09.06.2020
09.06.2020

Сонцаахоўны крэм. Разбіраемся з маркіроўкай

logo
Прыгажосць і догляд
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Каб пазбегнуць апёкаў ад сонца і абараніць скуру ад ультрафіялету, варта выкарыстоўваць спецыяльныя сонцаахоўныя крэмы. Але як іх правільна падабраць? Што ўлічваць? І як не разгубіцца ва ўсёй разнастайнасці касметычных сродкаў?

Пра гэта журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі запыталася ў Ірыны Яўсеенкі.

Вывучаем этыкетку крэму

Абрэвіятура SPF расшыфроўваецца як«Sun Protecting Factor». У перакладзе з англійскай – «сонцаахоўны фактар». Гэтыя тры літары пішуць на сродках з рэчывамі, што блакіруюць шкоднае ўздзеянне на скуру ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Існуюць тры тыпы такіх прамянёў – А, В і С.

  • Прамяні тыпу А (UVA) – доўгахвалевая частка ўльтрафіялетавага спектра. Прамяні маюць назапашвальнае ўздзеянне. Яны спрыяюць з'яўленню так званага «павольнага» (часам праз трое сутак) і ўстойлівага загару. Пігментныя плямы таксама на іх сумленні, а часам і новыя радзімкі. Такое выпраменьванне самае небяспечнае: не затрымліваецца ні адзеннем, ні аконным шклом, яно пранікае ў глыбокія слаі скуры і выклікае яе фотапашкоджанне
  • Прамяні тыпу В (UVB). Ультрафіялетавыя прамяні тыпу В таксама небяспечныя. Ім мы абавязаныя не толькі загарам, але і сонечнымі апёкамі. Вынік іх уздзеяння бачны практычна імгненна і праяўляецца эрытэмай (пачырваненнем). Разам з тым, UVB-выпраменьванне паглынаецца адзеннем, пераважна светлым. Яшчэ добра абараняюць капялюш, шалік, хустка, бейсболка і сонцаахоўныя акуляры.
  • Прамяні тыпу С – кароткахвалевая частка ўльтрафіялетавага спектра. Яны самыя агрэсіўныя, але бяспечныя, бо не даходзяць да Зямлі, а паглынаюцца яе азонавым слоем.
 
Ірына Яўсеенка
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі
Ультрафіялетавыя прамяні тыпаў А і В могуць справакаваць рак скуры і фотаалергічныя рэакцыі. Таму варта выкарыстоўваць якасныя фотаахоўныя сродкі і абмяжоўваць знаходжанне на сонцы.

Што абазначае лічба за абрэвіятурай SPF?

Ці добра крэм ахоўвае ад ультрафіялетавага выпраменьвання, кажа лічба, што знаходзіцца за абрэвіятурай SPF.

Каб зрабіць маркіроўку больш простай і зразумелай для пакупнікоў, вызначаюць чатыры класы сонцаахоўных сродкаў. Гэта:

  • сродкі з найвышэйшай ступенню аховы (SPF 50 +);
  • сродкі з высокай ступенню аховы (ад 40 да 50 SPF);
  • сродкі з сярэдняй ступенню аховы (ад 15 да 40 SPF);
  • сродкі з нізкай ступенню аховы (ад 6 да 15 SPF).

Варта таксама ўлічваць, што ступень аховы ад ультрафіялетавага выпраменьвання тыпу А можа маркіравацца абазначэннямі IPD, PPD або PA:

  • IPD расшыфроўваецца як Immediate Pigment Darkening. Гэты індэкс кажа, у якой ступені сродак ахоўвае ад прамянёў тыпу А. Максімальны паказчык такога крэму – 90%;
  • PPD – гэта Persistent Pigment Darkening. Ён паказвае, у колькі разоў сродак здольны паменшыць дозу выпраменьвання тыпу А;
  • PA — Protection grade of UVA. Часцей выкарыстоўваецца японскімі вытворцамі крэму. Абазначаецца індэкс колькасцю плюсаў, напрыклад «+» ці «++» .Чым больш плюсаў, тым вышэйшая ступень аховы.

Каэфіцыент паказвае, колькі часу можна бяспечна знаходзіцца на адкрытым сонцы. Напрыклад, без выкарыстання сонцаахоўных сродкаў для чалавека з нардычным тыпам знешнасці (светласкурага) – не больш за 10 хвілін. Гэта час, за які з’явіцца сонечная эрытэма, або пачырваненне. Калі памножыць такі перыяд на паказчык фактару SPF, дык атрымаем хвіліны, на працягу якіх можна бяспечна, без рызыкі апёкаў, знаходзіцца на сонцы з выкарыстаннем пэўнага сонцаахоўнага сродку.

10 хвілін х SPF 50 = 500 хвілін, ці прыкладна 8 гадзін

Такім чынам:

  • калі вы хочаце абараніцца ад ультрафіялетавых прамянёў тыпу А, а менавіта яны правакуюць заўчаснае старэнне скуры, варта выбіраць сродкі з сонцаахоўным фактарам, вышэйшым за 30, і паметкай «шырокі спектр дзеяння»;
  • часам на цюбіках з сонцаахоўнымі сродкамі пазначаная ступень аховы як ад прамянёў тыпу А, так і тыпу В.
 
Ірына Яўсеенка
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі
Варта памятаць, што з-за поту, змазвання далонямі, купання ахоўны слой парушаецца, і яго неабходна своечасова абнаўляць. У любым выпадку час знаходжання пад сонцам не павінен быць большым за 2 гадзіны.

Што трэба ўлічваць пры выбары сродку?

Людзі з тлустай скурай часта кажуць, што ім вельмі нязручна выкарыстоўваць крэмы з высокім сонцаахоўным фактарам з-за цяжкай, шчыльнай тэкстуры. Аднак сёння без праблем можна падабраць сонцаахоўны сродак для любога тыпу скуры – асартымент у крамах багаты.

 
Ірына Яўсеенка
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі
Людзям з тлустай скурай неабходна звяртаць увагу на пазнаку «некамеданагенна». У такіх сродкаў лёгкая тэкстура, у аснове няма алеяў, затое ёсць дадаткі, што матыруюць.

На кожным цюбіку можна знайсці інфармацыю тэрміну прыдатнасці крэму. Калі ён скончыўся – карыстацца сродкам нельга. У лепшым выпадку ён не спрацуе, бо сонцаахоўныя фільтры ўжо разбураныя, у горшым – сапсуецца, і з’явіцца дэрматыт. Пасля адкрыцця ўпакоўкі, як правіла, сродак павінен выкарыстоўвацца прыкладна на працягу года.

Чым адрозніваюцца крэм, алей і спрэй?

Значнай розніцы паміж сонцаахоўным крэмам, алеем і спрэем няма. Што менавіта выкарыстоўваць, залежыць ад вашага выбару. Самае галоўнае – правільна наносіць касметычны сродак. Ён павінен мець дастатковую ступень аховы, не выкарыстоўвацца пасля заканчэння тэрміну прыдатнасці. Апошнім часам сонцаахоўныя сродкі выпускаюць яшчэ і ў выглядзе сцікаў з густой тэкстурай.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».