13.10.2019
13.10.2019

Сустракаем Пакравы ды... «запякаем вуглы»!

logo
Думкі ўслых
278 073
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Вось за што люблю розныя народныя святы, дык гэта за тое, што даведваешся пра іх ды падчас іх шмат чаго цікавага і карыснага. І штосьці нават на неўсвядомленым узроўні пачынаеш пераймаць. Альбо хаця б падзівішся. А ўжо калі свята вялікае і значнае… Такое, як 14 кастрычніка…

Пакроў, Пакровы, Пакрова, Пакравы, Трэцяя Прачыстая, Пакроў Прасвятой Багародзіцы… Нават самае элементарнае ведаецца і памятаецца пра свята здаўна. Напрыклад, што ад гэтага дня нельга чапаць зямлю. Хаця калі прыходзіць чарговая хваля бабінага лета, ну дзе ж ты не скарыстаешся гэтымі пагоднымі дзянькамі? Памуляешся, але за рыдлёўку возьмешся…

Ну, а самае яскравае – «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, як карова». А чаго раве? Бо не засватаная. Час вяселляў жа…

І калі на Харытонаў дзень мы павінны былі злавіць зайца (памятаеце?!), дык на Пакроў – вавёрку! Таксама каб паглядзець, выліняла яна ўжо ці не. Калі так, дык восень будзе добрая… Хм… А нічога, што палову яе, каляндарнай, мы пражылі ўжо?!

Лепей няхай надвор’е на Пакровы распавядзе нам пра будучую зіму. Хаця многія прыкметы і спрадвечныя назіранні ў наш час, на жаль, не працуюць.

Ну вось возьмем хаця б гэта: «Якая пагода на Пакровы, такая і на Раство». Што, прабачце??? Плюс 20 нам на Раство??? Я супраць!!! 🙂 А вы???

Не, дайце нам нарэшце зіму класічную: са снегам ды маразамі! Заказваем!!!

Так, глядзім, што там па народных прыкметах яшчэ цікавае ёсць. «Якія Пакровы, такая і зіма». Таксама не натхняе… «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу». Ой, ну як жа так?! Каляды без снегу?! Няхай бы наадварот. Тады б мы самі зафіксавалі б новую прымету…

«Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны». Плюс 20 на ўвесь сезон?! Ну, толькі калі менавіта столькі. Тады няхай сабе… 🙂 А калі меншы плюс… Тады лепей невялікі мінус. Узімку.

Карацей, столькі тут прыкметаў ды назіранняў! І такія яны часам супярэчлівыя… Калі ўсе тут пералічваць, дык атрымаецца вялі-і-і-і-іізны матэрыял. І ўсё ж назіраем 14 кастрычніка за надвор’ем. Раптам што і спраўдзіцца?!

А я пакуль напішу яшчэ некалькі найбольш яскравых назіранняў ды кіраўніцтва да дзеяння нашых продкаў: «На Пакровы дай сена карове», «Пакроў – апошні дзень збору пладоў і грыбоў: груздоў і рыжакоў», «Пакроў, напалі хату без дроў!», «Прыйшла Пакрова – усохла дуброва», «Святая Пакрова, пакрый зямлю лісточкам, а галоўку – вяночкам», «Пакровы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць».

А што ж за «запяканне вуглоў», папытаецеся вы. А вось таксама цікавы звычай. Нашы продкі на Пакроў пяклі бліны, прычым для ўсёй сям’і. І лічылі, што сямейнікі тады ўдала перазімуюць. Блінамі быццам «запякалі вуглы». Ведама ж, у кут іх ставіць-вешаць-прымацоўваць не трэба… 🙂 А вось з’есці з асалодай – самае тое! Так што ва ўсіх нас яшчэ ёсць час настроіцца, падрыхтавацца, знайсці новыя адмысловыя рэцэпты цеста на бліны ці скарыстацца правераным рэцэптам.

А дзяўчаты на Пакроў могуць нават паваражыць! Напрыклад, назбіраць у прыпол пабольш апалага лісця і вытрасці яго. Куды лісце паляціць, у той бок і замуж ісці.

Альбо спячы перад сном і з’есці салёны блін. Каб прысніўся суджаны і напаіў вадой… Ну, а калі не напоіць, давядзецца самім уставаць сярод ночы ды піць ваду! 🙂 Бо салёныя стравы – яны такія…

Здаўна лічыцца, што ў гэты дзень Прасвятая Багародзіца накрывае ўсіх нас сваім покрывам, бярэ пад апеку. Я чамусьці ўжо не першы год уяўляю сабе гэтае дзеянне, як з неба тое покрыва апускаюць на зямлю. І вось хочаце – верце, хочаце – не, але сапраўды на душы робіцца светла і хораша… А яшчэ калі ўлічыць, што 14-га мы віншуем самых дарагіх і любімых – нашых матуляў…

Святла, цеплыні, душэўнай шчодрасці ўсім нам на Пакровы і ў Дзень маці! Няхай пабольш будзе нагод для радасці!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

278 0 73

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.