03.08.2019
03.08.2019

Спартыўнымі крокамі – да бадзёрасці і весялосці

logo
Навiны
0 120
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Месячны марафон «#САД – Спартыўны, Актыўны, Даступны» стартаваў у Мінску. Насычаная праграма разгарнулася на базе РЦАП па фрыстайле. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта БЕЛМЕД.

Месячны марафон «#САД

На адкрыцці марафону прысутнічалі намеснік міністра аховы здароўя – Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Берэнд дэ Гроат, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар і начальнік упраўлення спорту Міністэрства спорту і турызму Эдуард Бабкін.

– Гэтая інфармацыйная стратэгія заклікае звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні захавання здароўя. Мерапрыемства праходзіць у партнёрстве з арганізацыямі, якія надаюць вялікае значэнне дабрабыту падрастаючага пакалення. Міністэрства аховы здароўя рэалізуе шэраг прафілактычных праграм. Важна, каб удзельнічалі ў іх усе. Спадзяюся, што марафон працягнецца ў абласных і раённых гарадах, асабліва прыхільных да здаровага ладу жыцця. У краіне 46 удзельнікаў праекта «Здаровыя гарады». Унёсак у здароўе – унёсак у будучыню, – падкрэсліла Наталля Жукава.

Берэнд дэ Гроат выказаў падзяку Міністэрству аховы здароўя за падтрымку ініцыятывы прасоўвання здаровага ладу жыцця і адзначыў:

– Мы ствараем умовы, у якіх усе людзі, незалежна ад стану здароўя, могуць займацца спортам.

Рашэд Мустафа Сарвар звярнуў увагу, што ў Беларусі добрая сетка спартыўных устаноў. І трэба выкарыстоўваць іх для прасоўвання здаровага ладу жыцця.

На адкрыцці марафону пауэрліфтар, рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Кірыл Шымко уразіў, як лёгка гнецца патэльня і ўзрываецца грэлка. Уласным прыкладам матываваў паралімпійскі чэмпіён па плаванні Аляксей Талай.

Кірыл Шымко

Адзіна- і шматбор’е, пілатэс, стрэйчынг, танцы, ёга, плаванне, велашкола, футбол… Удзельнікі марафону могуць паспрабаваць сябе ў розных відах фізічнай актыўнасці і знайсці трэніроўку да душы.

Так, прафесійны трэнер-педагог, майстар спорту па вольнай барацьбе Уладзімір Буры правёў майстар-клас па адзінаборстве. Для нашых чытачоў спартсмен расказаў, з чаго пачаць здаровы лад жыцця.

Уладзімір Буры

– Пачніце з лёгкіх трэніровак: зарадка, расцяжка, прагулка, прабежка. Штодзень дадавайце некалькі хвілін. Адразу моцная нагрузка можа адбіць жаданне займацца, выклікаць мышачны боль. Праз месяц можна пайсці ў трэнажорную залу. Калі такой магчымасці няма, уключайце відэаролікі ў інтэрнэце і займайцеся дома. Калі мэта – пахудзець, галоўным чынам пачніце правільна харчавацца, – патлумачыў Уладзімір Буры.

На сняданне спартсмен раіць аўсянку з садавіной, якая забяспечыць энергіяй і сытасцю на 2–3 гадзіны. Ад кавы лепей адмовіцца. Яна павышае энергічнасць, а пасля апускае яшчэ ніжэй, чым было. Найлепшы напой –звычайная вада. З бялкоў ужываць курыцу, тварог, яечны бялок, арэхі. Тлушчы атрымліваць з ільнянога алею, авакада ды іншага. Адмовіцца ад чыстага цукру. Салодкую садавіну есці ў першай палове дня, на другую пакінуць цытрусавыя.

– На марафоне працуюць два ўрачы агульнай практыкі і два памочнікі ўрача. Яны ўзважваюць пацыентаў на «разумных вагах». Прыбор дазваляе вызначыць індэкс масы цела, абмен рэчываў, долю вады, тлушчавай тканкі, шчыльнасць касцявой тканкі, мышачную масу і тым самым выявіць фактары рызыкі. Медыкі вымяраюць артэрыяльны ціск і выяўляюць парушэнні сардэчнага рытму. Пасля складаюць пашпарты здароўя і даюць рэкамендацыі па харчаванні, фізічнай актыўнасці, далейшым абследаванні. У другі чацвер можна пракансультавацца ў кардыёлага, трэці – неўролага, чацвёрты – валеолага, пяты – траўматалога-артапеда, – паведаміла галоўны ўрач 39-й гарадской клінічнай паліклінікі г.Мінска Вольга Есманчык.

У першы чацвер да ўрачоў звярнуліся 109 чалавек. Самай распаўсюджанай праблемай стала лішняя вага ва ўзросце пасля 40 гадоў.

На пытанні пра харчаванне адказала галоўны пазаштатны дыетолаг камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама Марына Папова.

– Каля 30 % беларусаў маюць лішнюю вагу і атлусценне. Праблемы часта назіраюцца у дзяцей, ужо ў дзіцячым садку. Людзі няправільна харчуюцца і пераядаюць, дапускаюць вялікія інтэрвалы паміж прыёмамі ежы, злоўжываюць вугляводамі, – адзначыла Марына Валянцінаўна. – Прасцей згатаваць макароны і сасіскі, чым курынае мяса і гарнір з гародніны, запяканку, сырнікі.

Пачынаць худзець трэба са звароту да тэрапеўта (дзецям – да педыятра) і медыцынскага абследавання. Галоўная парада дыетолага – есці ўмерана і не злоўжываць шкоднымі прадуктамі накшталт фастфуду.

Фота – Віталь Гіль.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 120

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»