18 Чэрвеня
18.06.2020

Сварымся, але кахаем. Што трэба і чаго нельга рабіць падчас канфлікту з каханым чалавекам?

logo
Пабудуй стасункі
314 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Папулярная памылковая думка кажа, што шчаслівыя адносіны – гэта тыя, у якіх не бывае сварак. А вось канфлікты – гэта ўжо нібыта «канец усяму». Ну, ці пачатак канца. Насамрэч рознагалоссі ўзнікаюць абсалютна ва ўсіх, а іх вырашэнне, наадварот, спрыяе збліжэнню і пераходу на новы віток блізкасці. Шмат што залежыць ад таго, як менавіта партнёры паводзяць сябе ў канфлікце. Пошук кампрамісу і новых спосабаў выйсця са спрэчнай сітуацыі не толькі дапамагае ўмацаваць сувязь у пары, але і спрыяе маладосці і актыўнасці мозгу, ажно да абнаўлення яго клетак.
Сваркі. Як каханым рабіць гэта правільна.

Адносіны? Дзякуй, не трэба

Калі вам здаецца, што дастаткова толькі сустрэць «патрэбнага чалавека», а далей усё пойдзе само сабой, дык у мяне для вас дрэнныя навіны. Над адносінамі давядзецца працаваць. Сучасны свет сутыкнуўся з цікавым парадоксам: па дадзеных сацапытанняў, каханне і задаволенасць адносінамі ў большасці людзей стаіць на першым месцы ў жыцці! А вось уменне будаваць гэтыя самыя адносіны рэзка пацярпела: колькасць адзіночак расце катастрафічна. А таксама тых, хто быццам бы і хоча сустракацца, але «трапляюцца заўсёды не тыя». Ці быццам бы даўно ў шлюбе, але «церпім адно аднаго». Сучасная псіхалогія адносінаў смела заяўляе: блізкая эмацыянальная прыхільнасць неабходная кожнаму чалавеку, яе можна навучыцца будаваць. Трэба наша жаданне і прызнанне таго факту, што ўсё ж такі для нас гэта вельмі важна (застаецца не забывацца на гэта нават падчас сваркі).

Адносіны… родам з дзяцінства

Нашыя паводзіны і рэакцыі на розныя сітуацыі, у тым ліку і канфліктныя, – родам з дзяцінства. Гэта атрымалася паказаць з дапамогай вядомага эксперыменту «Незнаёмая сітуацыя» (у разуменні кахання і адносінаў ён лічыцца такім жа важным, як і эксперымент Ньютана для разумення закону сусветнага прыцягнення ў фізіцы!). Распрацавала яго псіхолаг-даследчык з Канады Мэры Эйнсварт. З яго дапамогай яна канчаткова аформіла ідэі «тэорыі прыхільнасці» Джона Боулбі і яе галоўную ідэю: фарміраванне глыбокай узаемнай блізкасці – галоўны імператыў для кожнага чалавека.

Сваркі. У каханых – родам з дзяцінства.

У чым складаецца эксперымент? Мама з дзіцем 1-3 гадоў запрашаюцца ў незнаёмае памяшканне. Праз некаторы час туды заходзіць спецыяльна падрыхтаваны супрацоўнік, а мама сыходзіць. Часцей за ўсё дзеці рэагуюць на яе знікненне вельмі бурна: плачуць, кідаюць цацкі, разгойдваюцца з боку ў бок. Праз тры хвіліны пасля таго, як дзіця знаходзілася адзін на адзін з незнаёмым дарослым, мама вяртаецца. Рэакцыя малога на гэты момант уз’яднання лічыцца асноўнай у эксперыменце. Яна дазволіла Боулбі і Эйнсварт падзяліць тыпы эмацыянальнай сувязі, якія склаліся паміж дзіцем і мамай, на тры катэгорыі.

Надзейны тып. Дзеці хутка супакоіліся і вярнуліся ў кантакт з мамай. Мамы звычайна цёплыя і спагадлівыя.

Трывожна-амбівалентны тып. Дзеці працягвалі нервавацца і пасля вяртання мамы, дэманстравалі варожасць альбо патрабавальнасць, чапляліся за маці. Такія маці эмацыянальна непаслядоўныя: то лашчаць дзіця, то адштурхоўваюць ад сябе.

Тып, які пазбягае. Малышы застаюцца абыякавымі да вяртання маці. Яны не выказваюць ні радасці, ні гневу, ні засмучэння. Маці, па назіраннях, – халодныя, выракаюцца.

Сваркі. Халодная маці.

Аматары тэорыі прыхільнасці ўпэўненыя, што наш тып прыхільнасці напрамую звязаны з тым, як мы бачым сябе і іншых. Доктар Сью Джонсан, сябра Амерыканскай псіхалагічнай Асацыяцыі, адзначае, што гэтыя ментальныя мадэлі вызначаюць, як мы рэгулюем свае эмоцыі, што чакаем ад стасункаў, як інтэрпрэтуем дзеянні партнёра. Тып прыхільнасці закладвае ў нас паводніцкія шаблоны. І ў адпаведнасці з імі мы дзейнічаем як у паўсядзённым жыцці, так і ў перыяд канфліктаў.

Больш паспяхова будуюць адносіны людзі з надзейным тыпам прыхільнасці. Яны ўпэўненыя ў тым, што яны самі вартыя кахання і добрага стаўлення. Такімі ж лічаць па змаўчанні і навакольных. Гэта прыводзіць да таго, што яны не імкнуцца пазбегнуць канфлікту, замаўчаць яго, не пачынаюць адразу абараняцца або нападаць. Яны шчыра зацікаўленыя вырашыць праблему так, каб добра было кожнаму ўдзельніку адносінаў. «Надзейны тып» гатовы вучыцца будаваць каханне і верыць у свае адносіны.

На жаль, не ўсім пашанцавала мець дадзены тып прыхільнасці. А на постсавецкай прасторы ён наогул хутчэй выключэнне, чым правіла. Людзі з трывожным патэрнам ідэалізуюць іншых, сумняваюцца ў сваёй каштоўнасці і ў тым, што яны добрыя партнёры. Ім пастаянна трэба ўхваленне і запэўніванні ў каханні і ў тым, што іх не кінуць. Тып, што пазбягае, – людзі, якія самі лічаць сябе годнымі і для кахання, і для клопату. А вось іншыя вакол «чамусьці» заўсёды не такія: ненадзейныя, несур’ёзныя і г.д. Так што нібыта і хочацца адносінаў добрых, а будаваць іх і няма з кім.

Сваркі. Муж і жонка. Хтосьці кімсьці незадаволены.

Усе гэтыя патэрны паводзінаў могуць існаваць не ў чыстым выглядзе, а змешвацца паміж сабой у залежнасці ад сітуацыі. Сутнасць у тым, што яны ўплываюць на тое, як чалавек будуе адносіны. Напэўна, вы заўважалі: на словах чалавек кажа пра тое, як яму каштоўна быць у пары. А вось на справе робіць усё, каб гэтай пары ў яго якраз і не было. Але адчайвацца не варта! Справа ў тым, што згубныя патэрны паводзінаў можна адсочваць у сваіх паводзінах і мяняць іх на канструктыўныя! Мастацтву вядзення канфлікту з блізкім чалавекам можна вучыцца. Гэтак жа, як і мастацтву адносінаў у цэлым. Для глыбінных зменаў, вядома, патрабуецца час. А часам і дапамога спецыяліста. Але сёе-тое змяніць у паўсядзённым жыцці можна і самастойна.

Пяць прынцыпаў вырашэння канфліктаў

Буйныя даследчыкі ў галіне тэорыі прыхільнасці, даследчыкі з Калумбійскага ўніверсітэта – нейрабіёлаг, псіхіятр вышэйшай катэгорыі Амір Левін і бакалаўр паводніцкіх навук, магістр сацыяльна-арганізацыйнай псіхалогіі Рэйчал Хелер – называюць пяць асноўных прынцыпаў вядзення канфліктаў з каханым чалавекам. Яны характэрныя для людзей з надзейным тыпам прыхільнасці, але навучыцца ім можа кожны.

Прынцып 1. Паказаць зацікаўленасць у шчасці каханага чалавека.

Пра сваю другую палавінку важна клапаціцца гэтак жа, як і пра сябе. Грэбаванне патрэбамі каханага чалавека ў выніку паўплывае на вашыя эмоцыі, задаволенасць і фізічнае здароўе. У здаровых адносінах няма пазіцыі, што ўсё выконваецца ці «па-твойму», ці «па-мойму». Важныя прапановы абодвух партнёраў, кожны атрымлівае сваю порцыю клопату і разумення.

Сварік. На пазітыве.

Прынцып 2. Не ўхіляцца ад тэмы.

Людзі трывожнага тыпу ці таго, які пазбягае прыхільнасцяў, часта не могуць вырашаць спрэчныя пытанні адразу. Трывожныя ўпэўненыя: любая спрэчка азначае, што каханы чалавек збіраецца сысці, гатовы адмовіцца ад яго і ад стасункаў наогул. Таму такія людзі замест вырашэння канкрэтнай, часта невялікай праблемы рэагуюць занадта востра: абвінавачваюць, плачуць, маўчаць, імкнуцца ўкалоць балюча, каб заўважылі іх патрэбы. І такім чынам правакуюць яшчэ большыя праблемы. Людзі тыпу, што  пазбягае, наадварот, глушаць свае патрэбы ў блізкасці, эмацыянальна зачыняюцца. Чым мацнейшая сварка, тым мацнейшае іх жаданне збегчы. Трэба памятаць, што важныя тэмы трэба абмяркоўваць. Вядома, не заўсёды рашэнне знаходзіцца тут жа. Але калі дазволіць крыўдам назапашвацца, дык у будучым яны абавязкова нагадаюць пра сябе.

Прынцып 3. Не абагульняць.

Калі спрэчны момант складаецца ў тым, хто будзе мыць зараз посуд, дык не трэба пераносіць яго на ўсе сферы жыцця: «а вось ты заўсёды», «як жа мне надакучыла», «рабі, што хочаш, я наогул сыходжу» і г.д. Паспрабуйце заставацца ў рамках пэўнай тэмы, адмовіцца ад крыўдных каментароў, прыніжэння.

Сваркі. Калі з-за нечакага аднаго, не прыгадваць усе крыўды.

Прынцып 4. Паўнавартасна ўдзельнічаць у вырашэнні праблемы.

Здаровыя адносіны, якія прыносяць задавальненне, – гэта праца дваіх. Не можа быць такога, што адзін спрабуе вырашыць пытанне, а другі проста прысутнічае пры гэтым. Эмацыянальна ўцягнутыя ў сітуацыю павінны быць абое. Памятайце, што мэта – знайсці рашэнне, што падыходзіць для дваіх. Пастарацца пры гэтым не адказваць з’едлівасцю на з’едлівасць, не ўцякаць ад праблемаў.

Прынцып 5. Канструктыўна выказваць свае пачуцці і патрэбы.

Умець выразна агучыць свае патрэбы – асобнае мастацтва, якому варта павучыцца. Напрыклад, многім цяжка прама сказаць: «Я хачу правесці з табой час сёння, я засумаваў». Часцяком інфармацыя падаецца ў выглядзе абвінавачванняў: «Вечна ты на тэлефоне вісіш».

Пра што думаць падчас сваркі?

Для таго, каб сваркі праходзілі максімальна канструктыўна, трэба загадзя настроіць сябе на добрае. Гэта не той штучны пазітыў, які набіў аскому, усім ужо надакучыў і мала працуе. Тут гаворка больш пра давер да жыцця і да свайго выбару. З гэтым чалавекам вы знаходзіцеся ў адносінах, і вы верыце ў тое, што гэтыя адносіны могуць быць шчаслівымі. Нешчаслівыя вам навошта?

Сваркі. Думаць пра добрае.

Такім чынам, падчас сваркі лепей думаць не пра тое, якая яна «дурніца», а ён «казёл», а вось пра што:

  • Адна сварка – гэта не заканчэнне адносінаў.
  • Вы – не вінаватыя. Калі ў чалавека дрэнны настрой, гэта не значыць, што прычына абавязкова ў вас. У яго сапраўды штосьці магло здарыцца і акрамя адносінаў. Як жыве ваш блізкі чалавек? Што адбываецца ў яго жыцці? Вашы думкі могуць быць не толькі пра сябе. Паглядзіце шырэй.
  • Страхі – вонкі. Калі баіцеся, што вас кінуць ці не кахаюць, кажыце пра гэта шчыра. Сумленная размова збліжае больш, чым дзіўныя паводзіны, незразумелыя абвінавачванні. З блізкім чалавекам вы можаце быць адкрытым. Інакш узнікае пытанне, ці блізкі ён.
  • Верце, што вы каханыя і пра вас клапоцяцца, смела выказвайце свае пажаданні.
  • Выказвайце ўголас свае думкі, людзі не ўмеюць іх чытаць. Калі не скажаце, чаго хочаце, дык ніхто пра гэта і не даведаецца.
  • Калі вы не зразумелі, што меў на ўвазе суразмоўца, лепей перапытайцеся!

У канфліктных сітуацыях трэба думаць пра добрае. Калі вы чакаеце ад суразмоўцы падвоху, дык міжволі пачынаеце паводзіць сябе так, як быццам абараняецеся, і тым самым пагаршаеце сітуацыю. Пазітыўныя думкі пра тое, што вам хочуць дабра, дапамогуць пабудаваць дыялог у патрэбным ключы.

Сваркі. Пазітыў.

Чаго нельга рабіць у канфлікце?

  • Адцягваць увагу ад надзённай праблемы.
  • Замоўчваць пачуцці і патрэбы.
  • Пераходзіць на асобы і вінаваціць сябе.
  • Адказваць з’едлівасцю на з’едлівасць.
  • Замыкацца ў сабе.
  • Па-наплявацельску ставіцца да каханых.

Заўважыць і змяніць стратэгіі паводзінаў, якія перашкаджаюць нам будаваць адносіны, можна. Для гэтага дастаткова жадання і руплівай працы (самастойнай або са спецыялістам). Загваздка ў тым, што хацець гэтага павінны абое ў пары. Калі канфлікт заключаецца ў тым, што адзін уцякае, а другі даганяе (розныя патрэбы ў блізкасці), да паўнавартаснага кампрамісу прыйсці наўрад ці атрымаецца. Важныя крокі насустрач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

314 0 24

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.