06.01.2020
06.01.2020

Снюсы. Пажар без дыму і агню

logo
Здаровы лад жыцця
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Напрыканцы мінулага года беларускія нарколагі голасна забілі трывогу: тэрыторыю краіны захліснула хваля снюсаў. Так называюцца некурыльныя тытунёвыя сумесі, якія цалкам легальна можна купіць у спецыялізаваных стацыянарных гандлёвых кропках і ў інтэрнэт-крамах. Прадаўцы пазіцыянуюць іх як аналаг звычайных «дымных» цыгарэт на той выпадак, калі паліць нельга, але вельмі хочацца.

Снюсы. Небяспечная забава.

Праблема ў тым, што сітуацыя вакол снюсаў, на думку спецыялістаў, моцна нагадвае падзеі, звязаныя са з'яўленнем спайсаў. Небяспечнаму наркотыку спачатку таксама не надавалі асаблівага значэння. Праўда, спахапіліся хутка. Спайсы афіцыйна прызналі псіхаактыўным рэчывам і забаранілі, іх вытворчасць і распаўсюджванне крымінальна каральныя. Снюсы пакуль вольна гуляюць па краіне. Верагодна, таму, што наступствы іх ужывання не гэтак відавочныя.

Што хаваецца пад словам «снюсы», чым небяспечнае іх ужыванне і які «пажар» можа разгарэцца ў літаральным сэнсе без агню і дыму, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ад загадчыцы падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людмілы Шпакоўскай.

Няма дыму – няма праблемаў?

Снюсы. Ужыванню – не!

Снюс – бяздымны тытунь, г.зн. прызначаны не для курэння, а для жавання. Тытунь з'яўляецца ключавым інгрэдыентам снюсаў. За кошт дадання вады ён злёгку ўвільготнены. Таксама ў сумесі дадаюць у якасці кансервантаў соль (часам цукар), соду і сінтэтычныя араматызатары для надання асаблівага смаку (напрыклад, ментолу, ванілі, шакаладу і г.д.). Найбольшай папулярнасцю карыстаецца бяздымны тытунь, расфасаваны ў дробныя парцыённыя пакуначкі, якія пры ўжыванні закладваюцца паміж губой і дзясной.

Радзімай снюсу называюць Швецыю. Ва ўсякім выпадку, там ён вядомы з сярэдзіны XVII стагоддзя і карыстаецца папулярнасцю менавіта як аналаг «дымнага» тытунекурэння. І шведы, мабыць, адзіныя, хто на працягу стагоддзяў захоўвае вернасць «нацыянальнаму прадукту». Бо на сёння антытытунёвае заканадаўства іншых краінаў Еўрасаюза і Расіі афіцыйна забараняе ўвоз і продаж снюсаў.

Снюсы. Небяспека для дзяцей і падлеткаў.

Дык што ж такога страшнага ў гэтым жавальным тытуні, калі стаўленне да іншых тытунёвых вырабаў (традыцыйных цыгарэт, напрыклад) хаця і перажывае пэўныя змены пад уплывам прапаганды здаровага ладу жыцця, але ўсё ж такі застаецца больш-менш лаяльным?

 
Людміла Шпакоўская
Загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
У склад снюсаў уваходзіць нікацін – рэчыва, якое фарміруе залежнасць. Доза нікаціну ў адным пакуначку ў разы большая, чым у самай моцнай цыгарэце. Пры гэтым тытунёвая сумесь трымаецца за губой значна даўжэй, чым выкурваецца цыгарэта, – не меней за 30 хвілін. Адпаведна ў арганізм паступае больш нікаціну, прывыканне развіваецца ў разы хутчэй, і яно значна мацнейшае за залежнасць ад тытунекурэння.

У адной цыгарэце доза нікаціну складае ў сярэднім 6-8 мг, у самых моцных марках – да 15 мг на 1 г тытуню. У пакуначку снюсу ўтрыманне нікаціну дасягае каля 70 мг на 1 г тытуню.

Снюсы. Небяспека 1 пакуначка.

Згубны ўплыў нікаціну на арганізм чалавека даўно і падрабязна вывучаны і не патрабуе дадатковых доказаў. Адпаведна, ўжыванне снюсаў цягне за сабой не толькі развіццё стойкай залежнасці, але і любыя фізічныя наступствы: ад павышэння артэрыяльнага ціску да ішэмічнай хваробы сэрца і нават анафілактычнага шоку з прычыны магутнай рэакцыі арганізма на сінтэтычныя араматызатары, якія ўваходзяць у склад тытунёвых сумесяў.

Але і гэта яшчэ не ўсё.

 
Людміла Шпакоўская
Загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
Снюсы ўтрымліваюць каля 30 хімічных рэчываў, якія валодаюць канцэрагеннымі ўласцівасцямі. Гэта тыя рэчывы, якія здольныя правакаваць развіццё анкалагічных захворванняў: раку падстраўнікавай залозы, ротавай поласці, горла, стрававода і г.д.

І ўжо зусім дакладна снюсы не дапамагаюць кінуць паліць. Хутчэй, наадварот. Па дадзеных аднаго з даследаванняў, падлеткі і маладыя людзі, якія ўпершыню пазнаёміліся з тытунём пры выкарыстанні снюсаў, на працягу чатырох бліжэйшых гадоў пачыналі паліць звычайныя цыгарэты.

Снюсы і цыгарэты. Тая ж шкода.

Не жуй тытунь – не вырасцеш

Як і ў выпадку са спайсамі, асноўнымі спажыўцамі снюсаў у нашай краіне з'яўляюцца моладзь і падлеткі ад 14 да 25 гадоў.

 
Людміла Шпакоўская
Загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
Менавіта падлеткі легкадумней за ўсё ставяцца да свайго здароўя, з-за ўзросту і яго псіхалагічных асаблівасцяў не думаюць пра наступствы. Адпаведна, часцей за ўсё становяцца ахвярамі ўласнай цікаўнасці і цягі да эксперыментаў. І калі ўжыванне снюсаў у прынцыпе небяспечнае для любога чалавека, дык для падлеткаў яно небяспечнае асабліва.

Снюсы. Ужываюць дзеці ў школе.

Дзеянне нікаціну і рэчываў, якія ўваходзяць у склад некурыльных тытунёвых сумесяў, на арганізм, які расце, вельмі негатыўнае:

  • выклікае спыненне росту;
  • парушае кагнітыўныя функцыі: пагаршае памяць, зніжае разумовую працаздольнасць і інтэлектуальныя працэсы засваення інфармацыі, яе аналізу, абагульнення і г.д.;
  • зніжае фізічную цягавітасць;
  • аслабляе ахоўныя сілы арганізма, падлетак робіцца больш хваравітым;
  • негатыўна ўплывае на псіхіку і эмацыянальную лабільнасць: стан падлетка можа за кароткі прамежак часу змяняцца ад высокай ступені ўзбуджэння, якое нагадвае наркатычнае ап'яненне, да агрэсіі, заканчвацца апатыяй, пасіўнасцю і г.д.
 
Людміла Шпакоўская
Загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
Ніхто лепей за бацькоў не ведае сваё дзіця. Уважлівая мама ў стане западозрыць, што адбываецца штосьці не тое. І вось з гэтым «штосьці не тое» трэба ісці да нарколага. У нас быў выпадак, калі мама дзяўчынкі-сямікласніцы на пытанне: «А вы не заўважалі нічога падазронага?», адказала: заўважала, звярталіся да псіхолага, але той сказаў, маўляў, не хвалюйцеся, пераходны ўзрост, пройдзе. Нікацінавая залежнасць ад снюсаў развіваецца практычна вокамгненна і бывае настолькі моцнай, што «перарасці» яе немагчыма. Часцяком, каб пазбавіцца ад цяжкай прыхільнасці, неабходная доўгая і карпатлівая праца з цэлым шэрагам спецыялістаў.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама