14.07.2021
14.07.2021

«Святы Кузьма сярпы робіць, святы Дзям'ян сена грабіць». Сустракайма летнія Кузьмінкі!

logo
Адметнасць беларусаў
0 031
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ толькі пазаўчора, 12 ліпеня, мы ўзгадвалі святых Пятра і Паўла, а сёння ўжо вітаем іншых святых – Кузьму і Дзям’яна. Спадзяюся, што іх імёны ў большасці з вас, шаноўныя сябры, таксама на слыху. Бо і яны лічацца апекунамі земляробства, сельскагаспадарчых работ, спрыяюць людзям падчас жніва ды сенакосу. І гэта адлюстравана ў народнай мудрасці: «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць…», «Святы Кузьма сярпы робіць, святы Дзям'ян сена грабіць», «Кузьма і Дзям'ян прыйшлі, на сенакос пайшлі».

Кузьма і Дзям’ян. Час сенакосу і жніва.

Альбо нават так: «Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць». Атрымліваецца, ніхто не сядзіць без справы ў гэтыя гарачыя ліпеньскія дзянькі! 🙂

Калі мы звернемся да асобаў святых Кузьмы і Дзям’яна, дык даведаемся, што яны былі лекарамі і дапамагалі людзям бясплатна. А ўвогуле, чытаем у Вікіпедыі: «Праваслаўная царква шануе тры пары святых, якія жылі, як лічыцца, у розны час і розных месцах: Казьма і Дзям'ян Асійскія (1/14 лістапада), Казьма і Дзям'ян, пацярпелыя ў Рыме (1/14 ліпеня), Казьма і Дзям'ян Аравійскія (17/30 кастрычніка)».

Нас жа больш цікавіць, натуральна, народны складнік гэтага свята, якое атрымала назоў «летнія Кузьмінкі».

Кузьма і Дзям’ян. Летнія Кузьмінкі на Полаччыне.

Дык вось, апроч згаданага, святыя Кузьма і Дзям’ян лічацца апекунамі кавалёў, кавальскай справы і вяселляў! І часта гэтыя два паняцці яднаюцца. Напрыклад, тым, хто вянчаўся першы раз (апрача ўдоў і ўдаўцоў), спявалі песню «Кузьма»:

Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
На векі неразлучную...

Прачытаўшы ж вось гэтае: «У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць», не магла не ўсміхнуцца! Такое ўражанне, што ў іншыя дні п’юць менавіта… бабы! 🙂

Але ўсе мы добра ведаем, як даўней ставіліся да таго, што жанчыны выпіваюць, паляць і г.д. У народзе такіх асуджалі, і моцна! Не тое што зараз… Нават дзяўчаты адкрыта пыхкаюць у гарадах вялікіх і малых. І нічога! 🙁 А вось у вёсках жанчыны сталага веку (ды і мужчыны) такіх і паганяць могуць…

Кузьма і Дзям’ян

Цікава, што ў аграгарадку Зялёнка, на Полаччыне, адмыслова шануюць святых Кузьму і Дзям’яна. Напачатку там праводзілі восеньскія Кузьмінкі, а ў 2019 годзе зладзілі яшчэ і летнія. І вось такое адраджэнне традыцый сапраўды заслугоўвае павагі і пашаны!

Прачытаўшы творчую справаздачу адтуль, найбольш павесялілася з гэтага: «Павысіць якасць будучых мужоў дапамагла абрадавая дзея «Выветрыванне дурноты з жаніхоў». Прэтэндэнтаў білі бярозавымі дубцамі, прыгаворваючы: «Каб гарэліцу не піў, толькі  жоначку любіў, увесь тыдзень працаваў, шмат багацця нажываў». Ну далібог, варта пераймання, праўда?! J Яшчэ каб і дзейнічала…

А чаго варты адмысловы «Мудрамер», на якім можна было вымераць узровень розуму! Там на рознай вышыні прымацаваныя таблічкі: «Дурны», «І так, і сяк», «Мудры». І да апошняга яшчэ паспрабуй дацягнуцца! 🙂

Кузьма і Дзям’ян. Летнія Кузьмінкі на Полаччыне.

Вясёлае вясковае свята, адразу бачна…І таксама яскрава прасочваецца паяднанасць мінулага і сучаснага, што вельмі каштоўна…

«Калі 14 ліпеня вецер дзьме з захаду, будзе дождж» –  заўважалі ў народзе. Пакуль асабіста ў нас прагназуюць вецер паўднёвы і паўднёва-ўсходні. Плюс… магчымы дождж! 🙂 Які нам так трэба…

«Сарока крычыць – наадварот, будзе горача» – наступная прыкмета. Вось у сваім Чэрвені я практычна сарок і не бачу. Затое ў Мінску, у мікрараёне Каменная Горка, дзе размяшчаецца наш офіс, іх – процьма! І крычаць, не зважаючы, прадказваюць гарачыню ці не. Хоць ты ім дзюбы пазавязвай! 🙂

Кузьма і Дзям'ян. Калі крычыць сарока...

Вось такі сёння прыемны ліпеньскі дзянёк. Выбірайце з прыкметаў і традыцый, што вам падабаецца. А калі ведаеце штосьці іншае, абавязкова дзяліцеся ў каментах у нашых сацсетках! Буду ўдзячная! 🙂

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 31

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.