02.09.2021
02.09.2021

Крыніца пад аховай Святога Яна

logo
Адметнасць беларусаў
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Калі казаць пра гаючыя крыніцы Віцебскай вобласці, то ў першую чаргу трэба ўзгадаць тую, якая знаходзіцца на Глыбоччыне каля вёскі Чарневічы. Шматлікія вернікі лічаць, што яе цудадзейная вада лекуе амаль усе хваробы. У тым ліку дапамагае зацяжарыць.

Янаўская крыніца ля вёскі Чарневічы.

Гаворка ідзе пра святую Янаўскую крыніцу, што месціцца на тэрыторыі Мёрскага раёна. Раней крыніца асвечаная каталіцкім прыходам вёскі Чарневічы ў гонар Святога Яна, а побач з ёй была ўзведзеная каталіцкая капліца.

Пры Савецкай уладзе капліца была разбураная. Сёння святыня прыпісаная да чарневіцкага праваслаўнага храма Спаса-Параскевы-Пятніцы. Над крыніцай, якая афіцыйна мае назву Іаана Хрысціцеля, занава адбудаваная і капліца.

Крынічка бярэ пачатак з-пад гары на ўскрайку лесу. Невялікай звілістай хваляй шырынёй у адзін метр яна сцякае ўніз і ўпадае ў пойму ракі Авута. На выхадзе з капліцы крыніца ўзятая ў трубу і сыходзіць адтуль вадаспадам.

Вада прэсная, увесь час бруіць з-пад зямлі, не перасыхае ў спёку і не замярзае ў люты мароз. Яна заўсёды чыстая, як крышталь, і доўга захоўваецца. Яе тэмпература нават улетку не перавышае 10°С.

Згодна з даследаваннямі, у вадзе ні па адным з гідрахімічных паказнікаў не выяўленае перавышэнне нормы. Гэтая крыніца і акаляючая мясцовасць абвешчаныя геалагічным заказнікам прыроды мясцовага значэння.

Легенды і паданні пра крынічку

Янаўская крыніца. Убранне на Святога Яна.

Пра з’яўленне крынічкі сярод старажылаў і паломнікаў існуе шэраг легендаў. Паводле адной з іх, некалі тут праходзіў сляпы старац, яму захацелася піць. Пачуўшы цурчэнне крынічнай вады, ён абмыў вочы і ўбачыў святло. Удзячны Богу стары пабудаваў тут драўляную капліцу.

Другое паданне сцвярджае, што сотні гадоў таму сюды па ручаіне прыплыў абраз Божай Маці. Па другому варыянту – абраз Святога Яна. Яго некалькі разоў заносілі ў храм, але ён кожны раз вяртаўся туды, дзе яго знайшлі. Тады і вырашылі на гэтым месцы пабудаваць капліцу.

Трэцяя легенда распавядае пра чалавека, які збіраўся высекчы мясцовы бор. Пачаў з яліны, але з яе нечакана палілася кроў. А побач з’явіўся незвычайны чалавек і сказаў: «Я – Іаан Хрысціцель і павінен жыць тут – на вадзе!» Раптам чалавек заўважыў, што з-пад дрэва выцякае крыніца. Людзі пачалі прыходзіць сюды па ацаленне, вада ўсім дапамагала. Прыязджаў да крыніцы і адзін граф з хворымі дзецьмі, якія таксама вылекаваліся. Тады граф і пабудаваў тут капліцу.

Існуе яшчэ адна легенда. У старыя часы ішоў праз поле адзін селянін і раптоўна аслупянеў ад убачанага. Над лесам, што знаходзіўся перад ім, высіўся і ззяў у паветры агромністы крыж. Селянін пайшоў на гэтае ззянне ў лес і ўбачыў пад крыжам струмені ручая. Хутка пра гэтае месца даведаліся ў наваколлі, і было вырашана пабудаваць тут капліцу. Так і зрабілі.

Царкоўная служба і вадасвяцце

Янаўская крыніца на Глыбоччыне.

Здаўна людзі масава прыходзілі сюды на Вадохрышча і ў Дзень Святога Яна. Прычым як праваслаўныя, так і католікі. Асабліва шматлюдна каля святыні на свята Яна па праваслаўнаму абраду.

Штогод 7 ліпеня з самай раніцы паломнікі ідуць і едуць сюды за сотні кіламетраў, і нават з-за мяжы: Латвіі, Літвы, Польшчы. На ўзыходзе сонца ад царквы, што ў вёсцы Чарневічы, на крыніцу ідуць хрэсным ходам і нясуць драўляную скульптуру Святога Яна.

Скульптуру памерам у рост чалавека потым уладкоўваюць ў капліцы над крыніцай. Па дарозе да капліцы паломнікі збіраюць лекавыя травы, звычайна стараюцца сабраць менавіта 12 траў. Потым ля крыніцы адбываецца служба і вадасвяцце.

Вераць, што з гэтага моманту ледзяная крынічная вада робіцца найбольш лекавай і ацаляе нават самыя застарэлыя хваробы. Па мясцовай традыцыі, неабходна тройчы перахрысціцца і тройчы акунуцца з галавой у купальні, якую пабудавалі тут спецыяльна для гэтых мэтаў.

Разам з вадой асвячаюцца і сабраныя зёлкі, якімі потым акурваюць дзяцей ад спуду. Вада таксама лечыць хваробы вачэй, загойвае раны, дапамагае ад бясплоддзя, болю ў суглобах (суставах), спуду і ўрокаў (сурокаў).

Янаўская крыніца. Вадасвяцце.

Як плата за ваду…

Каб вылечыць язву і іншыя хваробы страўніка, трэба цягам года піць ваду тройчы на дзень. Яе набіраюць таксама для жывёл і нават для пчол, каб добра вяліся. Вада вельмі смачная, яе бяруць і ў іншы час. На ёй гатуюць стравы, робяць нарыхтоўкі на зіму.

Па ўспамінах старажылаў, крыніца спрадвечна карысталася попытам. Нават у часы ваяўнічага атэізму людзі, што прыехалі здалёк, напярэдадні свята начавалі па хатах у бліжэйшых вёсках, а на ўзыходзе сонца ішлі да крыніцы. Тут заўсёды раніцай было вадасвяцце, а ўвечары служба.

Як плату за ваду, у каплічцы пакідалі грошы, воўну, палотны, ручнікі, яйкі і нават бульбу. Хто што меў. Потым святар усё гэта забіраў у царкву. А яшчэ, як раней, так і сёння, паломнікі схіляюць голаў і моляцца Святому Яну ў каплічцы, просяць яго пра ацаленне і здароўе. А ў падзяку ставяць свечкі.

Янаўская крыніца: як дабрацца. Карта.

Праехаць да крыніцы можна па трасе Глыбокае-Полацк праз пасёлак Празарокі. Там насупраць касцёла раздарожжа. Калі едзеце з Полацка – паварочваеце направа. Калі з Глыбокага – налева. Далей вёска Саннікі. Па ёй трэба ехаць увесь час, нікуды не зварочваючы, пакуль не будзе паказальнік на вёску Чарневічы. Там пасля касцёла і царквы вы ўбачыце ўказальнік на святую крыніцу.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53