18 Чэрвеня
18.06.2019

Сперма ад памерлых, органы ад жывых: можна ці нельга?

logo
Навiны
4 043
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Рэдагаванне генаў, сурагатнае мацярынства, планаванне полу будучага дзіцяці, трансплантацыя органаў… Медыцынскія тэхналогіі імкліва развіваюцца, а людзі не паспяваюць сачыць, што ж з забароненага ператварылася ў даступнае, з немагчымага – у штодзённае. Журналіст партала 24health.by паспрабаваў сістэматызаваць інфармацыю.

Якія тэхналогіі дазволеныя ў Беларусі?

Дазволеныя: Сурагатнае мацярынства, экстракарпаральнае апладненне (злучэнні сперматазоіда і яйкаклеткі па-за арганізмам жанчыны і перанос эмбрыёна ў матку), штучная iнсемiнацыя (увядзенне мужчынскіх палавых клетак у матку штучным шляхам), перасадка органаў ад памерлага донара і ад жывога блізкага родзіча.

Забароненыя: Эўтаназія, перасадка органаў ад няроднаснага жывога донара, кланіраванне чалавека, выкарыстанне эмбрыёнаў у навукова-даследчых мэтах.

Але хутка сёе-тое зменіцца. 23 мая 2019 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла законапраект «Аб змяненні Закона «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях». Неўзабаве ён уступіць у сілу і пашырыць некаторыя магчымасці:

  • узрост донараў сперматазоідаў павялічваецца да 50 гадоў уключна (цяпер 18-40 гадоў);
  • узрост донараў яйкаклетак для неананімных донараў павялічваецца да 49 гадоў уключна (цяпер гранічны ўзрост 35 гадоў);
  • асобы, якія не маюць медыцынскіх паказанняў да ўжывання дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, атрымаюць права на захоўванне сваіх палавых клетак;
  • узрост сурагатнай маці павялічваецца да 49 гадоў уключна, калі яна з’яўляецца сваячкай пацыента (цяпер 20-35 гадоў).

Ці можна браць сперму ад памерлага мужа для зачацця?

У некаторых краінах гэта забаронена, у некаторых – магчыма, калі чалавек папярэдне даў пісьмовую згоду, у іншых пісьмовы дакумент не патрабуецца. У Ізраілі, да прыкладу, салдаты загадзя здаюць сперму для замарозкі. І калі яны гінуць у баявых дзеяннях, удовы могуць выкарыстоўваць сперму для зачацця дзіцяці ў рэпрадуктыўных клініках.

Беларускае заканадаўства пакуль гэта забараняе. Згодна з законам, выкарыстанне незапатрабаваных у выніку прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій палавых клетак пацыента, памерлага або абвешчанага ў судовым парадку нябожчыкам, забараняецца.

Ці можна сёння выбіраць пол дзіцяці?

Не. Згодна з нашым заканадаўствам пры ўжыванні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій выбар полу будучага дзіцяці не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў магчымасці атрымання ў спадчыну захворванняў, звязаных з полам.

Ці забіраюць органы ў жывых для дапамогі хворым?

Жывымі донарамі могуць быць толькі родзічы. Аднак тут таксама чакаюцца змены. Прыняты ў другім чытанні законапраект аб змене Закона «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» пашырыць кола асобаў, якія адносяцца да патэнцыяльных жывых роднасных донараў – да сваякоў 3-4 калена (стрыечных братоў і сясцёр, пляменнікаў, траюрадных братоў і сясцёр). Раней ахвяраваць орган маглі толькі бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры пацыента.

Акрамя таго, стане легальнай перакрыжаваная трансплантацыя – гэта значыць, ад чужога жывога донара. Калі орган не падыдзе родзічу-пацыенту, яго могуць прапанаваць чужому чалавеку ў выпадку сумяшчальнасці.

Ці можна сёння завяшчаць сваё цела медыцыне?

Можна, але не ўсім. Згодна з Законам «Аб ахове здароўя» чалавек можа здзейсніць анатамічны дарунак – добраахвотна перадаць пасля смерці сваё цела, органы і тканкі ў арганізацыю аховы здароўя або медыцынскую ВНУ для выкарыстання ў адукацыйным працэсе і навуковых даследаваннях. Калі чалавек перадумае – можна напісаць новую заяву аб адклiканнi дарунка. Па Інструкцыі аб парадку і ўмовах анатамiчнага дарунка, выключаецца дэперсаналізацыя. Гэта значыць, што цела зарэгіструюць, яно не застанецца безыменным. Пасля завяршэння выкарыстання цела і органаў арганізацыя павінна прыняць меры па іх захаванню.

Не падлягаюць перадачы ў дарунак цела, органы, тканкі ў выпадку, калі смерць заяўніка наступіла ад інфекцыйнага захворвання, якое ўяўляе небяспеку для здароўя насельніцтва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

4 0 43

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).