02.04.2021
02.04.2021

Святкуем народзіны добрага казачніка!

logo
Адукацыя і выхаванне
0 78
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

2 красавіка 1805 года нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсэн.

«Жыццё маё – сапраўдная казка, багатая на падзеі, цудоўная! Калі б у тую пару, калі я бедным, бездапаможным дзіцём пусціўся ў белы свет, мяне б сустрэла ў дарозе магутная фея і сказала мне: «Абяры сабе шлях і мэту жыцця, і я, згодна з тваімі дараваннямі і па меры разумных магчымасцяў, буду ахоўваць і накіроўваць цябе!» – і тады б жыццё маё не склалася лепш, шчаслівей, разумней. Гісторыя майго жыцця скажа ўсім людзям тое самае, што кажа мне: Пан Бог усё скіроўвае да лепшага…»  – так пісаў у «Казцы майго жыцця» славуты казачнік.

Андэрсэн. Аўтабіяграфія «Казка майго жыцця»

У 1846 годзе ён атрымаў ад нямецкага кнігавыдаўца прапанову напісаць падрабязную аўтабіяграфію. Гэтая прапанова захапіла Андэрсэна! Ён атрымаў магчымасць падзяліцца з усім светам, з якой галечы пачынаўся яго шлях да казкі, колькі дзівосаў напаткала яго ў жыцці. Згадаем некаторыя.

Дзяцінства і юнацтва

* У Даніі існуе легенда, што Ханс Хрысціян – сваяк караля. Даследчыкі ж лічаць, што гэтая легенда створаная самім Андэрсэнам. Нарадзіўся ён у дацкім горадзе Одэнсе ў беднай сям'і башмачніка і прачкі. Яго дзеда – рэзчыка па дрэве – у горадзе лічылі вар'ятам, бо ён выразаў дзіўных паўлюдзей-паўжывёл з крыламі. Але казачнік піша, што яго дзяцінства было шчаслівым. Бацькі жылі ў каханні і давалі сыну, што маглі. Бацька чытаў яму кнігі, іх «настолкамі» былі «Біблія» і «1001 ноч»; шмат гуляў з сынам на прыродзе, аднойчы ж нават завёў у тэатр! Але бацькі не стала, калі Андэрсэну было 11 гадоў.

* Крыху чытаць і пісаць Андэрсэн навучыўся ўжо ў пяць гадоў у старой настаўніцы ў «Школе для маленькіх хлопчыкаў». Але займаўся там нядоўга. Датклівы і ўражлівы, ён не пераносіў гвалту. Настаўніца ж аднойчы, парушыўшы абяцанне, дадзенае маці, адлупцавала яго дубцом. Ханс адразу ж сабраў свае рэчы і сышоў з класа. Пасля гэтага маленькага Ханса аддалі ў школу для габрэйскіх дзяцей, дзе цялесныя пакаранні былі пад забаронай. Але праз некалькі гадоў яна зачынілася. Далей адукацыю Андэрсэн атрымаў у школе для беднякоў, дзе настаўнікі былі больш цярплівымі да вучняў.

Андэрсэн. Навучанне ў школе для габрэйскіх дзяцей.

* З маленства Андэрсэн працаваў. У 1811 годзе, на невялікай фабрыцы, дзе скарыстоўвалі дзіцячую працу, ён сярод іншых дзяцей быў за чалядніка. Дарослыя патрабавалі спеваў ад сваіх маленькіх памочнікаў, і высветлілася, што ў Андэрсэна цудоўны голас! На фабрыцы ён адразу ж выбіўся ў салісты, а яшчэ з поспехам дэкламаваў вершы. Аднак само дзіця вельмі чуйна рэагавала на грубасць і непрыстойнасць прыпевек, якія спявалі рабочыя. Пачуўшы іх, ён счырванеў, а рабочыя пачалі пацяшацца і садралі з яго нагавіцы – праверыць, ці не дзяўчынка ён. Ханс у роспачы збег дамоў і не вярнуўся.

Пасля гэтага здарэння яго ўладкавалі на тытунёвую фабрыку, дзе панавала больш культурная атмасфера. Тут выканаўчы талент Андэрсэна разгарнуўся: хлопчык спяваў і дэкламаваў імправізуючы, і яго прыходзілі паслухаць нават староннія людзі. Але шчасце было нядоўгім – Ханс захварэў і мусіў кінуць працу. Пазней, падлеткам, Андэрсэн страціў свой голас.

* Ва ўзросце 14 гадоў Андэрсэн выправіўся ў свет з бацькоўскага дому з намерам стаць акторам Каралеўскага тэатра. Сапраўды, праз нейкі час ён іграў там ролі другога плана. Таксама Андэрсэн напісаў некалькі п’ес, якія ў тэатры не прынялі. Аднак незвычайнага і, бясспрэчна, таленавітага юнака заўважалі людзі. Вядомы ў Даніі мецэнат Йонас Колін дапамог атрымаць юнаку стыпендыю на навучэнне ў гімназіі. Скончыў навучанне Ханс толькі ў 1827 годзе, ва ўзросце 22 гады.

Андэрсэн. Дома Андэрсэна.

Дом, дзе нарадзіўся Андэрсэн

* У 1828 годзе Андэрсэн паступіў у Капенгагенскі ўніверсітэт, атрымаўшы па вучобе ступень кандыдата філасофіі. Ён вучыўся і адначасова пісаў, і ў 1829 годзе выйшла першая рамантычная проза Андэрсэна.  Праз некалькі гадоў каралеўская стыпендыя, якую ён атрымаў, дала яму магчымасць накіравацца ў падарожжа па Еўропе, якое доўжылася ажно шэсць гадоў.

Даследчыкі адносяць юнацтва Андэрсэна да ліку самых незвычайных эпізодаў у гісторыі дацкай літаратуры. Проста дзіва, як чатырнаццацігадоваму юнаку без знаёмых у сталіцы, без сродкаў на пражыццё ішлі насустрач людзі, спрыялі і дапамагалі, як лёс зводзіў яго з асобамі, якія маглі разгледзець жарыначкі яго таленту.

Дзівацтвы Андэрсэна

* У казачніка ёсць твор «Цётухна Зубная Пакута» – гісторыя, нібыта нашаптаная на вуха яму самім жыццём. Андэрсэн усё жыццё пакутваў ад зубнога болю. Ён пераймаўся праз думку, што з кожным страчаным зубам страчвае здольнасць пісаць казкі. Нібыта сапраўды так і сталася – пэўны час, застаўшыся без зубоў у сталым веку, ён сапраўды не пісаў. Але вось яму ўставілі «ляпку» – і справа наладзілася! Не толькі казкі пачалі пісацца зноў, але і ўстаўная сківіца пачала балець!

Андэрсэн. Дзівацтвы казачніка.

* У казачніка быў надзвычай трывожны характар. Ён баяўся злодзеяў, сабак, страты пашпарта. Урэшце, ён надумаў, што некалі трапіць у пажар, начуючы ў гатэлі, таму паўсюль вазіў вяроўку ў валізе – каб па ёй спусціцца праз вакно ў выпадку пажару.

* Асцерагаўся быць атручаным і аднойчы, атрымаўшы ў падарунак ад скандынаўскіх дзяцей самую вялікую скрынку цукерак, адмовіўся ад іх і перадарыў сваім пляменніцам.

* Баяўся Андэрсэн зваліцца з ложка – і страхі яго пацвердзіліся! У 1872 годзе так і сталася. Пасля гэтага падзення здароўе Андэрсэна пачало імкліва слабець.

Памяць пра Андэрсэна

Андэрсэн. Памяць пра Андэрсэна

Русалачка – Капенгаген, непадалёк ад уваходу ў порт

* Зямны шлях Ганса Хрысціяна Андэрсэна скончыўся 4 жніўня 1875 года ў Капенгагене. У дзень пахавання славутага казачніка быў абвешчаны нацыянальны траур.

* Творы Андэрсэна перакладзеныя на 150 моваў свету

* На радзіме казачніку ўсталяваныя два помнікі. Праект першага ствараўся яшчэ пры жыцці Андэрсэна, і ён забракаваў яго, сказаўшы, што і двух словаў не змог бы звязаць, каб вакол яго таўклося столькі дзяцяй, колькі меркаваў паказаць на помніку аўтар. Андэрсэн лічыў сябе пісьменнікам для дарослых. Урэшце ў 1880 годзе, праз пяць гадоў па смерці, помнік усталявалі. На ім Андэрсэн глядзіць у неба, а ў левай руцэ трымае кнігу.

Другі помнік у Капенгагене ўсталяваны ў 1961 годзе на Ратушнай плошчы. Тварам казачнік павернуты да парка Цівалі. Звернем увагу на сугучнасць назвы парку ў далёкай Даніі і сучаснага гандлёвага цэнтра ў Мінску, на месцы былой вёскі «Цівалі» («Цівалі» – назва грамадскіх садоў для забаў і гулянняў у шматлікіх еўрапейскіх гарадах)

* З 1956 года Міжнароднай радай па дзіцячай кнізе (IBBY) раз на два гады прысуджаецца Залаты медаль Ганса Хрысціяна Андэрсэна – вышэйшая міжнародная ўзнагарода ў сучаснай дзіцячай літаратуры. Гэтым медалём узнагароджваюцца пісьменнікі, а з 1966 года – мастакі, за ўнёсак у развіццё дзіцячай літаратуры.

Андэрсэн. Залаты медаль Залаты медаль Ганса Хрысціяна Андэрсэна

* Беларусь мае творцаў, уганараваных Міжнародным дыпломам імя Х.К.Андэрсэна: гэта Васіль Вітка (у 1973 годзе) і Эдзі Агняцвет (у 1986).

* З 1967 года з ініцыятывы і па рашэнню Міжнароднай рады па дзіцячай кнізе 2 красавіка, у дзень народзінаў Андэрсэна, адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

* 2005 год з нагоды 200-годдзя з дня народзінаў казачніка быў абвешчаны годам Ганса Хрысціяна Андэрсэна.

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 78

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама