13.11.2020
13.11.2020

Дзён такіх зашмат не бывае…

logo
Думкі ўслых
0 91
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Традыцыйна шукаю, якія сёння святы, афіцыйныя і неафіцыйныя… У пятніцу, 13-га, ага! 🙂 І то бачу, то не бачу (у розных календарах ды на сайтах па-рознаму) вось гэтае: Сусветны дзень дабрыні. Чаму, ну чаму яно не пазначанае чырвоным??? Дабрыня – гэта так важна ў наш зусім няпросты час… Нам так яе бракуе… Мы так да яе цягнемся…

Дабрыня бывае спантаннай, натуральнай, уяўнай… Хтосьці толькі прыкідваецца добрым, бо так выгадна. А хтосьці добры ад нараджэння. Такой была мая мілая мамачка… 16-га лістапада будзе 7 месяцаў, як яе няма, а я ўсё не веру… Такога добрага, клапатлівага, любячага чалавека яшчэ трэба было пашукаць!

Хтосьці толькі лічыць сябе добрым, а іншы шчыра здзіўляецца, калі яму пра гэта кажуць альбо за гэта дзякуюць. Як?! А хіба іншыя людзі – не такія?! Хацелася б, каб былі такімі… Каб заставаліся такімі ў цяперашняй зусім няпростай сітуацыі… Але гэта сапраўды задача з задач. Якую не кожны здольны вырашыць. Альбо не можа, альбо не хоча.

Вядома ж, лепей пра дабрыню не размаўляць, а яе праяўляць. Але калі не будзеш распавядаць… Ці шмат хто пра яе прыгадае?! Таму давайце рабіць і тое, і другое. Згодныя?!

І абсалютна не мае значэння, якімі будуць гэтыя праявы. Дастойныя сусветнага маштабу альбо зусім маленькія, для кагосьці аднаго… Самае простае, самае лёгкае – добрыя словы. Якія не патрабуюць аніякіх высілкаў! Альбо ад кагосьці ўсё ж патрабуюць?

Зрабіць камплімент знаёмым альбо незнаёмым. Пахваліць чалавека за тое, што ён добра зрабіў, праявіў увагу і клопат. Даць сабе заданне (і не толькі сёння!): знайсці ў пяці чалавек штосьці, за што можна пахваліць, падзякаваць. І сказаць ім тыя самыя сапраўды ДОБРЫЯ словы, ад якіх так саграваецца душа… Сацыяльныя сеткі і месэнджары таксама лічацца!

А можа, нават запланаваць на сёння (і на іншыя дні) добрыя справы. Няхай сабе напачатку… тры. Цалкам дастаткова. А напрыканцы дня падсумаваць: атрымалася ці не. І запланаваць яшчэ. І яшчэ. Глядзіш – і проста станецца нормай. Як для «кіношнага» барона Мюнхгаўзена ў выкананні таленавітага Алега Янкоўскага – штодзённы подзвіг. Звыклая справа! 🙂

Мы чамусьці прывыклі, што праява дабрыні павінна быць такой… адчувальнай. Памятаеце гэтыя штампы? Перавесці бабулю праз дарогу. Пакарміць бадзяжную сабаку. Зняць з дрэва ката, які не можа спусціцца самастойна. Зрабіць да зімы кармушку і перыядычна запаўняць яе частаваннем для птушак.

Банальна, скажаце вы?! А цяпер прыгадайце, калі апошнім разам такое рабілі самі альбо бачылі вакол сябе… І?!

На праявы дабрыні не хапае часу? Няма сіл? Выжыць бы неяк самім? Вы маеце рацыю. Але без дабрыні нам проста не выжыць. Пра гэта кажуць і псіхолагі.

А што такое па-вашаму дабрыня? І якога чалавека можна назваць добрым? Таго, які ніколі не ўдарыў бадзяжнага ката альбо таго, хто тых самых катоў корміць штодня? Хто ніколі не павысіў голасу на сваіх сямейнікаў альбо хто ціха і незаўважна дзень пры дні турбуецца пра іх, робіць маленькія прыемныя дробязі?

А вы сябе лічыце добрым чалавекам? Наколькі? Цалкам, напалову, часткова, рэдка (патрэбнае падкрэсліць)? Насамрэч вельмі складаныя пытанні. А магчыма стаць добрым па ўласным жаданні? Ну, як закаханым па ўласным жаданні ў аднайменным фільме з усё тым жа Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі? Я думаю, што можна. Але гэта таксама… праца. Праца над сабой. Таму многія проста спыняюцца яшчэ на падыходзе. А шкада…

Не раз і не два даводзілася чытаць меркаванне, што добрыя справы, зробленыя ў розных месцах, мясцінах, здольныя памнажаць дабрыню, аб’ядноўваць яе ў Сусвеце. А вы ў гэты верыце? Я – так! Адназначна. Як і тое, што Сусвет нас бачыць і чуе. І рэагуе – у патрэбны час і ў патрэбным месцы.

Дык давайце паспрабуем маленькімі добрымі справамі ўтварыць вялікую сусветную Дабрыню, якая ахіне ўсіх і кожнага, як Божая Маці сваім покрывам. І заданне на сёння памятаем?! Добрыя словы для пяці чалавек, добрыя справы любога маштабу – тры. Па-а-а-а-аехалі! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 91

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".