13.12.2022
13.12.2022

Смелы заяц (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Раніцай нечакана выпаў малады пухкі снег. Бязмежная радасць гарэла ў душы старога Зайца Бяляка. Ён высунуў сваю вусатую пысу з цёплай і ўтульнай ляжанкі, што абжыў пад смалістымі каранямі вывернутай ураганнымі раз’юшанымі вятрамі сухадрэвіны, светлай радасцю крытай, з падмуркам справядлівасці ды сценамі са светлых думак.

Панюхаў свежае бадзёрае паветра. Борздзенька выскачыў з цяпельца.

«Што гэта за бель такая? — пытаўся сам у сябе. — Усю ноч выў пругкі неўтаймоўны вецер — і раптам такія перамены. Паабтрасаў, пазбіваў вецер-забіяка апошнюю лістоту з мокрых дрэў. Нарабіў, што і дрэвы зараз голыя стаяць, нібы прывіды. – Няма з кім і пагаманіць: мае сябры-суродзічы зусім нядаўна згінулі ў драпежніцкіх, лісіных ды хвацкай вушастай савы-пугача лапах. Калі рыжахвостую мы штодня бачым, то вялікую рыжавата-бурую птушку  толькі з надыходам прыцемак. Менавіта ў той самы час, калі мы выходзім на жыроўку трэба быць асабліва абачлівымі, — апавядаў дрэвам Заяц.

— Аднак, натрапіўшы на салодкую траўку, позна спахопліваемся, бо вялікая галава з агромністымі жоўтымі вачыма і з двумя пучкамі пёркаў, што тырчма стаяць між вушэй,  ужо цярэбіць нашыя спіны да крыві. Раптам хапае ў свае вострыя кіпцюры і ... — Яшчэ некаторыя  з нашага брата не вытрымліваюць гонкі паляўнічых сабак і трапляюць пад дула стрэльбаў іх гаспадароў. І — бывай жыццё... “

Але зараз ён асмеліўся вылезці з ляжанкі і радаваўся новаму дню, ранняй свежасці. Радаваўся Жыццю. Бо раней у яго не было сваёй хаткі — пад ядлоўцам, у ажынах, на палянцы ў асацэ схоў касога за мільёны лес таіў ва ўсёй красе. Цяпер не трэба ўжо дрыжаць. Цяпер ён гаспадар!  І снег надаваў яму асаблівай бадзёрасці: быў такім белым, што, здаецца, зачароўваў сваёй свежасцю і нейкім асаблівым зімовым водарам. Бадзёрыў не толькі аднаго Зайку.

Казка Аркадзя Жураўлева пра смелага зайца

— Што б гэта сёння зрабіць такое, каб запомнілася ўсім на свеце!? Такі дзень! Якая цудоўная казка! — усклікнуў Заяц і падскочыў ад радасці.

Халаднаваты ветрык са Свіры прынёс тонкі водар свежага паветра  ў дамешак з галасамі паляўнічых ганчакоў.

– Бач ты, паляванне адкрылася! Я ж пра яго нават забыўся. Хаця я зараз не такі прыкметны сярод гэтай бялюткай чысціні, бо футра змяніў, толькі галава крыху выдаецца  ды рыжавата-шэрыя плямы на вушах з чорнымі кутасікамі.  Гэта добрая мішэнь для паляўнічых. Неадночы трапляў і пад іклы ганчакоў, і нават пад стрэлы. І амаль з паўспіны шкуру з жывога здзірала Рыжая Лісіца, пераследуючы. І толькі дзякуючы цікавай асаблівасці далікатнага павярхоўнага слоя шкуркі, падобна таму, як некаторых яшчарыц выратоўвае лёгка  адламваючы хвост, не выклікаючы кровацячэнняў. Пры гэтым ніколечкі я не іспытваў асаблівага болю. Тым не менш, гэта былі званочкі і зараз, каб такое не паўтарылася, трэба хуценька цікаць адсюль.

Бяляк шустранька выскачыў, але тут жа супыніўся, агледзеўся. Перайшоў на разважлівую хаду, кожнай лапкай адчуваючы такі чаканны пульхны снег. Тут ён бегаў у самую бездараж. Зараз ступаў, нібы баючыся парушыць незвычайны белы ўзор.

Бадзёры марозік і гаманкі ветрык, а таксама брэх сабак не давалі стаяць на месцы. І жвавы Зайка рушыў наперад.

Смелы заяц, казка Аркадзя Жураўлева

Адчувлася, што звярок засумаваў па свабодзе, свежым зімовым паветры. Ужо і паскакаў больш шпарка, радуючыся і заснежанай даліне, і гаманкому лесу, што асабліва цяпер вабіць да сябе сваёй неразгаданай таямнічасцю.

Убачыў гурбачку, падскочыў і – тыц усім целам у яе, ажно белы, нібы патляваны пыл узняўся. Быў Зайка – і няма яго. Увесь зарыўся ў пухкую снежную падушку. Паспрабуй яго адшукаць.

Жвавы Зайка ад тае радасці зрабіўся сам нібы не свой. Вылез з тае гурбачкі, абтросся. Пасядзеў якую хвіліну задумлівы і радасны адначасова і, быццам з нейкім дзіўным пачуццём нязведанага, рушыў наперад.

Раптам у той урачыстай цішы пацямнела неба і, адтуль, з-за серабрыста-шэраватых аблокаў  на ўсё наваколле абвалілася белая радасць. Снег засыпаў каляіны, разоры, – прыбраў усю зямлю.

— Вось бы зараз з горкі пакатацца! — І  толькі ўзабраўся на першую самую высокую і пакацістую гару, каб сальта-мартале выканаць, як у маладосці, калі ледзь вавёрку не скінуў з верхавіны стромкай яліны. Хацеў, але звонкае паветра данесла знаёмы голас: рыжая Ліска — тут як тут.

Казачная ліса

— Вой, а хто гэта ў нас  так расхрабрыўся? — Глядзіце на яго — няўрымслівы і вёрткі! Пасмялеў? А яшчэ, здаецца, зусім нядаўна ў кожнай жывой істоты пытаўся: «Хто гэта ўвесь час мяне пераследуе? Я стаю  – і ён стаіць, я бягу – і ён бяжыць, мае рухі пераймае, ні на крок не адступае. Толькі ў цемры ды начамі пакідае жарты з намі».

— Во ўжо здзівіла, дык здзівіла! — заўсміхаўся Бяляк. — Малечу некалі захацела перадражніць. — Давай, давай, падбівай! Даражэй самой выйдзе! Толькі цяпер я не буду маркоціцца, лыпаючы вачыма. Бо ценю майго зараз  ты спужаешся. — Мякка сцеліць. Штосьці тут не так, бо толькі нядаўна дражнілася рыжая хітрыца — «касавокі, лапавухі, ды я цябе адной лапаю заб’ю». Само яго маўчанне пацвярджала, што зараз яго праўда. А Лісіца, глядзіце які хцівы фартэль прыдумала. Як вам  такі паварот хітрасці?

—Ты што, Зайка, язык пракусіў ля гаспадарчых яблынь ці наогул праглынуў яго? — Адказвай, калі цябе сама Петрыкееўна пытаецца!

— Што казаць, калі ты ўсяроўна перайначыш на свой капыл. — Часта мяккая сіла больш эфектыўна, чым адкрытае супрацьстаянне, — гэта першае. А твая, Лісанька, завышаная самаадзнака і неабмежаваная самапавага з самаўзвялічваннем можа прывесці да ўласнай трагедыі, — сказаў Заяц Бяляк і засмяяўся. ­­– Рыжая мая сяброўка, ты ўпэўнена, што не можаш пацярпець паражэнне, як самая разумная за ўсіх? — выказаўся на поўную.

Смелы заяц спрачаецца з Лісой

Выказаўся Заяц, а сам так і паглядае за што б гэта ямчэй ухапіцца, каб нечакана напасці на ўяўнага ворага.

Лісіца наўздзіў маўчала.

— Што ж тычыцца гаспадарчых яблынь, працягваў ён, — не спрачаўся. —Бывала, калі асіннік у наваколлі пастарэў і яго кара адубела, залазіў у чужы малады сад. І цяпер шкадую свайго ўчынку. — Даўно марыў пра ўласны агарод, толькі незвычайны, і дзе б вы думалі? На Чырвонай планеце. Вось там ужо дакладна ні крот, ні жывёліна якая не перарыюць градкі.

Чуў Бяляк, што тыя, хто набыў свой надзел на марсіянскім грунце намнога дужэйшыя: іх век нашмат даўжэйшы за сваіх суродзічаў-зямлян.

Гэта яго мары. Але зараз трэба думаць пра іншае. Думаць імгненна, каб у тактыцы не прагадаць.

Збегчы ад рыжай, як у маладыя гады, справа не простая, але як для бывалага Зайца зусім прыкра-сарамлівая. Нават зневажальная для гонару і прыстойнасці. І ў яго адразу загарэліся расчырванелыя вочы і выскачылі з усіх чатырох мяккіх лап вострыя кіпцюры.

Ліса спрачаецца з зайцам

І як падскочыць вышай за дрэвы. І як запішчыць-заверашчыць дзіцем, быццам шматдзетны бацька не можа ўтаймаваць сваіх немаўлят, уссеўшыся на каўняры рыжай.

— Вось табе, шэльма! Зараз і я наемся ўдосыць!

— Ай, яй, — заайкала-заенчыла Лісіца. — Яна падумала, што Заяц збіраеццца адабраць у яе здабычу. Не паспела выкінуць з зубоў маладую курыцу, што сцягнула з вясковага падворка, як смелы Бяляк ужо калашмаціў яе па карку. І актыўненька выхоўваў Рыжую Хітруху.  Ён калаціў яе сваімі дужымі доўгімі заднімі лапамі так, што акрамя яго крыку па наваколлі разносіўся і той барабанны гул. Ён, той гул быў такой моцы, што і Ласі, і Казулі, нават статак Дзікоў, да слыху якіх даляцеў заячы голас, спыніліся  на ўскрайку лесу, хвалююцца, гатовыя кінуцца наўцёкі ад немінуемай згубы. Для іх крык Зайца стаў сігналам перасцярогі ў прыродзе, бо так крычаць зайцы, калі небяспека зусім побач.

…Бойка распачалася не на жыццё, а на смерць. Лісіца – рыжая мятла – усё намервалася схапіць свайго ворага за доўгія вушы. Заяц жа выкручваўся як мог, але ўпарта працягваў барабаніць лапамі па рыжай галаве, спіне так, што яе некалі прыстойнае футра ператварылася ў падрапаную старую посцілку.

Лісіца то пішчэла, то брахала па-сабачы, грабучы з-пад сябе снег ажно да раллі. Усё спрабавала выбрацца з-пад дужага і смелага Зайца. Але ўсе яе намаганні былі дарэмнымі: Бяляк цэпка сядзеў на карку сваёй крыўдзіцельніцы і прывіваў пачцівасць да слабейшых і павагу да старэйшых.

Лісіца не варушылася. Тут Заяц давай рагатаць, давай сосмеху качацца: стрымаў сваё слова, перамог. Даў рады драпежніцы.

Заяц перамог Лісу. Казка Аркадзя Жураўлёва

Лісіца, перапужаўшыся ад нечаканай тактыкі нападзення, трохі адышла і залемантавала на ўсё наваколле, толькі не ад радасці, а ад адчаю, роспачы і ўласнай слабасці.  Яна ляжала на спіне, быццам рыжа-чорна-карычневая невядомая істота натужна стагнала, ледзь варушачы аблезлым і брыдкім хвастом, якім некалі хвалілася.  Разгублена маўчала. Толькі і сілы засталося на незразумелае мармытанне.

Вось палонніца паціху ўздымаецца. Уся перапэцканая крывёю, спацелая, быццам яна не з Зайцам змагалася, а пушчанскага Зубра адолела. Да смерці напалоханая, пільна сочучы зялёнымі вачыма за кожным рухам свайго пераможцы. Здавалася, ад роспачнай крыўды яна павінна заверашчаць так, што ўсё жывое збяжыцца на яе  паратунак. Але стомленая небарака толькі ўстала на ногі, бы з радні маланцы, у адно імгненне (адкуль сілы ўзяліся!), пайшла ў лагчыну, вынюхаючы свежыя слядочкі новай ахвяры.

Над бярозай крылаў шум – мосціцца Сарока. І ўхваляе Беляка за смелы ўчынак. А той і рады такой пахвале, папраўляе свой белы кажушок, пасміхаецца ў вусы:

– Не трэба шкодзіць іншаму і табе не нашкодзяць! – мовіў смелы Зайка.

– Шкодзіць не трэба! Шкодзіць не трэба! – пратрашчала Сарока  і зляцела ўслед за Лісіцай.

Белка пал елкай

А Зайцу Беляку ўсё яшчэ не хапала прыгод. Ён ведаў, што акурат перад азярком была поплаўская нізіна, парослая маладым асіннікам з мноствам купінаў і вялікіх верасоў.  Менавіта там часцяком любяць класціся ўзімку зайцы.

– Не мне аднаму бегаць ад злых ганчакоў ды паляўнічых стрэлаў, – казаў пра сябе Заяц. – Трэба падказаць суродзічам шляхі адступлення, калі ўзняты ў той нізіне чужынец, куды б ні пабег, але рана ці позна абавязкова пройдзе ў той пралескавы лаз. Свежым следам пойдзе, калі толькі сабакі яго не пачуюць. Трэба ветру пільнавацца, каб пад яго бегчы, а не з яго напрамкам. Іншым разам хоць пісьмовую параду для суродзічаў трэба насіць з сабой. Як некалі малых зайчанят ратаваў з канюшыны, якую вяскоўцы выкошвалі. Толькі па камандзе, арганізавана.

Праз колькі хвілін з усходу ад азярка пачуўся залівісты брэх ганчакоў. Па голасе было чуваць, што яны ўзялі след Зайца. Але як гэта не дзіўна, на гэты раз, мінуўшы схованку разважлівага і смелага, Заяц-чужынец, але такі імклівы і няўлоўны звярок пайшоў не на маладую просеку, а ў кладкі, да зарослай кустоўем забалочанай паляны. Бег да лесу, пятляючы сляды.

– Адразу відаць, што звыклых лазаў не ведае. Бяжыць куды вочы глядзяць, – думаў смелы Заяц.

Схаваўся пад густую разлапістую елку. Раптам побач шышка ўпала. Напалохала чужынца-асцярожніка. Але, калі той убачыў побач смелага Зайца, супакоіўся: чуў пра яго сяброўскую вернасць. Падняў угору вочы, а калі разгледзеўся, што нікога там няма акрамя шышак, усміхнуўся. Страсянуў ігліцу з галавы. Нечакана зверху штось зашавялілася, глуха кугукнуўшы.  Адхінуўся Заяц-чужынец ад камля, зноў задраў угору галаву. «А, а, вось хто хоча мяне напужаць – Сава!

Не стаў спакушаць свой лёс, хаця гэтая драпежніца за святлом не палюе. Быстрыя ножкі, зыркія вочкі Заяца-чужынеца і адразу напрасткі – у парослы маладым ельнікам пералесак. Зірк туды – а там дзікі, злосна рохкаюць яны. Як убачыў іклы злыя, Заяц-чужынец лататы як даў, толькі пыл курыўся белы.

Зімні лес. Воўк

Смелы Зайка назіраў за чужынцам, але і сам стараўся быць абачлівым: пачуўшы голас ганчакоў нырнуў у гурбу, а зараз з–пад натапыранай у снезе елачкі выткнуўся. Паківаў-павадзіў вушамі, пачмыхаў і патрухаў з узлеску пад Малы Перакоп, дзе лозы ды асіннік – на жыр.

Сарвецца асцярожны Зайка са стромкага берага, ссунецца па снезе старой закінутай сенажнай яміны, перакуліцца цераз галаву, не ўтрымаўшыся, замрэ, чакаючы страху, і яшчэ з большай асцярогай паскача пад рачныя лозы ля затокаў.

Раптам з-пад зямлі – снежны фантан... Зайца хтось падкідвае ўгору, сцёбае калючым і шорсткім, лупіць поўсць аж са скурай. Вусатая мордачка Зайца натыкаецца на штосьці чорнае, страшнае. Кінецца ён убок – там другі жывы камяк, скокне ўперад – зноўку! Лапоча беражніца, віхрыць, бы аднекуль знізу ўзнялася-ускруцілася мяцеліца.

Звярок напалоханы. Ён шмыгае, як апантаны назад, пад Косыя балоты, у саснякі без аглядкі. Наперадзе яму – галодная ноч. Цецерукі не далі павячэраць.

Сон зайца

...Смелы Зайка спіць. І сніцца яму быццам на Чырвонай планеце цягае свежую моркву з зялёнай касою. Моркву з марсіянскага грунту. Са сваіх градак. І пасміхаецца ў свае белыя вусы.

https://bel.24health.by/yakaya-ptushka-samaya-karysnaya-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».