17 Лістапада
17.11.2018

СПА-салон, не выходзячы з дому. 5 хатніх аналагаў салонных працэдур

logo
50+ Другое дыханне
160 0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як зрабіць так, каб скура выглядала бездакорна, нібы вы толькі ўчора наведалі касметолага? Напэўна, любая дзяўчына, жанчына і нават мужчына многім бы ахвяравалі дзеля валодання такім сакрэтам. Вольга Планкова, касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія», распавяла чытачам партала Здаровыя людзі аб простых спосабах выглядаць свежа і дагледжана штодня. Пры гэтым не выдаткоўваючы вялікія грошы на касметычныя сродкі, а выкарыстоўваючы тое, што ёсць пад рукой. Такім чынам, 5 лайфхакаў догляду ад нашага эксперта.

1. Ачышчэнне

Каб скура ззяла, выглядала свежай і адпачыўшай, яе трэба правільна ачышчаць.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
80% дзяўчын і жанчын карыстаюцца дэкаратыўнай касметыкай. На працягу дня макіяж выконвае «ахоўную» функцыю для нашай скуры. На ім асядаюць мікрачасцінкі пылу, атмасферных забруджванняў. Таму змываць макіяж трэба абавязкова, ні ў якім разе не пакідаючы «бруд» на твары на ноч!

Ідэальны ачышчальны сродак, які варты ўсіх слоічкаў і флаконаў з умывалкамі, тонікамі, міцэлярнай вадой і г.д. – звычайная аўсянка. Шматкі лепей папярэдне здрабніць у кавамолцы або блэндэры, атрыманую муку злёгку развесці вадой да стану кашыцы. Яна добра мыліцца, выдатна здымае касметыку і падыходзіць для любога тыпу скуры.

Для людзей з тлустай скурай такі ж ачышчальны сродак можна прыгатаваць на аснове рысавай мукі (замест аўсянкі). Дзякуючы матыруючаму эфекту рысавая кашыца не толькі ачысціць скуру ад забруджванняў, але і прыбярэ тлусты бляск.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
Недастаткова проста зняць касметыку з твару і апаласнуць яго вадой. Варта як мінімум на працягу 2 хвілін кругавымі рухамі пальцаў наносіць ачышчальны сродак на ўсю скуру твару і шыі. Так мы атрымаем двайны вынік: і чыстую скуру, і лёгкі масаж.

2. Увільгатненне

Залог маладосці і ззяння скуры – яе дастатковае ўвільгатненне. Прычым у гэтым аднолькава мае патрэбу і сухая скура, і тлустая, і камбінаваная.

Універсальны ўвільгатняльны сродак, які падыдзе для любога тыпу скуры, можна прыгатаваць дома літаральна за пару хвілін. Для гэтага спатрэбяцца смятана, дрожджы, яечны бялок і 20 хвілін цішыні і спакою.

У смятану пакаёвай тэмпературы дадаем дробку сухіх дрожджаў (або 5-10 г свежых), даем ім крыху размякнуць (актыўнага працэсу закісання чакаць не трэба), і можна наносіць: альбо адзін раз тоўстым пластом, альбо паэтапна (тонкім пластом кожныя 3-5 хвілін). Прынцыпова трымаць маску на твары не менш за 20 хвілін, каб атрымаць максімальны эфект. Зрэшты, гэтае правіла справядліва для любых масачных працэдур.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
Гэты сродак добры тым, што не патрабуе ніякіх намаганняў для прыгатавання і строгага захоўвання прапорцый. У крайнім выпадку можна абысціся адной толькі смятанай – яна цудоўна ўвільгатняе скуру. Дрожджы ўзмацняюць касметычны эфект – яны сілкуюць скуру вітамінамі групы В, якія валодаюць супрацьзапаленчым і танізавальным дзеяннем, спрыяюць рэгенерацыі клетак скуры.

Уладальнікам тлустай скуры напэўна спадабаецца маска на аснове яечнага бялку і дрожджаў (алгарытм прыгатавання такі ж, як і маскі са смятанай). Выкарыстанне яечнага бялку надае масцы матыруючыя ўласцівасці.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
Любыя маскі дастаткова рабіць 2 разы на тыдзень. Раніцай ці вечарам – усё роўна. Галоўнае, на 20-30 хвілін адкласці ўсе свае справы. Каб атрымаць карысць ад працэдуры, мышцы твару павінны быць максімальна расслабленыя. Так што лепш не сумяшчаць касметычныя працэдуры з хатнімі клопатамі – прыбіраннем ці гатаваннем.

3. Танізаванне

Важны кампанент працэдур догляду. Тонік абсалютна неабходны ў комплексе ачышчэння і ўвільгатнення скуры. Гэты сродак дапамагае аднавіць pH-баланс скуры, які можа быць парушаны, напрыклад, пасля ўмывання жорсткай водаправоднай вадой. Ён таксама звужае поры і надае скуры свежы выгляд.

Бюджэтным (але не менш эфектыўным) аналагам тоніка можа выступаць мінеральная вада.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
А таксама ў якасці тоніка можна выкарыстоўваць настоі траў: ліпы, рамонку. Адзінае, іх трэба з асцярожнасцю прымяняць тым, у каго порыстая скура. Травы маюць уласцівасць афарбоўваць пашыраныя поры. Так што замест чыстай скуры ёсць рызыка атрымаць цалкам адваротны эфект.

4. Ліфтынг

Асаблівай папулярнасцю сярод кліентаў касметычных салонаў карыстаюцца працэдуры ліфтынгу (падцяжкі скуры). Але і ў хатніх умовах можна прыгатаваць маску, эфектыўнасць якой мала чым адрозніваецца ад прафесійных працэдур.

Запісвайце: у 30 мл вады дадаць 3 г жэлаціну, нагрэць на вадзяной лазні, пакуль жэлацін ні набухне. Затым дадаць 60 г гліцэрыны і сталовую лыжку мёду. Маску наносіць на ачышчаную скуру твару і шыі цёплай (не гарачай!). Праз 20 хвілін вы станеце маладзейшымі гадоў на 5, а калі пашанцуе – на ўсе 10.

 
Вольга Планкова
Касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія»
І ўсё ж такі вельмі не раю рабіць першы раз такія працэдуры перад важным мерапрыемствам або выхадам у свет. Індывідуальную рэакцыю ніхто не адмяняў.

5. Догляд за целам

Вядома ж, догляд за сабой не абмяжоўваецца толькі працэдурамі для твару. Нішто так не ўплывае на самаацэнку, як адчуванне ўласнай дагледжанасці літаральна з галавы да пят.

Дарэчы, пра пяткі. Ружовымі, мяккімі і пяшчотнымі навобмацак яны становяцца дзякуючы кастораваму алею. У аптэцы флакончык каштуе капейкі, а эфект забяспечаны на 200%. Максімальнага эфекту можна дамагчыся, калі змазаць пяткі алеем, абгарнуць харчовай плёнкай, надзець баваўняныя шкарпэткі і пакінуць на ноч.

Для ўвільгатнення і змякчэння скуры рук ідэальна падыходзіць стары добры, правераны не адным пакаленнем сродак – сумесь гліцэрыны і нашатырнага спірту ў прапорцыі 2: 1.

І напрыканцы наш адказ касметычным крэмам і алеям для цела. Лепш за аліўкавы алей можа быць толькі... аліўкавы алей. Сакрэт у тым, каб выкарыстоўваць яго ДА паходу ў душ – нанеслі, счакалі хвілін 5, змылі. І можна атрымліваць асалоду ад скуры, якую рамантыкі паэтычна назвалі шаўковай.

Усе пералічаныя рэцэпты абсалютна ўніверсальныя, падыходзяць як дзяўчынам і жанчынам, так і мужчынам. Аднак, трэба разумець, што яны эфектыўна працуюць для падтрымання свежасці і чысціні беспраблемнай скуры. Пры відавочных дэфектах і праблемах (напрыклад, вугравы сып, акне, глыбокія мімічныя маршчыны, выражаны птоз і г.д.) без дапамогі прафесійнай касметыкі і касметолагаў не абысціся. Але пра гэта наступным разам.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

160 0 60

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».