23.12.2021
23.12.2021

Славутасці Вялікай Кракоткі

logo
Падарожжы
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У самым дальнім заходнім куточку Слонімскага раёна Гродзеншчыны, у пойме ракі Зяльвянкі, знаходзіцца багатая на помнікі прыроды і гісторыі вёска Вялікая Кракотка, якая згадваецца ў пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя як «баярскае сяло», што належала Слонімскаму замку.

Мясціны тут незвычайныя — непаўторная прырода, цішыня, супакой. Нездарма Уладзімір Караткевіч, наведваючы Вялікую Кракотку, называў яе самай прыгожай вёскай у свеце — беларускай Швейцарыяй.

Як дабрацца:  з аўтавакзала ў горадзе Слонім на аўтобусе «Слонім-Кракотка». Аўтобус адпраўляецца па аўторках і суботах: раніцай у 06.15,  увечары ў 16.00. Таксама патрапіць сюды можна праз вёскі Міжэвічы ці праз Азярніцы, Збочна, Селявічы. Каардынаты на карце: 53°1’21″N, 24°58’7″E.

Karta. Vialikaia Krakotka

Загадкавая назва

Чаму паселішча мае такую назву? Кажуць, што некалі пад Слонімам згарэла вёска. Двое яе жыхароў — браты, якія насілі прозвішча Кракот, па рэчцы Іарданцы спусціліся ў гэтыя мясціны. Першы брат пасяліўся ў вярхоўі, а другі ніжэй па рацэ. Месца, дзе пасяліўся старэйшы брат, назвалі Вялікая Кракотка, а дзе малодшы — Малая Кракотка.

Крыніца Параскевы Пятніцы

Вёска знакамітая помнікамі прыроды. На самай ускраіне яе  месціцца Рэспубліканскі геалагічны геамарфалагічны помнік прыроды «Кракоцкая града». Навукоўцы вызначылі, што яна з'явілася яшчэ 220 тысяч гадоў таму ў Ледавіковы перыяд. Такія грады, кажуць, з'яўляліся з пяску, камянёў у проймах водных патокаў у расколінах лёду. Калі сышоў лёд, сюды прыйшоў чалавек.

krakotka 2

Каля вёскі на плошчы ў некалькі гектараў растуць дзясяткі дрэвападобных ядлоўцаў рознай формы, вышынёй ад 1 да 7 метраў. Ядловец адносіцца да сямейства кіпарысавых, і гэта адзіны хвойны кустарнік, які расце на тэрыторыі Беларусі. Яму таксама прыпісваюць цудадзейныя якасці. Па павер’ях, насенне ядлоўца на целе аберагае ад нападу змей.

Скуратава крыніца

У вёсцы ёсць святая крыніца з гаючай вадой, вядомая са старажытных часоў. Пра крыніцу таксама існуе мясцовая легенда. Кажуць, што калісьці гэтая зямля належала пану Скурату, які меў дачку, у яе быў вельмі слабы зрок. Аднойчы ў вёску прыйшоў старац, спыніўся каля гары, з якой цурчэла вада. Старац папіў гэтай вады, абмыў ёй твар, і ягоныя вочы адразу пачалі лепш бачыць. Ён прыйшоў у вёску, расказаў пра гэта людзям, якія ўсё перадалі пану Скурату. Пан пачаў браць гэтую ваду і лячыць сваю дачку, праціраць ёй вочы — і дзяўчынка паправілася.

ckyrarava krinica

Тады пан Скурат выкапаў калодзеж на гары, і з таго часу крыніцу пачалі называць у яго гонар — Крыніца пана Скурата. Зараз крыніца асвечана ў гонар Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Гавораць, што ў святы ваду тут вычэрпваюць да дна, аднак яна хутка набіраецца.

Вада дапамагае ад хвароб вачэй і страўніка, жаночых захворванняў, знімае галаўны боль і іншыя праявы хваравітасці. Ёсць прыклады, што людзі вылечваліся гэтай вадой. Прычым самай дзейснай лічыцца вада, якой карыстаюцца менавіта на заходзе сонца. Чысціня і хімічны склад вады пацверджаны навукоўцамі. Яна тут гідракарбанатнасульфатная, у ёй прысутнічаюць іоны кальцыю, магнію, натрыю. Вада без нітратаў, з вельмі добрымі арганалептычнымі паказчыкамі, празрыстая, без паху.

Срэбнае возера

Святая крыніца знаходзіцца каля рэчкі з цікавай назвай Іарданка. Яна была глыбей і шырэй, пакуль не правялі меліярацыю.

Цяпер стала невялікім раўчуком. Легенда кажа, што некалі ў гэтых месцах забілі аднаго чалавека, які называў сябе Ярданас. А можа, ёсць сувязь рэчкі Іарданка са знакамітай ракой Іардан, у якой Ян Хрысціцель хрысціў Ісуса Хрыста?

Rodnik

На крыніцы, дзе адбываюцца ацаленні людзей ад духоўных і цялесных хвароб, здзяйсняюцца вадасвятныя малебны. Асабліва ўрачыста і шматлюдна тут 7 ліпеня, у дзень Нараджэння святога Іаана Прадцечы, калі з Хросным ходам, з малітвай людзі прыходзяць да гэтага вядомага ў ваколіцах месца.

Дом, дзе чакаюць

На мясцовых могілках некалі існавала ўніяцкая Свята-Троіцкая царква, а ў 1883 г. у вёсцы з мясцовага каменя быў пабудаваны праваслаўны храм, які спачатку асвяцілі ў памяць Антонія Вялікага, а ў пачатку ХХ ст. пераасвяцілі ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы.

У 2002 г. манахі Жыровіцкага манастыра ў будынку былой школы, што знаходзілася побач з царквой, утварылі скіт, а ў 2009 г. быў адкрыты Свята-Засіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр. Тут захоўваюцца часцінкі святых мошчаў святых Засімы, Савація і Германа, прывезеныя з Салавецкага манастыра, а таксама копія цудатворнага абраза Божай Маці, якую намалявалі манахі Дахіарскага манастыра на Святой гары Афон. Праваслаўныя вераць, што святыня абараняе ад бед.

krakotka 2

У манастыры жыве каля дваццаці чалавек, яны займаюцца сельскай гаспадаркай, вырошчваюць агародніну і садавіну, разводзяць рыбу ў возеры непадалёк, збіраюць да дзвюх тонаў мёду. Пры манастыры дзейнічаюць майстэрні па вырабе царкоўнага начыння і прадметаў храмавага аздаблення, ёсць дом паломніка. Дзверы манастыра адчынены заўсёды для ўсіх жадаючых памаліцца і папрацаваць. Дарэчы, дом паломніка – гэта адрамантаваная хата, дзе можна жыць і харчавацца бясплатна за дапамогу братам-манахам.

Крамянецкае свяцілішча

Сустракаюць шматлікіх гасцей з усіх куткоў Беларусі заўсёды ветліва. Вас не толькі прымуць з любоўю, але і накормяць, напояць духмянай гарбатай з манастырскім мёдам. Паблізу верхняга храма спецыяльна для гэтага збудавана трапезная. Ігумен мясціны Міхей дасць кожнаму мудрую параду і адслужыць малебен каля ікон Божай Маці і вялебных Салавецкіх цудатворцаў. Штогод манастыр наведвае каля дзвюх тысяч паломнікаў.

Першая нацыянальная

У свой час тут пабывалі многія вядомыя беларускія літаратары, а ў мясцовай бібліятэцы, якая існавала да 2009 года, было шмат кніг з аўтографамі знакамітых гасцей. А ўсё таму, што менавіта тут, у Вялікай Кракотцы, яшчэ 18 кастрычніка 1927 года была адкрыта першая ў нашай краіне беларуская нацыянальная бібліятэка, якая атрымала пры жыцці нашага класіка Янкі Купалы яго імя. З-за таго, што чытачоў стала нашмат менш, каштоўны фонд перадалі ў бібліятэку цэнтральнай сядзібы аграгарадка Сялявічы.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Глядзіце таксама