19.07.2020
19.07.2020

Сонечны грыбок. Чаму з'яўляецца рознакаляровы лішай і як яго лячыць

logo
Кантралюй здароўе
328 028
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Пад назвай «лішай» схавана шмат розных скурных захворванняў, асноўная адметная рыса якіх – з’яўленне плямаў, якія лушчацца. Пра адну разнавіднасць гэтай хваробы мы пісалі ўжо ў нашым матэрыяле. На гэты раз гаворка пойдзе пра рознакаляровы (альбо вотруб’епадобны) лішай.
Рознакаляровы лішай.

Сваю назву захворванне атрымала шмат у чым з-за свайго знешняга выгляду – на скуры з’яўляюцца высыпанні розных адценняў: ружовыя, белыя альбо карычневыя. Паверхня бляшак пакрытая дробнымі светлымі сухімі лускавінкамі, якія пры іх пашкоджанні (напрыклад, пры расчэсванні) пачынаюць лушчыцца.

Аб прычынах з’яўлення хваробы, сімптомах, дыягностыцы і лячэнні рознакаляровага лішая журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

У чым прычына?

Рознакаляровы лішай – інфекцыйнае грыбковае захворванне верхняга слоя скуры, якое выяўляецца карычнявата-ружовымі плямамі без запаленняў. Узбуджальнікам захворвання з’яўляецца дрожджападобны грыб Pityrosporumorbiculare альбо Malassezia furfur і М.globosa, які ў большасці людзей з’яўляецца прадстаўніком звычайнай мікрафлоры. Распаўсюджанасць захворвання вышэйшая ў краінах з гарачым кліматам (дасягае 50%) і ніжэйшая ў краінах з халодным кліматам (да 1,1%). Ён «жыве» ў лускавінках рагавога слоя эпідэрмісу і ў валасяных фалікулах. Часцей за ўсё абвастраецца захворванне ў гарачы летні перыяд. Найбольш схільныя да яго людзі ў маладым і крыху больш старэйшым узросце (прыкладна ад 16 да 40 гадоў), тады як у дзяцей (асабліва да 7 гадоў) і людзей сталых рознакаляровы лішай сустракаецца рэдка.

Рознакаляровы лішай.

 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Рознакаляровы лішай характарызуецца хранічным цячэннем, схільны да частых рэцыдываў. Разам з тым, хвароба малазаразная. Актывізуецца з надыходам спякоты і часцей за ўсё сустракаецца сярод насельніцтва ў краінах з павышанай тэмпературай і вільготнасцю паветра. Дарэчы, з-за гэтай асаблівасці рознакаляровы лішай яшчэ называюць «сонечным грыбком».
Нягледзячы на тое, што рознакаляровы лішай практычна не заразны, перадача ўзбуджальніка ад чалавека да чалавека магчымая. Напрыклад, пры цесным кантакце, а таксама пры нашэнні чужой вопраткі або выкарыстанні асабістых рэчаў (напрыклад, ручніка) хворага чалавека.

З’яўленню рознакаляровага лішая могуць спрыяць павышаная патлівасць (напрыклад, з-за спякоты ці падчас фізічнай нагрузкі), змена хімічных складаў поту і скурнага сала, себарэя, гарманальны дысбаланс (цяжарнасць, цукровы дыябет), саматычныя захворванні (сухоты, анкалагічныя захворванні), імунадэфіцытныя і імунасупрэсіўныя станы, невыкананне правілаў гігіены, зніжэнне функцыі фізіялагічнага аблушчвання скуры, спадчынная схільнасць. Інкубацыйны перыяд можа доўжыцца ад 14 дзён да 2 месяцаў.

 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Акрамя пералічаных, прычынамі развіцця захворвання могуць таксама быць індывідуальныя асаблівасці скуры, слабы імунітэт, захворванні страўнікава-кішэчнага тракта, інфекцыі, лішняя вага, цукровы дыябет. Уносіць сваю лепту любоў да адзення з сінтэтычных матэрыялаў, стрэс, курэнне і злоўжыванне алкаголем, прыём некаторых медыкаментаў (антыбіётыкаў) і гарманальных прэпаратаў (напрыклад, кантрацэптываў).
Рознакаляровы лішай.

Як вызначыць, што з’явіўся рознакаляровы лішай?

На пашкоджаных участках скуры ўтвараюцца жаўтлява-карычневыя або ружова-карычняватыя плямы. Паступова яны павялічваюцца ў памерах, могуць злівацца паміж сабой, займаючы ўсе вялікія ўчасткі скуры і фарміруючы ачагі розных памераў з дакладнымі межамі. З часам плямы набываюць цемнавата-бурую афарбоўку, але колер можа вар’іраваць ад амаль белага да жоўта-карычневага.

Самыя «ўпадабаныя» месцы захворвання – скура шыі, плячэй, грудзей, жывата, падпашная вобласць, бакавыя паверхні тулава. Выпадкі высыпанняў на сцёгнах, палавых органах і валасістай частцы галавы – рэдкія.

 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Самаадчуванне хворага не мяняецца, звычайна плямы не выклікаюць дыскамфорту, хіба толькі ў псіхалагічным плане з-за пагаршэння знешняга выгляду. Сверб турбуе рэдка. Часта высыпанні суправаджаюцца лушчэннем, якое лёгка з'яўляецца пры фізічным уздзеянні.
Спецыяліст дадала таксама, што калоніі грыба могуць фільтраваць ультрафіялет і перашкаджаць натуральнаму загару, пакідаючы пасля сябе плямы белага колеру (псеўдалейкадэрма). Гэта звязана з тым, што грыбок не дае выпрацавацца меланіну, які афарбоўвае нашу скуру пасля загару, таму ў месцах, дзе былі размешчаныя высыпанні, скура застаецца светлай.

Рознакаляровы лішай.

Пастаноўка дыягназу

Дыягностыка захворвання ў большасці выпадкаў не выклікае цяжкасцяў. Як правіла, рознакаляровы лішай мае характэрную клінічную карціну. Разам з тым, калі хвароба дыягнаставаная, пажадана абследаваць на наяўнасць захворвання ўсіх сямейнікаў.

Калі дыягназ выклікае ва ўрача сумнеў, ён можа прызначыць дадатковыя даследаванні:

  • ёдавая проба Бальцэра (пашкоджаную скуру апрацоўваюць ёднай настойкай, якую хутка ўсмоктвае разрыхлены грыбам рагавы слой, у выніку плямы набываюць цёмна-карычневае адценне);
  • мікраскапічнае даследаванне (выяўленне элементаў грыба на месцы высыпання);
  • агляд пад люмінесцэнтнай лямпай Вуда, захворванне выяўляецца жоўта-аранжавым свячэннем (неабходна для выяўлення нябачных воку высыпанняў – клінічна схаваных ачагоў пашкоджання).
 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
У некаторых выпадках пры дыягностыцы рознакаляровага лішая неабходна выключыць іншыя скурныя захворванні, такія як сіфілітычная разеола і ружовы лішай Жыбера.

Што ўключае тэрапія захворвання?

Рознакаляровы лішай. Карысны душ.

Самае галоўнае ў лячэнні рознакаляровага лішая – захаванне гігіены. Пот і назапашаны бруд – выдатнае асяроддзе для размнажэння грыбка. Каб пазбегнуць празмернай патлівасці, неабходна выбіраць вопратку па надвор’і і сезону, аддаваць перавагу натуральным тканінам. Прымаць ванну альбо душ (але не гарачы, бо высокая тэмпература вады можа справакаваць сверб) пры рознакаляровым лішаі можна, але лепей не выкарыстоўваць мыла. Старую мачалку варта выкінуць.

 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Усю вопратку, пасцельную бялізну неабходна прасаваць з парай з двух бакоў, праводзіць штодзённую ўборку ў доме з выкарыстаннем сродкаў дэзінфекцыі, як мага часцей мяняць споднюю бялізну, прадметы асабістай гігіены. Каб выключыць паўторнае заражэнне або рэцыдыў захворвання, рэкамендуецца выкарыстанне супрацьгрыбковых геляў (шампуняў) для душа, а таксама пасля наведвання сауны, басейна або трэнажорнай залы, іншых грамадскіх месцаў.
Лечаць рознакаляровы лішай супрацьгрыбковымі прэпаратамі. Яны могуць быць у выглядзе мазяў, ласьёнаў альбо раствораў, таблетак. У складзе гэтых лекавых сродкаў часцей за ўсё ёсць саліцылава-рэзарцынавы спірт і ёд, флуканазол альбо ітраканазол. Пасля завяршэння тэрапіі ніякіх слядоў на скуры не застаецца.
 
Юлія Баранава
Касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Перш чым пачаць лячэнне, кансультацыя дэрматолага абавязковая! Бо візуальна рознакаляровы лішай падобны да іншых, больш заразных захворванняў, і неабходная дыфдыягностыка. Тэрапія многіх скурных хваробаў пачынаецца з устанаўлення першапрычыны захворвання, інакш пацыента чакаюць частыя рэцыдывы захворвання, якія доўжацца гадамі.

Што рабіць, каб не захварэць?

Прафілактыка рознакаляровага лішая шмат у чым выцякае з прычынаў з’яўлення хваробы. Каб папярэдзіць захворванне, Юлія Баранава раіць:

  • скарэктаваць павышаную патлівасць;
  • выбіраць бялізну з натуральных тканінаў;
  • захоўваць асабістую гігіену;
  • не насіць чужых рэчаў і карыстацца толькі асабістым ручніком;
  • сваю вопратку варта дэзінфікаваць (прасаваць з парай);
  • можна праціраць скуру саліцылавым спіртам альбо падкісленай вадой (водна-салявы раствор або водна-воцатны);
  • не варта загараць пасля купання, скура павінна падсохнуць;
  • не грэбуйце сонцаахоўнымі сродкамі з SPF-фільтрам;
  • немалаважнае значэнне мае рэжым сну і адпачынку, а таксама паўнавартаснае збалансаванае харчаванне.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

328 0 28

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама