

Трансфармацыя і сучаснасць

Нацыянальная бібліяэка 4

У 1992 годзе, ужо ў суверэннай дзяржаве, бібліятэка атрымала новую назву — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. З цягам часу фонды значна павялічыліся, таму ўзнікла неабходнасць узвядзення больш маштабнага і сучаснага будынка. У сакавіку 2002 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”».

Тэрыторыю пад будынак выбралі на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці, каб прыгажосць библіятэкі адкрывалася агляду з усіх бакоў горада. Галоўнымі архітэктарамі сталі Міхаіл Вінаградаў і Віктар Крамарэнка. У лістападзе 2002 года быў закладзены падмурак скарбніцы ведаў.

Нацыянальная бібліятэка 6

Намаганнямі беларускіх архітэктараў была прыдумана высоўная канструкцыя апалубачнай сістэмы, якая мацавалася за зрэз ніжняга паверха і дазваляла весці бетанаванне верхніх ярусаў. Спецыяльна распрацавалі і марку звышцякучага бетону. Мастакі, скульптары, дызайнеры працавалі над тым, каб «алмаз ведаў» стаў зборам твораў мастацтва.

Свае дзверы новы будынак расхінуў для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006-га года. Футурыстычны будынак, які нагадвае сваёй формай каштоўны камень, змясціў у сябе Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоваў, інжынерна-тэхнічныя памяшканні, фондасховішча, сацыякультурны цэнтр, а таксама 18 чытальных залаў, здольных адначасова прыняць больш за 2000 наведвальнікаў.

Нацыянальная бібліятэка 7

У фондах захоўваецца больш за 10 мільёнаў дакументаў рознага тыпу і часу. Ёсць сярод іх і сапраўдныя духоўныя скарбы: арыгіналы выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны, звыш 90 тысяч старадрукаваных і рукапісных кніг, сярод якіх — усходнія рукапісы XIV стагоддзя.

На плошчы перад галоўным уваходам у бібліятэку ўсталяваны помнік асветніку Францішку Скарыну. Галоўны ўваход сімвалічна выкананы ў выглядзе раскрытай кнігі з выявамі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства, а таксама словамі з Бібліі Францыска Скарыны «Каб быў дасканалым Божы чалавек» на 19 мовах свету. У афармленні інтэр'ера бібліятэкі выкарыстаны творы сучасных беларускіх мастакоў, скульптараў.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі 8

Акрамя карыстання літаратурай на базе структуры, Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе чытачам карыстацца сваімі віртуальнымі сэрвісамі. Базы даных рознай тэматыкі адкрываюць доступ да падборак электронных бібліятэк, архіваў, анлайн-энцыклапедый і пошукавых сістэм з усяго свету. «Віртуальная чытальная зала» забяспечвае выдаленым карыстальнікам доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў.

У бібліятэцы падумалі і аб малодшым пакаленні, бо чытача трэба выгадаваць, і дапамагчы адчуць каханне да кнігі. Тут працуе дзіцячы пакой, дзе пад наглядам прафесійных педагогаў-псіхолагаў бацькі-чытачы могуць пакінуць дзіця. Акрамя таго, распрацаваны экскурсійныя праграмы, разлічаныя на падлеткаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама