12.05.2017
12.05.2017

Скрынінг — шанец на жыццё без раку

logo
Здароўе дарослых
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Няма сэнсу адмаўляць відавочнае: рак дагэтуль ва ўяўленні большасці людзей застаецца хваробай, раўназначнай пачатку канца. Гэта перадузятасць з паўвекавой гісторыяй, калі айчынная анкалогія як навука толькі зараджалася. У той час, як навукоўцы былі ў пошуку найбольш эфектыўных спосабаў лячэння рака, высілкі дактароў у большасці выпадкаў зводзіліся да таго, каб максімальна падоўжыць жыццё пацыента. Цяпер сітуацыя ў дыягностыцы і лячэнні анкалагічных захворванняў кардынальна змянілася.

Так, рак па-ранейшаму застаецца захворваннем з кепскім прагнозам. Але толькі ў тым выпадку, калі хвароба выяўлена ў запушчанай стадыі. І наадварот, чым раней дыягнаставаная пухліна, тым вышэйшая верагоднасць поўнага вылечвання або ўстойлівай рэмісіі на доўгія гады. Менавіта таму скрынінгу раку надаецца асаблівае значэнне.

Неабходнасць і мэтазгоднасць правядзення прафілактычных абследаванняў з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў з'яўляецца адным з ключавых момантаў дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016–2020 гады.

Слушна задалі тры галоўныя пытанні пра скрынінг раку намесніку дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава, доктару медыцынскіх навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі Сяргею Краснаму.

Гэта трэба ўсім нам!

Прафілактыка анкалогіі

Прафілактыка анкалогіі

Скрынінг — гэта масавыя прафілактычныя абследаванні сярод людзей пэўнай катэгорыі.

Мэта скрынінгу — выяўленне злаякасных анкалагічных новаўтварэнняў на ранняй стадыі развіцця (нулявой і першай). Пры скрынінгу коларэктальнага раку і раку шыйкі маткі ў значнай колькасці выпадкаў развіццё злаякасных пухлін увогуле ўдаецца перадухіліць.

Прынцыповае адрозненне скрынінгу ад ранняй дыягностыкі заключаецца ў тым, што прафілактычныя абследаванні ініцыяваныя ўрачамі і рэкамендаваныя ўсім, у каго няма відавочных скаргаў на самаадчуванне.

Асаблівасць развіцця анкалагічных захворванняў якраз у тым, што на ранніх стадыях хвароба працякае бессімптомна. Але менавіта ў гэты час праведзенае лячэнне з'яўляецца практычна 100-працэнтным гарантам поўнага выздараўлення.

Навукова пацверджана эфектыўнасць чатырох скрынінгавых праграм: раку малочнай залозы, раку прастаты, каларэктальнага раку, раку шыйкі маткі.

Асноўным індыкатарам эфектыўнасці служыць паказчык зніжэння смяротнасці ад названых анкалагічных захворванняў, у першую чаргу дзякуючы іх ранняму выяўленню.

Тры галоўныя пытанні пра скрынінг раку

адказваем на пытанні пра скрынінг раку

1. Якія перспектывы разгортвае ўкараненне поўнамаштабнага скрынінгу?

Сяргей Красны:

— У першую чаргу выяўленне перадпухлінных станаў і анкалагічных захворванняў на ранняй стадыі развіцця, вядома, адаб'ецца на істотным зніжэнні смяротнасці ад раку. Гэта не толькі паўплывае на эфектыўнасць лячэння і шанцы поўнага выздараўлення канкрэтнага пацыента, але і ў цэлым зменіць статыстыку. Мяркуйце самі: рак малочнай залозы, рак прастаты, каларэктальны рак — пухліны, якія найбольш часта выяўляюцца ў мужчын і жанчын. Адпаведна, калі мы знізім смяротнасць па гэтых захворваннях, то і статыстыка смяротнасці ад раку ў цэлым знізіцца.

З іншага боку, трэба быць гатовым да таго, што ў першы час пасля паўсюднага ўкаранення скрынінгу мы атрымаем рэзкае павелічэнне выпадкаў выяўлення злаякасных пухлін. У прынцыпе нашы ўрачы-анколагі да гэтага гатовыя. Навуковая і клінічная база, тэхнічнае абсталяванне, кадравы патэнцыял у стане справіцца нават з такой нагрузкай. Аднак гаворка не ідзе пра тое, што давядзецца лячыць пагалоўна ўсіх, у каго будзе дыягнаставана захворванне. Напрыклад, пры раку прастаты, калі пухліна нязначная, не ўплывае на агульнае самаадчуванне і здароўе чалавека, няма ніякіх прыкмет таго, што хвароба будзе прагрэсіраваць, пацыенту паказанае толькі назіранне.

Другі важны момант, які мы маем права чакаць — гэта развіццё малаінвазіўнай хірургіі ў лячэнні ракавых пухлін. Ужо зараз, на нашых вачах, яна развіваецца і ўдасканальваецца проста гіганцкімі тэмпамі. Паколькі рэалізацыя скрынінгавых праграм адназначна дапаможа выяўляць лакалізаваныя формы пухлін, у нас з'явіцца яшчэ больш магчымасцяў праводзіць малатраўматычныя лапараскапічныя і органазберагаючыя аперацыі, што з'яўляецца, напрыклад, вельмі важным для пацыентак з ракам грудзей або з ракам шыйкі маткі. Навошта, скажам, выдаляць ўсю малочную залозу, калі пухліна 0,5 см у дыяметры? Па сутнасці, гэта мінімальнае хірургічнае ўмяшанне, якое можна праводзіць амбулаторна, і жанчына ўжо праз пару дзён будзе здаровая. Гэта рэальнасць!

Онколог

2. Над якімі новымі скрынінгавымі методыкамі зараз працуюць нашы анколагі?

Сяргей Красны:

— У бліжэйшы час мы плануем змяніць методыку скрынінгу раку шыйкі маткі. Будзе набыта адпаведнае абсталяванне, якое дазволіць прымяняць новыя метады вадкаснай цыталогіі. Яны больш інфарматыўныя і дакладныя для ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў. У Еўропе яны на ўсю моц выкарыстоўваюцца.

Сёлета плануем пачаць у Мінскім раёне пілотны праект па скрынінгу раку лёгкага. На дадзены момант гэтая паталогія з'яўляецца вядучай па ўзроўні смяротнасці. У першую чаргу таму, што ў нас пакуль няма адназначна эфектыўных методык па раннім выяўленні раку лёгкага. Безумоўна, калі б маглі ўсіх курцоў прымусіць кінуць паліць, гэта было б самым эфектыўным спосабам знізіць смяротнасць. Але, на жаль, гэта за мяжой рэальнага. Таму распрацаваны праект скрынінгу па выкарыстанні нізкадозавай кампутарнай тамаграфіі для курцоў, каб выявіць у іх невялікія пухліны 1–2 см у дыяметры. У гэтым выпадку вынікі лячэння зусім іншыя.

Аналагічнае даследаванне было праведзена ў асобных рэгіёнах ЗША і паказала высокі эфект. Але, на жаль, абследаванне патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў, і казаць пра ўкараненне скрынінгу на ўсёй тэрыторыі нашай краіны заўчасна. Таму пакуль будзем шукаць кампраміс паміж коштам і эфектыўнасцю.

Онкология

3. Здаецца, справа засталася за малым: прыцягнуць людзей, пераканаць іх у тым, што скрынінг раку — гэта, уласна, у іх жа інтарэсах. Але ў нас як прынята лічыць? Не будзі ліха, пакуль ціха. Ведаеце, што рабіць?

Сяргей Красны:

— Цалкам. Укараненне скрынінгавых праграм пачалося не ўчора, а гадоў 5 таму, скрынінгу раку прастаты нават раней — з 2007 года. За гэты час мы выпрацавалі ўжо некаторыя метады прыцягнення насельніцтва да масавага скрынінгу, у нас з'явіліся прыхільнікі і памочнікі ў гэтай справе.

Безумоўна, пэўную стаўку анколагі робяць на СМІ. Тут ёсць толькі адно пажаданне: каб перыядычныя выданні ўспаміналі пра актуальнасць праблемы не толькі ў дні акцый здароўя і барацьбы супраць раку, а пастаянна. Па-першае, гэта пазбавіць усіх ад залішняй істэрыі ў «знакавыя» дні. Па-другое, у людзей будзе больш ведаў пра хваробу, спосабы яе прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Адпаведна, і стаўленне будзе больш спакойным і асэнсаваным.

Выдатна сябе зарэкамендавала практыка ўкаранення скрынінгу на буйных прадпрыемствах. У якасці прыкладу магу прывесці ААТ "Беларуськалій". Там аналіз крыві на ПСА, як адзін з этапаў скрынінгу рака прастаты, быў уключаны ў стандарты прафагляд. Усе мужчыны адпаведнага ўзросту здаюць там гэты аналіз.

Інфармаванне аб скрынінгу раку праз участковых тэрапеўтаў, размяшчэнне інфармацыі ў «жыроўках», правядзенне разнастайных акцый і дзён «адчыненых дзвярэй» — метады, якія, безумоўна, даюць вынікі. А ведаеце, што апынулася самым эфектыўным, каб прыцягнуць мужчын да аналізу крыві на ПСА? (усміхаецца - прым. аўт.) Расказаць іх жонкам у жаночых кансультацыях пра тое, што такое прастат-спецыфічны антыген і навошта трэба кантраляваць яго ўзровень у крыві. Чаму б і не? Добры любы спосаб прыцягнення ўвагі да праблемы, калі ён працуе. І, вядома, хочацца спадзявацца, што мы, нарэшце, дарасцём да таго, што клопат пра ўласнае здароўе і даўгалецце стане прыярытэтнай задачай найперш для саміх людзей, а потым ужо дактароў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».