25.07.2020
25.07.2020

Слёзы палёгкі. Лячэнне і прафілактыка сіндрому сухога вока

logo
Хваробы ад А да Я
0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сіндром сухога вока – не небяспечны, але вельмі непрыемны стан, які з-за пастаянных дыскамфортных і нават балючых адчуванняў перашкаджае і ў працы, і ў побыце. У папярэднім матэрыяле мы падрабязна распавялі, з-за чаго можа ўзнікнуць сухасць у вачах і якімі сімптомамі яна праяўляецца. Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі аддзялення лазернай мікрахірургіі вока Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Аміна Хаддад распавяла, як лячыць сіндром сухога вока і што рабіць, каб папярэдзіць развіццё паталогіі.

Сіндром сухога вока.

Слязьмі справе... дапаможаш

Самым правільным рашэннем перад тым, як лячыць сіндром сухога вока, будзе наведванне афтальмолага. Перш за ўсё гэта неабходна, каб правільна паставіць дыягназ, выключыўшы тым самым верагоднасць іншых паталогій вока з падобнай сімптаматыкай. Мы ўжо пісалі, што нярэдка без кансультацыі афтальмолага праявы сухасці вачэй можна памылкова прыняць за кан'юктывіт, а пагаршэнне зрокавага ўспрымання – за дысфункцыю рэфракцыі. Між тым тэрапія пры гэтых паталогіях кардынальна адрозніваецца ад лячэння сіндрому сухога вока.

Асноўны прынцып лячэння пры парушэнні слёзнай плёнкі і зніжэння выпрацоўкі слязы – выкарыстанне кропель-слёзазаменнікаў (прэпаратаў штучнай слязы). Фармацэўтычны рынак прапануе шырокую разнастайнасць такіх сродкаў. Умоўна іх можна падзяліць на 3 асноўныя групы:

  • Прэпараты на аснове натуральнай слязы. Яны ідэальна падыходзяць пры сіндроме сухога вока лёгкай ступені і аптымальныя для людзей, чыя праца не звязаная з пастаянным знаходжаннем за камп'ютарам і яны не з'яўляюцца карыстальнікамі мяккіх кантактных лінзаў. Але неабходна ўлічваць, што такія кроплі ўтрымліваюць кансерванты. Пасля ўскрыцця флакона імі можна карыстацца без шкоды для здароўя на працягу 1 месяца. Затым тое, што засталося, неабходна ўтылізаваць.

Сіндром сухога вока. Кроплі-слёзазаменнікі.

  • Прэпараты на аснове гіалуронавай кіслаты. Як вядома, малекула гіалуронавай кіслаты можа ўтрымліваць да 1 тысячы малекулаў вады. Таму выкарыстанне такіх кропель забяспечвае больш працяглы ўвільгатняльны эфект у параўнанні з прэпаратамі на аснове натуральнай слязы. Кроплі з гіалуронавай кіслатой эфектыўныя пры лёгкай і сярэдняй ступені сіндрому сухога вока, пры пастаяннай працы за камп'ютарам, у памяшканні, дзе парушаная цыркуляцыя паветра альбо неадэкватнае асвятленне, г.зн. прысутнічаюць фактары, якія спрыяюць развіццю сухасці вачэй. Яны, як правіла, не ўтрымліваюць кансервантаў, і карыстацца імі можна на працягу паўгода з моманту ўскрыцця флакона.
  • Прэпараты на аснове ліпіднай эмульсіі. Гэта больш магутныя сродкі, якія аказваюць уплыў на ліпідны слой слёзнай плёнкі. Таксама не ўтрымліваюць кансервантаў і падыходзяць людзям, якія працуюць за камп'ютарам вельмі працяглы час – да 16 гадзін у дзень. Прэпараты на аснове ліпіднай эмульсіі выкарыстоўваюцца ў комплекснай тэрапіі для лячэння вачэй пры аўтаімунных захворваннях, такіх, як сіндром Шагрэна, рэўматоідны артрыт, сістэмная ваўчанка і г.д.

Правілы выкарыстання кропель

Сіндром сухога вока. Правілы выкарыстання кропляў.

Прэпараты штучнай слязы, як правіла, прызначаюцца курсам, але не менш за 2 тыдні са штодзённым закапваннем вачэй праз роўныя прамежкі часу.

 
Аміна Хаддад
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі
Закапваць вочы пажадана ад 2 да 6 разоў на дзень. Мінімум – абавязкова раніцай і ўвечары. У ідэале – 3-4 разы кожныя 2-3 гадзіны. Для кантролю лепей заводзіць будзільнік на час, калі трэба закапаць вочы. Гэта не толькі дысцыплінуе вас, але і дасць магчымасць эфектыўна аднавіць слёзны баланс. Калі адзін з сімптомаў сіндрому сухога вока – назапашванне слізі па раніцах, эфектыўна на ноч закапваць кроплі на ліпіднай аснове, а ў дзённы час выкарыстоўваць прэпараты з гіалуронавай кіслатой.

Слёзазаменнікі добрыя тым, што не выклікаюць алергічных рэакцый і прывыкання нават пры пастаянным выкарыстанні. Адпаведна, прымяняць іх можна працяглы час – столькі, колькі ў гэтым ёсць неабходнасць.

Прафілактыка сіндрому сухога вока

Як вядома, любую праблему лягчэй папярэдзіць, чым потым думаць, як ад яе пазбавіцца. Але нават лячэнне многіх паталогій грунтуецца перш за ўсё на ліквідацыі прычын, якія выклікалі захворванне.

Сіндром сухога вока.

Вядома, у сучасным свеце наўрад ці магчыма цалкам адмовіцца ад выкарыстання камп'ютараў, смартфонаў і іншай лічбавай тэхнікі. Але можна хаця б паспрабаваць знізіць страты, якія гаджаты наносяць нашаму здароўю.

Эксперт прапанавала выконваць некалькі простых, але эфектыўных правілаў, якія дапамогуць зберагчы здароўе вачэй.

  • Штодня захоўвайце пітны рэжым, каб захаваць водны баланс у арганізме. Ён неабходны ў тым ліку, каб прадукаваць дастатковую колькасць слязы. Таму ўжыванне 1-1,5 літра чыстай вады ў дзень дапамогуць забяспечыць адэкватнае ўвільгатненне слізістай вачэй.
  • Старанна сачыце за выкананнем зрокавага рэжыму. Пастарайцеся, каб праца за камп'ютарам (у офісе альбо на падаленай працы) не перавышала сумарна 8 гадзін у дзень. Пры гэтым не забывайцеся рабіць перапынкі. Для прафілактыкі павышанай стамляльнасці вачэй, развіцця сухасці слізістай карыстайцеся правілам «20-20-20». Гэта значыць: кожныя 20 хвілін працы за камп'ютарам неабходна рабіць перапынкі і на 20 секунд факусаваць зрок на прадметах, якія знаходзяцца на адлегласці 20 футаў (6 метраў). Гэта трэба для таго, каб пераключыць позірк, зняць напружанне з вачэй, памiргаць. Праз кожныя гадзіну-паўтары нядрэнна выдзеліць час для 5-хвіліннай зрокавай гімнастыкі.

Сіндром сухога вока. Зрокавая гімнастыка.

  • Для працы за камп'ютарам важна правільна арганізаваць працоўнае месца: манітор павінен размяшчацца на ўзроўні вачэй (не ніжэй і не вышэй, каб пазбегнуць нахілу галавы і адпаведна не выклікаць парушэння кроватоку). Асвятленне працоўнага месца павінна быць аптымальным: лепей натуральнае – збоку. Штучнае асвятленне павінна падаць зверху.
  • Для тых, хто носіць мяккія кантактныя лінзы, прынцыпова важна дакладна захоўваць рэжым, тэрміны, час нашэння лінзаў. Калі лінза шматразовага выкарыстання, варта строга вытрымліваць час яе ачышчэння, пазначаны вытворцам. Калі гэтага не рабіць, рызыка развіцця запаленчых працэсаў і сухасці вока павялічваецца ў разы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 22

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама