07.04.2022
07.04.2022

Паступала ў медыцынскі, а стала народнай артысткай. Старонкі жыцця Соф’і Друкер

logo
Асобы i лёсы
80 077
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларускае культурнае грамадства гаварыла пра яе — «Зорка на ўсё часы». Цудоўны голас народнай артысткі Беларусі Соф’і Друкер палюбіла не адно пакаленне.

Яшчэ да вайны за ёй замацавалася рэпутацыя дасціпнай прыгажуні. Соф’я Юр’еўна была высокага росту з прыгожай касой. Любыя прыкрасці ўмела ўспрымаць лёгка, часам з гумарам. Вакол яе было многа людзей: хтосьці пакланяўся, хтосьці зайздросціў, але веліч яе асобы – немагчыма прымяншаць. Сёлета святкуем 115 год з дня нараджэння таленавітай артысткі.

Соф’я Друкер нарадзілася ў мястэчку Копысь Горацкага павета Магілёўскай губерні ў сям’і скрыпача. Наваколле яе бацьку ведала добра, і будучую спявачку ўспрымала з цікавасцю. У сям’і было некалькі дачок, але ж на Соф’ю чамусьці ўскладалі вялікія надзеі. Бацька лічыў, што яе лёс павінен скласціся дзякуючы выбару перспектыўнай прафесіі ўрача. Аб кар'еры артысткі яна зусім не марыла, толькі зрэдку нешта напявала сабе пад нос. Але ў жыцці ўсё вырашыў выпадак.

Выпадковае не выпадкова!

Пасля дзевяці класаў навучання дзяўчынка Соф’я паехала паступаць у медыцынскі каледж у Віцебск, яшчэ не ведаючы, што студэнтаў туды будуць набіраць толькі праз год. Слёзы расчаравання хутка змяніліся рашучасцю штосьці прыдумаць, каб не вяртацца дадому без выніку: успомніла, што недзе паблізу бачыла шыльду з надпісам «Музычны тэхнікум». Прыйшла туды і хутка здала іспыты, стала студэнткай, плануючы ў наступным годзе зноў спрабаваць падаваць дакументы ў медыцынскі.

Соф'я Друкер

Ужо праз паўгода Соф’я Юр’еўна спявала партыю Вольгі ў студэнцкай пастаноўцы оперы Даргамыжскага «Русалка». На прэм’еры прысутнічалі педагогі толькі нядаўна адкрытага Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікума. Рэдкі тэмбр студэнткі Друкер іх уразіў настолькі, што спявачку ў тэрміновым парадку залічылі ў мінскі музтэзхнікум без іспытаў. Так пачалося новае складанае, але вельмі цікавае жыццё!

Ролі

Сваіх лепшых роляў Соф’е Юр’еўне прыйшлося чакаць не мала. У яе была індывідуальная знешняя фактура, таму калі адбываліся пробы на галоўныя ролі, рэжысёры разумелі - альбо ставіць у спектакль адну Друкер і больш нікога (засланяла індывідуальнасцю астатніх герояў), альбо шукаць для яе ролю другога плана.

Слава прыйшла пасля адкрыцця Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, які нагадваў сапраўдны палац і размяшчаўся на тэрыторыі Троіцкага рынку. Тут яна сыграла Лізу, Яраслаўну, стала першай беларускай Тоскай. Здавалася, быццам план новай сцэны Іосіф Лангбард стварыў спецыяльна пад маладую прыму тэатра.

Вялікі тэатр оперы і балета

Самым шчаслівым у жыцця артысткі стаў 1937 год. Менавіта тады ў яе выкананні беларуская публіка ўпершыню пачула драматычныя арыі Пучыні, а мужа Рыгора Прагіна прызначылі дырэктарам Белдзяржфілармоніі. Таксама яна даведалася, што хутка стане мамай… Шчасце было нядоўгім, пачалася вайна!

Вайна

Знаходзячыся ў Саратаве на гастролях Соф’я Юр’еўна даведалася, што яе мужа Рыгора Паўлавіча мабілізавалі. А раней прыйшла яшчэ больш жахлівая навіна: у першы дзень бамбёжкі Мінска загінулі двое яе маленькіх дзяцей (у яўрэйскім гета). Як жыць далей — не разумела, не ведала. Усе рабіла па інэрцыі, глытая балючыя слёзы ад незаменнай страты.

Пачаўся новы рытм жыцця — канцэрты для байцоў Чырвонай Арміі артысты беларускай оперы давалі ў зямлянках і на агнявых пазіцыях па 3 - 4 разы на дзень. Праз лінію фронту іх перапраўлялі ў тыл ворага, дзе яны сустракаліся з партызанамі... Пасля вайны голас Соф’і Юр'еўны называлі голасам Перамогі. Калі ў вызваленым Мінску оперны тэатр аднавіў працу, менавіта яна выйшла на сцэну, выканаўшы галоўную партыю ў оперы Яўгена Цікоцкага «Алеся».

Партрэт Соф'і Друкер

Пасля вайны Соф’я Юр’еўна збірала звесткі пра загінуўшых падчас ваенных дзеянняў беларускіх артыстаў. Звязвалася з іх роднымі, дапамагала перажыць асабісты боль, як і сама перажывала ўсё астатняе жыццё.

Яе адносіны з мужам былі падобныя на рамантычны сюжэт з мастацкай кнігі. Жылі ў павазе і падтрымцы. 23 сакавіка 1984 года — апошні дзень жыцця Соф’і Юр’еўны. Яна хадзіла з вугла ў вугал занепакоеная: памёр яе верны сябра і муж Рыгор Прагін. У гэты ж дзень, трошкі пазней, не стала і яе самой. Абое яны пахаваны ў адной магіле на Паўночных могілках.

Жыццё падобнае на сон. Так пісалі пасля гісторыкі культуры пра жыццё Соф’і Друкер. А яшчэ пісалі, што ўдача быццам сама плыла да яе ў рукі. Наколькі гэта так, можна зразумець па цяжкіх выпрабаваннях, якія прайшла артыстка. Таленавітая, адукаваная, прыгожая… Увесь свой боль яна пражывала не толькі ўнутры сябе, але і на сцэне.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

80 0 77