11 студзеня
11.01.2019

«Соль» страшнейшая за гераін? Што рабіць, калі блізкі – солевы наркаман

logo
Без наркотыкаў
6 0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Мой блізкі чалавек курыць соль. Ужывае прыкладна раз у 2 тыдні. Рэшткі я адразу ж выкідваю. Паводзіць сябе адэкватна, усё разумее. Якія могуць быць наступствы і як мне дзейнічаць?» Адразу некалькі лістоў з падобным зместам прыйшлі да нас у рэдакцыю ад людзей, якія сутыкнуліся з праблемай у сваёй сям'і.

Што рабіць, калі вы даведаліся, што хтосьці ў сям'і ўжывае «солі»? Ці ёсць спецыфіка ў «солевай» наркаманіі? Ці можна не раздзімаць з мухі слана, калі чалавек сацыяльна актыўны і на першы погляд вядзе звычайнае жыццё?

Карэспандэнт інфармацыйнага партала Здаровыя людзі запыталася пра гэта ў Максіма Пылёва, нашага пастаяннага эксперта, практыкуючага псіхолага, гештальт-кансультанта, групавога псіхатэрапеўта, праграмнага кіраўніка рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс».

Ці можна верыць на слова наркаману? Вопыт паказвае – не

Больш за 80% реабілітантаў у «Феніксе» з тых, хто ўжываў солі і спайсы (амаль заўсёды гэта адбываецца «ў звязцы»). Можна меркаваць, што прыкладна такая ж сітуацыя назіраецца і ў цэлым па краіне, паколькі гэтыя два рэчывы – тое, што рэальна можа здабыць наркаман у Беларусі. І хаця здаецца, што самы страшны наркотык, з якім амаль немагчыма завязаць, – гэта гераін, солі і спайсы могуць стаць сапраўдным праклёнам для таго, хто звязаўся з імі.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Солі – псіхатропы, падобныя па ўласцівасцях да такіх наркатычных сродкаў, як афметамін і какаін. Небяспека гэтага сінтэтычнага наркотыку ў тым, што вырабляецца ён саматужным спосабам. Наступствы, якія могуць быць пасля яго ўжывання, непрадказальныя. Невядома, якая колькасць рэагенту дададзена і якая менавіта доза можа стаць смяротна небяспечнай. Нярэдкія выпадкі, калі пасля соляў спыняецца сэрца, узнікае параноя, манія пераследу, моцны псіхоз. Соль небяспечная менавіта тым, што вельмі хутка выклікае наймацнейшае псіхалагічнае прывыканне. Навязлівае жаданне ўжываць узнікае ледзь не кожныя 15 хвілін. І нават самі наркаманы, якія спрабавалі розныя віды наркотыкаў, кажуць пра тое, што псіхалагічная залежнасць ад соляў у разы мацнейшая, чым ад гераіну. Чалавека перастае палохаць той факт, што ён можа ў любы момант памерці ад чарговай дозы, што ён можа пазбавіцца волі (ужыванне ў нас караецца па законе). Шчыра кажучы, паверыць у тое, што чалавек сапраўды ўжывае соль толькі раз у 2 тыдні, складана. Больш падобна на казку для родных. Але нават калі пакуль сітуацыя такая, яна можа змяніцца ў любы момант. Псіхіка залежнага працуе такім чынам: як толькі ён вырашае кінуць, апантанасць захліствае яго з яшчэ большай сілай.

Як заўважыць, што блізкі ўжывае «соль»?

Насцярожыць павінна тое, што празмерна, неўласціва ў самых звычайных бытавых рэчах.

  • Вельмі моцны апетыт на працягу некалькіх дзён ці, наадварот, нежаданне дакранацца да ежы;
  • павышаная дрымотнасць (некалькі дзён спіць), якая чаргуецца з перыядамі моцнага ўзбуджэння і актыўнасці, амаль поўнай адсутнасці сну;
  • сляды ўколаў альбо нейкія прадметы для курэння, назальнага ўжывання (скручаныя трубачкі, купюры, шкляныя слоічкі, піпеткі);
  • рэзкія скокі настрою, а таксама незвычайныя эмацыянальныя рэакцыі. Да прыкладу, моцны гнеў з нагоды малаважнага эпізоду і поўная абыякавасць да сітуацый, якія прадугледжваюць эмацыянальны ўсплёск;
  • празмерная трывожнасць – дакучлівыя думкі пра тое, што нехта праследуе, сочыць, прыйдзе, забярэ;
  • частыя «пазаштатныя» сітуацыі – раптам стала неабходна часта затрымлівацца на працы па вечарах, пастаянна сталі здарацца нейкія форс-мажоры, якія патрабуюць ад'езду;
  • начныя выхады пагуляць;
  • прапажа грошай або рэчаў.

Што рабіць, калі вы жывяце ў доме з «солевым» наркаманам?

  • Паспрабаваць пагаварыць і растлумачыць сітуацыю.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Калі чалавек сапраўды толькі-толькі пачаў ужываць і такім чынам бяжыць ад праблем, магчыма, атрымаецца з ім адкрыта пагаварыць пра тое, што патрабуецца дапамога спецыяліста. На пачатковых этапах не заўсёды патрэбна нават рэабілітацыйная праграма. Дастаткова сустрэч з добрым псіхолагам, які растлумачыць, да чаго прывядзе сітуацыя і як яшчэ можна спраўляцца з перажываннямі. Калі наркаман ужо ўвайшоў у стадыю адмаўлення і не ўсведамляе праблему («Ды супакойся, усё нармальна, я толькі крыху расслабляюся»), справа больш сур'ёзная.
  • Не хаваць праблему.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Людзі, у сям'і якіх з'яўляецца наркаман, часта саромеюцца гэтага факту і лічаць за лепшае маўчаць. Залежнаму гэта на руку: яго фактычна пакрываюць. Тактыка дзеяння павінна быць іншая: ведаць пра тое, што ў члена сям'і праблемы з ужываннем наркотыкаў, павінна як мага больш людзей.
  • Пры немагчымасці дастукацца, засцерагчы сябе ад стасункаў.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Так, магчыма, цяпер ваш блізкі у цэлым паводзіць сябе як звычайна. І, за выключэннем нячастых перыядаў ужывання, ён здольны да дыялогу і здаецца, што ў цэлым сітуацыя яшчэ не крытычная. Але гэта самападман. Сітуацыя можа змяніцца ў любую хвіліну. Я бачыў вельмі шмат такіх гісторый. І ўсе яны заканчваюцца аднолькава: з цягам часу ўжыванне становіцца ўсё часцей, узнікаюць сітуацыі псіхозу, эмацыянальнага, фізічнага, фінансавага гвалту. У нас прынята адмахвацца ад праблемы, пакуль гром не грымне. Вось калі, напрыклад, пад спайсамі падлеткі ў стане псіхозу адрэзалі свайму таварышу галаву (падобныя страшныя выпадкі, на жаль, не адзінкавыя), тады мы сталі гаварыць пра гэта. Соль – небяспечны наркотык, і наступствы яе ўплыву на арганізм непрадказальныя. Калі чалавек не прызнае праблему і адмаўляецца яе вырашаць, трэба засцерагчы сябе ад стасункаў з ім і сумеснага пражывання, асабліва, калі ў кватэры ёсць дзеці.

Асаблівасці лячэння «солевых» наркаманаў

Падыход да рэабілітацыі «солевых» наркаманаў асаблівы.

  • Псіхалагічнае ўмяшанне нярэдка падмацоўваецца прыёмам лекавых сродкаў. Часцей за ўсё гэта антыдэпрэсанты і нейралептыкі.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Солі ўплываюць на псіхіку і псіхаэмацыйны стан чалавека так моцна, што могуць пачацца псіхіятрычныя адхіленні. У нашай практыцы не аднойчы былі выпадкі, калі мы разумелі, што патрабуецца дапамога псіхіятра.
  • Неабходнасць больш працяглага перыяду рэабілітацыі. Калі ў алказалежных ён складае 3 месяцы, а «звычайных» нарказалежных – паўгода, дык для пазбаўлення ад вельмі моцнай псіхалагічнай прывязкі пасля ўжывання «соляў» рэабілітацыя павінна займаць не менш за год.

Нягледзячы на «бяскрыўдную» назву, соль – небяспечны сінтэтычны наркотык, наступствы ўздзеяння якога на арганізм непрадказальныя. Не варта верыць казкам наркамана пра тое, што ўсё пад кантролем. Самы верны спосаб выратаваць блізкага чалавека – не хаваць праблему і паспрабаваць пераканаць звярнуцца да спецыяліста.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

6 0 28

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.