03.02.2020
03.02.2020

Сучасная анкалагічная служба: заўтра пачынаецца сёння

logo
Здароўе дарослых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод 4 лютага ўвесь свет адзначае Дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі. На працягу многіх гадоў вялікую актуальнасць праблеме забяспечваюць устойлівая тэндэнцыя да росту колькасці выпадкаў анкапаталогіі, якія наноў выяўляюцца, і верхнія пазіцыі ў спісе вядучых прычынаў заўчаснай смяротнасці.

анкалогія

Пра тое, якая сітуацыя з захваральнасцю склалася ў Беларусі, як выбудаваная нацыянальная сістэма прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння раку, аб праблемах і дасягненнях айчынных анколагаў напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з ракавымі захворваннямі распавёў намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Віктар Кахнюк.

Захваральнасць расце, смяротнасць зніжаецца

Зараз на дыспансерным уліку ў анколагаў знаходзіцца 318 тысяч чалавек (дадзеныя па выніках 2019 года). З іх звыш 160 тысяч маюць рэмісію захворвання 5 і больш гадоў. Гэтая лічба супастаўная з еўрапейскімі значэннямі і сведчыць пра тое, што эфектыўнасць лячэння ракавых захворванняў у Беларусі знаходзіцца на сусветным узроўні.

Па словах Віктара Кахнюка, на працягу апошніх 5 гадоў колькасць выпадкаў анказахворванняў, якія наноў выяўляюцца, штогод павялічваецца прыкладна на тысячу. Не стаў выключэннем і 2019 год. Калі ў 2018-м дыягназ упершыню быў выстаўлены 48.900 пацыентам, дык у 2019-м іх лік ушчыльную наблізіўся да 50 тысяч (49.930 чалавек).

анкалогія

Таксама стабільна нязменнай на працягу апошніх гадоў застаецца структура захворвання. Сярод мужчынскага насельніцтва найбольш распаўсюджаныя:

У жанчын тройка самых распаўсюджаных відаў анкапаталогіі выглядае наступным чынам:

Разам з тым, большасць новых выпадкаў анкапаталогіі атрымліваецца выявіць на ранніх стадыях (0-1-2 ступені), калі эфектыўнасць тэрапіі практычна заўсёды імкнецца да 100% і ў пацыента ёсць рэальны шанц на доўгае і здаровае жыццё. Напрыклад, летась 67% новых выпадкаў злаякасных утварэнняў выяўленыя на ранняй стадыі развіцця. І гэты паказчык штогод павялічваецца.

Уласна кажучы, ранняй дыягностыкай абумоўліваецца, з аднаго боку, рост колькасці анкалагічных захворванняў (за апошнія 10 гадоў ён склаў 15%), з другога – зніжэнне смяротнасці ад раку (за той жа перыяд яна ўпала прыкладна на 2%).

Раней – лепей

Анкалогія. Скрынінг.

Паколькі злаякасныя пухліны і новаўтварэнні застаюцца адной з вядучых прычынаў заўчаснай смяротнасці мужчын і жанчын ва ўсім свеце, уключаючы Беларусь, ранняя дыягностыка пакуль уяўляецца адзіным і самым надзейным спосабам у корані змяніць сітуацыю.

 
Віктар Кахнюк
Намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Палепшыць раннюю выяўляльнасць захворвання дапаможа ўкараненне на дзяржаўным узроўні скрынінгавых праграмаў. Іншымі словамі, неабходна правядзенне масавых абследаванняў людзей пэўнай катэгорыі або ўзроставай групы нават пры адсутнасці скаргаў. У Беларусі ўжо ўкаранёныя тры скрынінгавыя праграмы: па раку малочнай залозы, каларэктальнаму раку і раку прадсталёвай залозы. Іх эфектыўнасць навукова пацверджаная.

Так, у 2019 годзе скрынінг па раку малочнай залозы прайшлі 75 тысяч жанчын (на 24% больш, чым у 2018-м). У 379 выяўленыя злаякасныя новаўтварэнні. Больш чым у 90% з іх (344 чалавекі) скрынінгавая мамаграфія дазволіла выявіць хваробу на ранняй стадыі – 0-1-2 ступені.

У скрынінгавыя абследаванні па раку прадсталёвай залозы былі ўцягнутыя 138 тысяч мужчын. Выяўлена 884 выпадкі раку, з іх 80,7% – на ранняй стадыі.

На прадмет наяўнасці каларэктальнага раку абследавана 30 тысяч чалавек. 82% з выяўленых выпадкаў захворвання – на ранняй стадыі.

Анкалогія.

 
Віктар Кахнюк
Намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра эфектыўнасць скрынінгавых абследаванняў, якія дазваляюць выявіць хваробу на самым пачатку яе развіцця, што значна павышае поспех тэрапіі і скарачае выдаткі на лячэнне. Разам з тым, ёсць так званая візуальная лакалізацыя пухлінаў, калі дыягназ паставіць даволі лёгка, бо паталогія, умоўна кажучы, бачная няўзброеным вокам. Напрыклад, рак слізістай поласці рота. Аднак, з году ў год каля 40% выпадкаў хваробы выяўляецца ў той стадыі, калі дапамагчы чалавеку ўжо нельга. Так быць не павінна! Таму спецыялісты нашага цэнтра рэгулярна праводзяць семінары, навучанне «вузкіх» спецыялістаў, якія займаюцца лячэннем зубоў і дзясен, каб павысіць насцярожанасць у дачыненні да раку слізістай поласці рота.

Курс на развіццё

І ў цэлым развіццё анкалагічнай службы Беларусі не стаіць на месцы. Па словах эксперта, асноўным метадам лячэння пухлінных утварэнняў застаецца хірургічны. Штодня ў краіне выконваецца каля 350 аперацый (уключаючы абласныя і міжраённыя анкадыспансеры). Пры гэтым да 100 аперацый у дзень праводзяць непасрэдна ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

У развіцці хірургічнай службы асноўны акцэнт робіцца на:

  • пашырэнні паказанняў да камбінаваных аперацый (калі рэзекцыі падвяргаецца хворы орган і размешчаны побач, на які распаўсюджваецца пухліна);
  • пашырэнні паказанняў да аперацый, якія захоўваюць органы;
  • развіцці эндаскапічных малаінвазіўных умяшанняў, якія істотна палягчаюць і скарачаюць працяг пасляаперацыйнага і рэабілітацыйнага перыядаў;
  • рабатызаванай хірургіі;
  • будаўніцтве новых карпусоў (напрыклад, хірургічнага корпуса на базе РНПЦ, паколькі развіццё атрымалі новыя напрамкі: нейраанкалогія, верцебраанкалогія і інш.);
  • вырашэнні кадравых пытанняў, якія закранаюць неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, здольных працаваць на сучасным абсталяванні па найноўшых тэхналогіях.

У сферы прамянёвай тэрапіі актыўна вырашаецца пытанне аснашчэння клінік самымі сучаснымі лінейнымі паскаральнікамі для забеспячэння поўнага апрамянення пухліны з мінімальным уздзеяннем на здаровыя тканкі.

Анкалогія. Прамянёвая тэрапія.

Асноўная тэндэнцыя хіміятэрапеўтычнага лячэння заключаецца ў індывідуалізацыі лячэння пацыента шляхам падбору лекавых хіміяпрэпаратаў на падставе малекулярна-генетычнага профілю пухліны. Гэта дазваляе прызначаць пацыенту лячэнне, якое дае максімальны тэрапеўтычны эфект і ў разы павышае шанцы на выздараўленне.

 
Віктар Кахнюк
Намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Сучасная анкалагічная служба Беларусі спраўляецца з усімі пастаўленымі перад ёй задачамі. Гэта галоўнае. А далейшае яе развіццё дазволіць нам паляпшаць дасягнутыя вынікі.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама