19.07.2022
19.07.2022

Спрэчка кветак (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Ліпень у той год выдаўся надзвычай цёплы, нават гарачы. Была раскоша для ўсяго жывога на зямлі. У палях і лясах, на лугах і на людскіх  сядзібах – усё маладое, пышнае і зялёнае. А яшчэ паўсюль цвілі кветкі – жоўтыя, белыя, чырвоныя, сінія, вохрыстыя, аранжавыя… Мора кветак.

Усё наваколле патанала ў карунках белых рамонкаў, лугавога ільну і браткаў, ліловых званочкаў, цэлыя сцены ружовай маліны. Іх водар вабіць усіх. Над кветкамі лётаюць, уюцца матылькі, дзумкаюць чмялі і пчолы. Але не кожнай кветцы дастаецца такі гонар: сядаюць  працавітыя пчолкі на тыя, што не толькі звабліваюць, але даюць  найсалодкі нектар. Хаця ніводная з іх не хацела прызнаць, што яна не мае асаблівай карысці, калі толькі для ўпрыгожвання.

Спрэчка кветак

У гэты момант кожная кветка струменіла свой адметны пах. І тыя пахі змешваліся і стваралі цудоўную духмянасць.

Сабраліся неяк  кветкі папаўдні на светлай палянцы на агульны сход. Сонца ўжо спала, але ў лугах на ўсе лады стракаталі конікі і кракталі ў балатах жабы. Наўкола – прыгожыя краявіды, поўныя радаснага спакою і маўклівага задумення.

Але спакой быў толькі знешнім: усе кветкі хваляваліся, некаторыя, больш гаманкія, перашэптваліся, даказвалі адно аднаму сваю карысць і пра найбольшае задавальненне чалавеку. Аднак, гэта калі між сабою. Патрэбна было вырашыць: якая кветка самая карысная – ядомая, лекавая і меданосая. Ці толькі дэкаратыўная, альбо  прыдатная толькі ў парфумерыі. Сабраліся, каб выказаць калектыўнае прызнанне самай- самай.

Кветкі

Браткі, або як іх яшчэ завуць Анюціны вочкі, прапанавалі за вядучага сходу Дзівасіл. Супраць азваўся Бадзяк, ружовая расліна з зубчастым калючым лісцем. Але калі Рамонак спытаўся ў Бадзяка пра матывацыю, той не змог аргументаваць сваё меркаванне, ад таго яшчэ больш расчырванеўся, супакоіўся.

Браткі ж пачалі ў наступ за сваю кандыдатуру старшыні сходу. Яны данеслі прысутным адну цікавую легенду пра тое, нібыта ў далёкія часы, калі з хат пачалі знікаць дзеці, якіх выкрадаў Змей.

Тады з’явіўся надзвычай дужы юнак Ілья. Самы што ні ёсць асілак!

І пайшоў змагацца са Змеем. Часам сякера адскоквала ад іх, і тады змею ўдавалася ўкусіць маладога асілка. На целе хлопца з’явіліся  раны, з іх сачылася кроў.

Тады Ілья пайшоў на хітрасць. З усёй моцы ён ударыў сякерай аб валун. Ва ўсе бакі пасыпаліся іскры. Загарэлася сухая трава і лісце. Імгненне – і полымя шугала ўжо над усім лесам. Ілья схапіў гарачую галавешку і стаў тыкаць ёю ў абрубак змяінай шыі, адкуль толькі што зляцела чарговая галава.

Асілак заўважыў, што новыя галовы больш не адрастаюць. Калі пакацілася на зямлю апошняя, юнак апусціў сякеру, сеў і заплакаў. Плакаў ён ад шчасця і радасці.

– Дык вось, да вёскі Ілья ледзь дайшоў – у час бітвы страціў шмат крыві. А неўзабаве і памёр ён.

– О-ох! - загулі прысутныя. - Чаму так несправядліва?

Дзівасіл

Наступным днём на кургане, што быў насыпаны на магіле, вырасла дзівосная жоўтая кветка. Людзі назвалі яе дзевяцьсілам, паколькі асілак перамог дзевяцігаловага змея. Пазней сталі зваць яго больш проста – дзівасіл.

– Выходзіць, што сіла маладога асілка перайшла да расліны, – разважалі Маліны. – Здорава! Але ж гэта толькі адна яго якасць…

– Мяркуем, што для таго, каб быць старшынёй сходу гэтага дастаткова ці не так? – ішлі ў наступ Браткі.

– Та-а-к! – данесліся галасы Чырвонакніжніц – пурпурнай Напёрстаўкі і зялёна-паўзучай Дзеразы.

Дзівасіл стаяў перад усімі. Яго жоўтыя, сабраныя ў “кошычкі” кветкі на высокіх галіністых сцёблах пільна ўглядаліся ў сваіх сяброў. Ён адразу прыняўся выконваць свае абавязкі. Са згоды калектыву, даў характарыстыку ўсім прысутным: якую карысць прыносіць кожная з прадстаўнікоў нашай флоры.

Рамонак узгадаў сваё шырокае прызнанне не толькі як дэкаратыўнай і лекавай кветкі, але і як асаблівай кветкі ўсіх закаханых. Аднак падтрымаў яго адзін Васілёк.

Казачны рамонак

А вось Трыпутнік пачаў з таго, што ён зусім не пустазелле, хаця матычкай часта дастаецца яго карнявішчу. Гаварыў пра лекавыя здольнасці свайго шырокага жылкаватага лісця пры зажыўленні свежых ранаў. Напрыканцы прапанаваў, што было нечаканым для некаторых: самай карыснай кветкай прызнаць Суніцы.

Калі ўсе ахвочыя выказаліся, распачалося галасаванне.

Дзьмухаўцы таксама падтрымалі прапанову Трыпутніка. Адначасова шчыра прасілі прабачэння за сваю ўсеўлазную і надаедлівую прысутнасць на палетках, у гарадах, і людскіх падворках.

Медуніца выхвалялася сваім салодкім нектарам, але пагадзілася з Дзівасілам, што Суніцы не толькі ядомыя, але лекавыя як ягады, так і кветкі, і настоі з лістоў. У іх багата розных вітамінаў. І лячэбныя ўласцівасці Суніц даказаныя, як адны з самых эфектыўных ад усіх кветак.

Казачныя кветкі

Добра тое, хто дзеліцца думкамі падчас размовы, не астаўляючы сабе на памяць.

Дзеля паўнаты адлюстравання той падзеі трэба ўсё ж сказаць, што з пагардаю азваўся адзін самаўлюбёны Нарцыс. Сябе пачаў хваліць. Але яго спынілі і нагадалі: не хвалі сябе, няхай іншыя пахваляць.

Хтосьці ўспомніў пра леташнюю спёку, калі ён, Нарцыс, нахлябтаўся халоднай вадзіцы, і горла заклала як не на тыдзень. А вылечылі яго менавіта Суніцы. Тады сцішыўся хвастун. Пагадзіўся з калектывам. Нават нагадаў легенду пра тое, як з’явіліся на свет гэтыя цудоўныя белыя кветачкі.

І сапрўды такія яны далікатныя на невысокіх сцяблінках сярод зубчастага лісця і вусоў-парасткаў зацвітаюць белыя кветачкі. Неўзабаве на іх месцы з’яўляюцца ярка-малінавыя, ружовыя, а часцей за ўсё чырвоныя ягады. Яны нагадваюць маленькія сэрцайкі. Здавалася, выйшлі з зямлі сэрцы мужных паўстанцаў. І расліны, на якіх з’явіліся ягады-сэрцы, людзі назвалі сумніцамі, бо вельмі сумавалі па загінуўшых героях на чале з адважным воінам Цімохам, што змагаліся супраць рабства абяздоленых сялян, жорсткасці і прагнасці мясцовага князя.

Казачныя кветкі

Нецікава стала жыць князю. Цяпер ён ужо не мог безнаказана, як раней, рабаваць абяздоленых людзей. І таму звярнуўся за дапамогай да суседняга князя. Сабралі абодва незлічонае войска і разбілі атрад сялянскага заступніка Цімохі. Кап’ё трапіла яму прама ў сэрца. Паляглі тут і адважныя паплечнікі Цімохі.

– Сябры, - звяртаўся Рамонак, - я ўспомніў: “Калі я быў маленькім рос нейкім слабенькім зусім. Дык маці мне рабіла розныя адвары з лісткоў суніц. І ў хуткім часе я паправіўся, акрэп. Так што Суніцы, без сумніву  ўзнаўляюць дэфіцыт вітамінаў, і ўзмацняюць агульны тонус жывых арганізмаў”.

Так і вырашылі. Суніцы ж на правах пераможцы шчодра частавалі ўсіх ахвочых салодкімі і духмянымі ягадамі.

Вызначылі і самы найлепшы меданос:  Купальнік.

Як і Васілёк – самая паэтычная кветка. Як і Пералеска – самая першая кветка.

Кветкі 3

Паветра  ап’яняла казачніка сваёй чысцінёй і свежасцю.

Дзе яшчэ давядзецца дыхаць такім водарам, як ні сярод роднай кветкавай прыгажосці!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».