16 Кастрычніка
16.10.2020

«Споведзь рэаніматолага». І праз 20 гадоў – без зменаў…

logo
Думкі ўслых
0 0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння – Сусветны дзень анестэзіі. І – прафесійнае свята анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Урачоў, якія «дораць сон на стале аперацыйным». Вядома ж, хочацца напісаць менавіта пра нашых, беларускіх. Тым больш, што з некаторымі знаёма асабіста. Магчыма, гэта будуць асобныя матэрыялы. А сёння… Сёння пра тое, што выпадкова трапілася ў Фэйсбуку і літаральна зачапіла. Гэта «Споведзь рэаніматолага».

Сусветны дзень анестэзіі. Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага.

Ведаеце, як гэта бывае ў сацсетках? У стужцы шмат-шмат-шмат усяго. І ты нават можаш не паспець прагартаць за дзень усё. Таму, бывае, проста – нават не гартаеш. Ці выбіраеш, за што вока зачэпіцца. Да сяброў, вядома ж, час ад часу проста заходзіш на старонкі. А тут (пераклад на беларускую мову мой)…

«Я рэаніматолаг. А калі быць больш дакладным, дык pэaніматолаг-анестэзіёлаг. Вы спытаецеся, што пераважае? Я вам адкажу: хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Адно дзяжурства ты рэаніматолаг, другое – анестэзіёлаг, але сутнасць адна: барацьба са смерцю. Яе, праклятую, мы навучыліся адчуваць усім сваім нутром. А калі казаць навуковай мовай, дык біяполем. Не верце, што яна сівая і з касой у руках. Яна бывае маладая і прыгожая, хітрая, ліслівая і подлая. Расслабіць, абнадзеіць і падмане. Я два дзясяткі гадоў аддаў рэанімацыі, і я стаміўся...»

«Ого, як цікава піша, ажно бярэ за жывое старонняга назіральніка», – паважліва думаю, зірнуўшы на профіль аўтара. І чытаю… Я так уважліва і ўдумліва чытаю, як даўно не чытала допісаў у сацыяльных сетках!!! Бо звычайна гэта робіцца па дыяганалі.

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. Што можна знайсці ў сацсетках.

Напрыканцы заўважаю: «Аўтар: Уладзімір Лаішэўцаў». Ага, значыць, гэта, так бы мовіць, перапост, а не сябар сябра напісаў.

Яшчэ колькі хвілін сяджу задумаўшыся. Затым раблю рассылку некалькім сябрам рэальным: што яны скажуць? Гэта толькі мяне ўразіла ці насамрэч так моцна напісана? І вось ужо колькі дзён у думках раз-пораз вяртаюся да гэтага матэрыялу… А ўчора…

Учора перад напісаннем гэтых думак услых вырашыла даведацца пабольш пра аўтара такіх кранальна-пранізлівых праўдзівых радкоў, якія б’юць, як аголены электрычны дрот. І першае, што даведалася… Яго ўжо няма на гэтым свеце. У 2009-м памёр ад анкалогіі.

Яго няма, а споведзь – жыве. І ў гэтым вялікая заслуга журналіста (што, на жаль, часцей за ўсё таксама застаецца за кадрам), бо не простае занатаванне, а мастацкая апрацоўка, афармленне слоўнае, уласны боль душы, суперажыванне, пранікненне ў думкі іншага чалавека – тут ёсць усё.

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. І пры чым тут праца журналіста.

А падрыхтоўка да гутаркі, пытанні па ходзе размовы, зняцце з дыктафона тэксту, творчая перапрацоўка і складанне самога матэрыялу… Гэта ўсё проста неацэнна! І журналіста зможа зразумець і ацаніць гэтак толькі іншы журналіст, які ведае ўсю «кухню». Таму ў перапостах гэтай «Споведзі», вядома ж, павінна абавязкова стаяць 2 подпісы, і першы – журналіста.

З публікацыі на прасторах сеціва за 2018 год даведваюся імя аўтара. Іна Акімава. Галоўны рэдактар «СГ-26» (расшыфроўка на мове арыгіналу: «СеГодняшняя Газета Красноярск-26»). І на сайце – аповед пра тое, што «Споведзь рэаніматолага»  (http://sgzt.com/k26/?module=articles&action=view&id=4684) фактычна атрымала трэцяе нараджэнне. Трэцяе нараджэнне за 20 гадоў!

Не буду пераказваць падрабязнасці. Усё ахвотныя прачытаюць пра іх, перайшоўшы па спасылцы на сайт «СГ». Таксама раю! Фантастычная гісторыя атрымалася. Вось і скажы, што супадзенняў не бывае… Сапраўды, напісанае застаецца. І сённяшнія анестэзіёлагі-рэаніматолагі падпісваюцца фактычна пад кожным словам «Споведзі».

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. За 20 гадоў «Споведзі» нічога не змянілася...

А колькі нашы беларускія ўрачы могуць да гэтага дадаць свайго! Адна сёлетняя барацьба з каранавірусам чаго вартая… Думаю, журналістам ёсць сэнс сустракацца з анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі часцей, а не толькі ў агульнае ды вузкаспецыяльнае прафесійныя святы… Чым лепей мы пачнем разумець урачоў, тым хутчэй паразумеемся з імі, ці не так?!

Але вернемся да «Споведзі рэаніматолага». Яшчэ хацелася б працытаваць прадмову Іны Акмавай, зробленую ёй да публікацыі ў 2016 годзе: «Гэты мой матэрыял-споведзь выйшаў 15 чэрвеня 2000 года і быў прысвечаны Дню медыцынскага работніка. У тыя гады мы шмат пісалі пра ўнікальную сям'ю жалезнагорскіх урачоў – Асю і Уладзіміра Лаішэўцавых. Яна – урач СЭС, ён – рэаніматолаг-анестэзіёлаг. Уладзімір Аляксандравіч пайшоў з жыцця сем гадоў таму ў красавіку 2009-га, яму быў 61 год. Ася Хадыеўна – паўтара года таму. Нядаўна патэлефанавала малодшая дачка Лаішэўцавых Юля і паведаміла, што, разбіраючы паперы бацькоў, знайшла вось гэтую публікацыю. Яна папрасіла ў памяць пра бацьку яшчэ раз яе надрукаваць. Бо напісана споведзь была (цяпер чаго ўжо хаваць) са слоў Уладзіміра Аляксандравіча. І патэлефанавала Юля, сама таго не ведаючы, акурат у Міжнародны дзень анестэзіёлага – 16 кастрычніка. Мы вырашылі выканаць просьбу. Тым больш, што за 16 гадоў, якія прайшлі пасля выхаду артыкула, нічога ў гэтым свеце не змянілася».

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. Ушануем працу ўрачоў.

Што да гэтага застаецца дадаць?! Давайце цаніць анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, шанаваць іх працу і тое, што яны робяць звыш сваіх абавязкаў, калі перажываюць за кожнага хворага. Са святам, шаноўныя нашы! Няхай вашае здароўе будзе моцным, а праца прыносіць як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне.

А каманда інфармацыйнага партала Здаровыя людзі традыцыйна віншуе з прафесійным святам нашага кіраўніка аддзела інтэрнэт-праектаў, анестэзіёлага-рэаніматолага, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі шаноўную Вольгу Іванаўну Святліцкую! Зычым здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання, шанцавання і ўсіх даброт!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 34

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.