22.11.2018
22.11.2018

Смяротна небяспечны саюзнік: вірус гепатыту D (Дэльта)

logo
Хваробы ад А да Я
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З усіх добра вывучаных зараз узбуджальнікаў інфекцыйных гепатытаў вірус гепатыту D (Дэльта) заслугоўвае асобнай увагі. Ён актывізуецца ў арганізме і аказвае паражальнае дзеянне на печань пры ўмове, што чалавек ужо інфіцыраваны вірусам гепатыту В. Спалучэнне дзвюх інфекцый шматкроць павялічвае рызыку развіцця пагражальных для жыцця ўскладненняў – цырозу і раку печані.

Пра асаблівасці гепатыту D (Дэльта) і пра тое, як яго пазбегнуць, распавёў наш пастаянны эксперт – прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Сяргей Жаваранак.

Прычыны віруснага гепатыту D і крыніцы заражэння

Дадзеныя СААЗ паказваюць на тое, што ў свеце вірусам гепатыту D заражаныя не менш за 15 мільёнаў чалавек. Інфекцыя найбольш распаўсюджана на афрыканскім кантыненце, у краінах Блізкага Усходу, Азіі (В'етнам, Пакістан, Кітай, Японія, Тайвань), на поўдні (Італія) і ўсходзе (Турцыя) Еўропы, у Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы.

Інфекцыя адносіцца да парэнтаральных, г.зн. перадаецца праз кроў і іншыя вадкасці арганізма. Шляхі і крыніцы заражэння гепатытам D такія ж, як і ў віруса гепатыту В.

Нярэдка інфіцыраванне двума небяспечнымі вірусамі адбываецца адначасова. Як правіла, гэта здараецца:

  • пры выкарыстанні адной іголкі рознымі людзьмі. Менавіта таму сярод людзей з суперінфекцыяй пераважную большасць складаюць спажыўцы ін'екцыйных наркотыкаў;
  • пры неабароненых палавых кантактах з інфіцыраваным партнёрам;
  • пры нанясенні татуіровак або выкананні пірсінгу нестэрыльнымі інструментамі;
  • пры бытавых кантактах, калі заражэнне адбываецца праз мікратрэшчыны скуры і слізістых. На тэрыторыях, дзе распаўсюджанасць гепатытаў В і D носіць эндэмічны характар, часта фіксуюцца сямейныя ачагі хранічных інфекцый.

Сімптомы гепатыту D

Сімптомы гепатыту D

Праявы, якімі характарызуецца гепатыт D, таксама ідэнтычныя развіццю гепатыту В. Яму ўласцівыя:

  • дыспепсічны сіндром (парушэнні і расстройствы з боку стрававальнай сістэмы);
  • астэнічны сіндром (хуткая стамляльнасць, раздражняльнасць, апатыя);
  • грыпападобны сіндром (насмарк, кашаль, павышэнне тэмпературы цела).

А затым з'яўляюцца:

  • пацямненне мачы;
  • абясколерванне калу;
  • жаўтуха. Зрэшты, як і пры іншых інфекцыйных пашкоджаннях печані, гэты сімптом выяўляецца далёка не заўсёды.
 
Сяргей Жаваранак
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н.
Асаблівасцямі пачатковага перыяду гепатыту Дэльта можна назваць больш кароткі інкубацыйны перыяд віруса ў арганізме, высокі ўздым тэмпературы цела на больш працяглы час. Акрамя таго, інфекцыя можа правакаваць скурныя высыпанні і болі ў буйных суставах. Жаўтуха і сімптомы інтаксікацыі, а таксама пячоначнай недастатковасці паступова нарастаюць, што не дазваляе на пачатковым этапе прагназаваць цяжар захворвання.

Небяспека каінфекцыі і суперінфекцыі

Такім чынам, гепатыт Дэльта – «спадарожнік» гепатыту В, без якога ён існаваць не можа.

Цяжар працякання хваробы і прагноз шмат у чым вызначае момант інфіцыравання двума небяспечнымі вірусамі.

Каінфекцыя – гэта адначасовае заражэнне вірусамі гепатыту В і D, альбо заражэнне вірусам D у перыяд захворвання на востры гепатыт В. Часта прыводзіць да цяжкай або нават вокамгненнай форме гепатыту і можа скончыцца гібеллю чалавека.

Суперінфекцыя – інфіцыраванне вірусам гепатыту D пры хранічнай форме гепатыту В. У большасці выпадкаў прыводзіць да хранізацыі гепатыту Дэльта. Зараз суперінфекцыя лічыцца самай цяжкай формай хранічнага віруснага гепатыту.

Лячэнне гепатыту D

Лячэнне гепатыту D прадугледжвае працяглую комплексную тэрапію, часта ва ўмовах стацыянара. Пры гэтым эфектыўнасць яе далёкая ад жаданай. У прынцыпе, акрамя вялікіх доз і працяглых курсаў генна-інжынернага інтэрферону, пакуль няма лекавых прэпаратаў для лячэння гепатыту Дэльта. Гэта адна з самых актуальных праблем ва ўсім свеце, звязаная з лячэннем інфекцыйных паражэнняў печані.

Людзі, інфіцыраваныя вірусам гепатыту Дэльта, маюць патрэбу ў пастаянным назіранні ў спецыялістаў-гепатолагаў. У той час як пацыентам з хранічнай формай гепатыту В па-за абвастрэннем дастаткова рэгулярных візітаў да ўрача-інфекцыяніста ў паліклініку, для таго, каб не дапусціць ускладненняў.

 
Сяргей Жаваранак
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н.
Гепатыт Дэльта, як правіла, заўсёды мае цяжкае працяканне і вельмі складана паддаецца купіраванню. У выпадку хранізацыі абодвух захворванняў шанцаў на поўнае вылячэнне, на жаль, няма. Можна толькі зніжаць актыўнасць вірусаў у арганізме, каб максімальна адтэрмінаваць наступ ускладненняў суперінфекцыі – цырозу ці раку печані. Зараз распрацоўваюцца новыя прэпараты для лячэння віруснага гепатыту Дэльта, аднак дадзеных аб з'яўленні эфектыўных прэпаратаў пакуль няма.

Гепатыт DДыягностыка гепатыту Дэльта

Пры клінічных і лабараторных біяхімічных паражэннях печані прызначаецца тэст на HBsAg - маркер віруса гепатыту В. Пры яго выяўленні заўсёды прызначаюць тэст на антыцелы да віруса гепатыту Дэльта. Каб дакладна пацвердзіць або абвергнуць дыягназ, выкарыстоўваюць і больш складаныя аналізы выяўлення РНК віруса.

 

 
Сяргей Жаваранак
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н.
Упершыню вірусны гепатыт Дэльта ў Беларусі дыягнаставалі ў 1988 годзе, неўзабаве пасля яго адкрыцця італьянцам Марыё Рыцэта. Дыягностыку праводзілі пры дапамозе набораў, вырабленых самастойна альбо на эксперыментальных імунаферментных аналізатарах айчыннай вытворчасці. У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў як сярод пацыентаў з вострым, так і хранічным гепатытам В было да 5% носьбітаў дэльта-інфекцыі. Зараз, у сувязі са значным зніжэннем захворвання на гепатыт В у Беларусі, дэльта-інфекцыя сустракаецца значна радзей.

Прафілактыка гепатыту D (Дэльта)

Самы верны спосаб абараніць сябе ад заражэння вірусам гепатыту Дэльта – выключыць магчымасць інфіцыравання вірусам гепатыту В.

Вакцынацыя супраць віруса гепатыту В, якая ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прышчэпак, служыць эфектыўнай абаронай ад вірусных паражэнняў печані і зводзіць верагоднасць захворвання гепатытам D да нуля.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».