31.03.2022
31.03.2022

Святая крыніца і камень-следавік на Камянеччыне

logo
Адметнасць беларусаў
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці ў вёсцы Ставы ёсць знакамітая Свята-Міхайлаўская крыніца з гаючай вадой. Пра яе мясцовыя жыхары кажуць, што “яна лечыць ад розных хваробаў яшчэ з царскіх часоў”. Непадалёк ад крыніцы ёсць камень-следавік са слядком, пакінутым на ім, паводле мясцовага падання, самой Найсвяцейшай Багародзіцай.

Карта

Як дабрацца?

Лепш за ўсё да святых крыніцы і каменя ў вёсцы Ставы ехаць з Брэста. Дзеля гэтага трэба праехаць Вялікія Матыкалы і Вельямовічы. Потым у саміх Ставах пераадолець стары жалезабетонны мост праз раку Пульва. Яго шырыня якраз дазваляе праехаць аднаму легкавому аўтамабілю. Большыя машыны пераязджаюць раку бродам. Сама крыніца знаходзіцца ў памежнай зоне, сярод альховага гушчару. Святыня ўваходзіць у веласіпедны маршрут «Слядамі прыбужскіх таямніц».

Храм у вёсцы Ставы

Назва крыніцы паходзіць ад назвы царквы, якая ў часы сярэднявечча стаяла паблізу Паповай Гары, што на беразе ракі Пульва у старажытнай вёсцы Ставы, вядомай з пісьмовых згадак пра яе яшчэ з XV cтагоддзя.

Рака Пульва – правы прыток Заходняга Буга. Цяпер у вёсцы ёсць праваслаўная царква, якая першапачаткова была збудаваная як касцёл, а пасля храм шмат разоў пераходзіў ад адной канфесіі да другой. Яго не зачынялі нават у гады савецкай улады.

Альтанка каля крыніцы

Вада са святыні бруіць у маляўнічым месцы на схіле Буга. Круглы год тэмпература вады ў крыніцы – 7 градусаў. Вада прэсная. Лічыцца, што яна дапамагае пры захворваннях суставаў. Вада адпавядае санітарным нормам і гігіенічным нарматывам па ўсіх паказчыках. Крыніца Ставы аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

Цячэ вада з-пад царквы. Крыніца «Лагойская» — гісторыя і сучаснасць

Цяпер крыніца добраўпарадкавана, яна мае некалькі выхадаў вады. Галоўны выхад абкладзены каменным мурам, над другім усталяванае жалезабетоннае кола. Пастаўлены вялікі крыж, над крыніцай збудавана сховішча-капліца. На крынічным ручаі пабудавана купель з двума аддзяленнямі – жаночым і мужчынскім. У 2005 годзе крыніцу асвяцілі праваслаўныя святары, і з таго часу штогод на свята Іаана Багаслова, 9 кастрычніка, тут адбываецца асвячэнне вады.

Мураваны выток вады

Непадалёк ад крынічкі, на схіле, ляжыць камень-следавік памерам 95 х 75 см. Камень агароджаны плотам і носіць назву След Божай Маці. Людзі лічаць, што на камені захаваліся адбіткі ног Божай Маці, слядкі маленькіх ножак Божага Немаўляткі і след ад кіёчка. Прычым на адбітку правай нагі Багародзіцы бачны пальцы.

Камень-следавік

Следавік і плот вакол яго вернікі ўпрыгожваюць жывымі кветкамі і самаробнымі стужкамі, а ў слядок кладуць манеты ды іншыя ахвяраванні. Адбываецца гэта ў асноўным на свята Успення Божай Маці, 28 жніўня. Спрадвеку да  каменя ідуць з просьбамі і малітвамі аб фізічным і духоўным здароўі. А каб просьбы хутчэй даходзілі да Божай Маці, трэба ўкленчыць перад следавіком, тройчы перажагнацца і крануць вуснамі камень.

Святы камень

Але важнае не само дакрананне да камня, а тая малітва, якая пры гэтым нараджаецца ў душы. Раней на пакланенне следавіку выпраўляліся выключна басанож.

Многія вернікі кажуць, што ўшаноўваюць не сам камень, а Божую Маці. Таму што і следавік, і святая крынічка ў гэтай мясцовасці з’явіліся, паводле паданняў, дзякуючы менавіта Ёй. Паводле аднаго з іх, некалі Божая Маці спусцілася на зямлю. Яна пайшла па лузе, спатыкнулася аб камень, прайшла яшчэ крыху і ўгразла ў балоце. Пачала маліцца, каб Бог дапамог ёй вярнуцца на неба. Божанька адказаў: “Ідзі пад узгорак, адкапай крыніцу, пакаштуй з яе вады і ўмыйся – тады сілы вернуцца да цябе”.

Купальня

Маці Божая так і зрабіла. А калі яна адчула, што сілы да яе вярнуліся, сказала: “Няхай гэтая вада прыносіць людзям ацаленне і служыць ім для добрых спраў!” Яна выламала кій у зарасніках, вярнулася да каменя, стала на яго, адштурхнулася і ўзнялася ў неба...

Другі выток вады

Па другой легендзе, Божая Маці аб’явілася ў выглядзе простай жанчыны і стала дапамагаць нарыхтоўваць сена. Стомленыя касцы наракалі на адсутнасць вады, праглі наталіць смагу і памыцца. Раптам перад імі з’явілася жанчына на камені і сказала: “Вось жа крыніца цячэ!” І адразу ўсе пабачылі крынічку.

Святая крыніца каля вёскі Лешна

Людзі ўзрадаваліся, сталі шукаць жанчыну, каб падзякаваць, але яе нідзе не было відаць, яна знікла. Затое застаўся слядок на камені. З тых часоў камень лічаць цудадзейным, яго ўшаноўваюць і вераць, што ён ацаляе ад розных хвароб.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39