21.08.2017
21.08.2017

Схаваная пагроза. Адэноіды: прычыны і сімптомы

logo
Хваробы ад А да Я
3 155
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

За адэноідамі даўно замацавалася кепская слава. Іх лічаць галоўнымі віноўнікамі пастаянных прастуд, насмарку і закладзенасці носа. Сам факт наяўнасці адэноідаў не можа пакінуць абыякавым ні аднаго з бацькоў. Таму што «б'юць» яны па тых, хто асабліва дарагі, – дзецям.

Хоць, калі разабрацца, не такія страшныя адэноіды, як пра іх кажуць. Яны сапраўды могуць прывесці да непажаданых для здароўя наступстваў, але толькі калі закрываць вочы на праблему. І наадварот. Пры правільным падыходзе перыяд «актыўнасці» адэноідаў можа прайсці фактычна незаўважаным. Гэтак жа непрыкметна, як пасля яны атрафіруюцца, нібы іх ніколі і не было.

Але пра ўсё па парадку. Разабрацца ў пытанні Слушна дапамог урач-атарыналарынголаг вышэйшай катэгорыі, намеснік галоўнага ўрача 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы г. Мінска Алег Мазанік.

Што такое адэноіды і чаму яны «растуць»

У арганізме кожнага чалавека ёсць лімфоідная тканка, элементы якой лакалізуюцца ў розных органах і сістэмах. На ўзроўні глоткі яна фарміруе, так званае, лімфоіднае глотачнае кола.Лімфоідная тканка ёсць у насаглотцы (гэта значыць, у задніх аддзелах поласці носа), у ратаглотцы (г.зн. у роце) і ў гартанаглотцы (гэта значыць, у ніжніх аддзелах глоткі). У некаторых месцах элементы лімфоіднай тканкі групіруюцца ў выглядзе асобнага органа. У ратаглотцы – звыклыя і бачныя няўзброеным вокам паднябенныя міндаліны ці, прасцей кажучы, гланды. А ў насаглотцы – у глотачные міндаліны, якія можа ўбачыць толькі лор-урач пры дапамозе адмысловага прыстасавання.

Павялічаная і пастаянна (хранічна) чырвоная глотачная міндаліна і называецца адэноідамі.

Алег Мазанік:

— Адэноіды – не хвароба, што ўзнікае раптоўна і ніадкуль. Гэта стан насаглоткі ў дзіцяці. Насамрэч, асноўная функцыя лімфоіднага глотачнага кола заключаецца ў фарміраванні мясцовага імунітэту. І па задумцы прыроды глотачная міндаліна з'яўляецца зонай першага кантакту арганізма з інфекцыяй. Арганізм рэагуе на «ўварванне» запаленчым працэсам у глотачнай міндаліне, на працягу якога фарміруецца імунітэт і абарона ад гэтага ўзбуджальніка.

Такім чынам, рэгулярнае рэінфіцыраванне і запаленне глотачнай міндаліны – гэта натуральны працэс, які патрэбны арганізму дзіцяці для фарміравання імунітэту і ўстойлівасці да асноўных распаўсюджаных узбуджальнікаў захворванняў.

Але перыядычна імунны адказ дае збой: адэноіды павялічваюцца ў аб'ёме, ацякаюць, сакрэтуюць слізь, у іх развіваецца гнойны працэс. Такі стан завецца адэнаідытам і патрабуе лячэння, таму што сам арганізм не ў стане справіцца з запаленчым працэсам.

Алег Мазанік:

— Часам адэноіды павялічваюцца ў аб'ёме да такой ступені, што прыводзяць да цяжкага насавога дыхання. Тады і з'яўляюцца скаргі на пастаянную закладзенасць носа, доўгія насмаркі, што цяжка паддаюцца лячэнню. Як правіла, глотачныя міндаліны актывізуюцца, калі дзіця пакідае звыклае хатняе асяроддзе і пашырае кантакты. Напрыклад, ідзе ў сад. Узрост ад 1,5 да 3 гадоў – той перыяд, калі «ўключаецца» механізм росту адэноідаў. У рэдкіх выпадках гэты працэс можа пачацца і раней, ва ўзросце да 1 года.

«Растуць» адэноіды ў сярэднім да 5-гадовага ўзросту. Потым пачынаецца апераджальны рост шкілета твару, і суадносіны паміж аб'ёмамі насаглоткі і лімфоіднай тканкі змяняюцца. Калі дзіця ўступае ў пубертантны перыяд, адэноіды пачынаюць атрафіравацца. Гэты працэс генетычна закладзены, і да 18-20 гадоў лімфоідная тканка ў насаглотцы цалкам рэдукуецца. Сваю місію да гэтага часу яна ўжо выканала. Лімфоідная тканка ў насаглотцы ў дарослага чалавека – гэта казуістыка. Адэноідаў ў дарослых не бывае!

Алег Мазанік:

— Адсюль распаўсюджаны выраз: перарос. Вядома, усе «перарастуць» адэноіды. Але працэс гэта доўгі, расцягнуты на гады. Калі проста заняць чакальную пазіцыю, значыць заплюшчыць вочы на пастаянны ачаг інфекцыі ў арганізме, які можа прывесці да такіх паталогій, якія нават пасля знікнення адэноідаў ліквідаваць, на жаль, не атрымаецца.

Прычыны ўзнікнення адэноідаў

Такім чынам, мы ўжо высветлілі, што павелічэнне і запаленне глотачных міндалін, як рэакцыя на хваробатворныя бактэрыі і вірусы, што трапляюць у арганізм дзіцяці пры дыханні, – абсалютна натуральны працэс і датычыцца кожнага малыша без выключэння. Але хранічны запаленчы працэс і паталагічны рост адэноідаў развіваецца далёка не ва ўсіх. Тым больш не ўсім пацыентам патрабуецца спецыфічнае лячэнне адэнаідыта. Чаму?

Алег Мазанік:

— «Актыўнасць» адэноідаў напрамую звязана са станам імуннай сістэмы дзіцяці. Чым слабейшы імунітэт, тым вышэй рызыка развіцця хранічнага адэнаідыту і, пры адсутнасці адэкватнага лячэння, іншых звязаных з ім паталогій (атыту, абструктыўнага бранхіту, фарынгіту, пагаршэння аляргозу, няправільнага фарміравання шкілета твару і інш.).

Такім чынам, адна з галоўных прычын хранічнага адэнаідыту – слабы імунітэт.

Але ёсць і іншыя прычыны росту адэноіднай тканкі і развіцця адэнаідыту. Да іх адносяцца:

  • спадчыннасць. Калі хаця б адзін з бацькоў у дзяцінстве пакутаваў «ад адэноідаў», высокая верагоднасць, што праблемы будуць і ў дзіцяці;
  • частыя прастудныя захворванні (глотачные міндаліны не паспяваюць аднавіцца пасля нападу адных вірусаў, як следам наступаюць іншыя – працэс набывае хранічную форму);
  • схільнасць да алергіі ці наяўнасць алергічных захворванняў;
  • асаблівасці будовы насаглоткі, асаблівасці вентыляцыі насаглоткі (вузкія насавыя хады, асаблівасці будовы зводу насаглоткі, скрыўленая насавая перагародка і інш.);
  • шкодныя фактары навакольнага асяроддзя. Павелічэнне адэноідаў могуць правакаваць занадта сухое паветра ў памяшканні, дзе жыве дзіця, рэдкія праветрыванні, запыленасць.

Навукова даказана, што член сям'і, які паліць, з'яўляецца фактарам рызыкі па развіцці адэноідаў, адэнаідыту і хранічнага запалення сярэдняга вуха ў дзіцяці.

Звярніце ўвагу: не курэнне пры дзіцяці, а сам факт наяўнасці члена сям'і, які паліць!

Як вызначыць наяўнасць адэноідаў

Варта адразу заўважыць: дакладна паставіць дыягназ, вызначыць наяўнасць і ступень гіпертрафіраванасці глотачных міндалін (павелічэння адэноідаў) можа толькі кваліфікаваны ўрач-атарыналарынголаг! Таму пры самай дробнай праблеме, звязанай з носам (няхай гэта будзе зацяжны насмарк альбо цяжкае насавое дыханне), варта абавязкова звярнуцца да спецыяліста.

Нельга адкладаць візіт да лора, калі дзіця:

  • пакутуе ад насмарку больш за 10 дзён, і пры належным лячэнні няма паляпшэння;
  • дрэнна дыхае носам, нават калі выглядае здаровым;
  • на працягу доўгага часу размаўляе «у нос», пры гэтым на фоне відавочнага здароўя ёсць адчуванне закладзенасці носа;
  • падчас сну дыхае ротам, з'яўляецца храп;
  • пачынае горш чуць: пастаянна перапытвае ці, напрыклад, просіць павялічыць гучнасць, калі глядзіць мультфільмы;
  • пачынае дыхаць праз рот нават днём.

Нават калі ўрач паставіць дзіцяці дыягназ хранічнага адэнаідыту, не варта адчайвацца. Сучасныя метады дазваляюць эфектыўна лячыць паталогію без любых негатыўных наступстваў для маладога арганізма. Галоўнае, не згубіць момант і дакладна прытрымлівацца рэкамендацый, што даў урач. Але пра гэта мы пагаворым у наступным матэрыяле.

https://bel.24health.by/sem-raz-otmer-odin-otrezh-adenoidy-lechenie-i-profilaktika/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

3 155

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама