09.06.2021
09.06.2021

Разам і для імунітэту добра! Сёння – Міжнародны дзень сяброў

logo
Думкі ўслых
0 032
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хто і калі прыдумаў гэтае свята, у якіх краінах яно адзначаецца і кім ігнаруецца – мы не будзем сёння гэта высвятляць. Проста давайце парадуемся таму, што такі душэўны дзень – ёсць! І гэта Міжнародны дзень сяброў, які адзначаецца 9 чэрвеня.

Сябры. Карысць сяброўства для здароўя.

А ў вас ёсць сябры дзяцінства?! Тады вам пашанцавала. Бо гэта няпроста – захаваць сяброўства на дзясяткі гадоў. Часцей за ўсё сяброў па жыцці мы знаходзім на працы. Але як толькі яе мяняем, частка з іх пераходзіць у разрад мінулых. Чаму так?! Ну, значыць, усё грунтавалася толькі на агульнасці працоўных інтарэсаў.

Цудоўна, калі сябар ці сяброўка – гэта чалавек, з якім вы жывяце, напрыклад, у адным пад’ездзе і працуеце таксама разам. Вось тут сувязі ўжо мацнейшымі будуць.

Бывае, чалавек пераязджае ў іншы горад. Тут магчымае рознае развіццё падзей. Альбо стасункі згубяцца, альбо ўзмоцняцца, альбо застануцца на тым жа ўзроўні…

Я, напрыклад, згодная з вядомым выразам: «Для сяброўства няма адлегласці». Дадам: ні адлегласці, ні якойсьці часавай залежнасці, ні ўзросту. Калі чалавек умее сябраваць, падтрымліваць стасункі.

Сябры. Для сяброўства няма адлегласці.

Самае цікавае, што толькі вось у нядзелю размаўлялі на гэтую тэму па тэлефоне з сяброўкай з іншага горада. Калісьці ў сярэдзіне 2000-х мы пазнаёміліся з ёй на курсах павышэння кваліфікацыі.  З таго часу бачыліся ў рэальным жыцці зусім мала. Затое дзякуючы сацыяльным сеткам, месэнджарам, тэлефоннай сувязі падтрымліваем стасункі амаль 15 гадоў.

І вось якая цікавая рэч – з уласных назіранняў. Магчыма, калі б мы жылі ў адным горадзе, побач, у нас не было б такіх шчырых і адкрытых, сапраўды сяброўскіх стасункаў. Можа, быт перашкодзіў бы. Можа, якраз-такі магчымасць бачыцца хоць кожны дзень…

Не ведаю. У мяне чамусьці такое адчуванне. А так… Варвара – гэта чалавек, якому я магу расказаць абсалютна ўсё. Мы разам смяемся і плачам, спачуваем адна адной, радуемся адна за адну, падтрымліваем… Гэта так важна! Варвара, дзякуй табе, дарагая, што ты ў мяне ёсць!

Сябры. Святлана Адамовіч і Варвара Чаркоўская.

З прыходам у наша жыццё сацыяльных сетак з’явілася такое паняцце, як інтэрнэт-сяброўства. Але для мяне яно, так бы мовіць, паўстае ў дзвюх іпастасях. Першая – гэта сапраўды абсалютна незнаёмыя людзі, якія па правілах сацсетак называюцца сябрамі. Іх можна ніколі ў жыцці не ўбачыць, ніколі ні слоўца не напісаць у прыватных паведамленнях…

Карацей, іх можна было б называць і якім іншым словам… 🙂 Падпісанты?! 🙂 Дзесьці яны такія і ёсць. А ў іншых сацсетках… Могуць быць у сябрах, але не падпісаныя…

А бывае, ёсць такія інтэрнэт-сябры – далёкія, на адлегласці, якія як сябры сапраўдныя. І ты таксама стасуешся з імі дзень пры дні… Нават без відэа! Праз перапіску. Гадамі, дзесяцігоддзямі… І здаецца, што ты ведаеш чалавека даўно і добра. 🙂 У вас такое бывае?! У мяне ёсць.

Сябры. Святлана Бубнова.

Гэта мая цёзка, Святлана, з расійскага горада Нагінск. Мы стала стасуемся ўжо… Дакладна не памятаю, колькі, але больш за 10 гадоў. І я яе назваю не інтэрнэт-сяброўкай, а проста сяброўкай. Роднасць душаў… Бываюць такія супадзенні. Свецік, і табе шчыра дзякую за нашыя шматгадовыя сяброўскія стасункі!

Вельмі люблю, калі інтэрнэт-стасункі пераходзяць у стасункі жывыя, рэальныя. Хаця гэта бывае так рэдка… Але бывае! Да гэтага часу памятаю, як знаёмая толькі па сацыяльнай сетцы Таццяна прыехала да мяне ў офіс праз увесь Мінск, каб уручыць… падарунак у дзень святога Мікалая! Бо прачытала пра такую традыцыю ў маім блогу!

І я пра гэта таксама распавядала ўжо… А яшчэ яна мая самая адданая чытачка! І гэта так прыемна! Танюш, дзякуй табе дарагая, за нашыя стасункі, за нашае знаёмства і сустрэчу, за  тое, што ты вось такая…

Сябры. Таццяна Шчарбакова.

А што ж кажуць пра, так бы мовіць, эфекты ад сяброўства даследчыкі? Ну, што гэта – адзін з самых моцных стымулаў шчасця, зразумела. 🙂 А яшчэ гэта своеасаблівыя лекі… ад стрэсу.

І сапраўды: падзелішся з кімсьці, паплачашся, калі гэтага патрабуе душа, – і адчуваеш сябе лепей. Асабліва, калі спачуваюць шчыра. А парадавацца за цябе можа і ўвогуле далёка не кожны, а толькі сапраўдны сябар. Спачуваць лягчэй… Радавацца шчыра – цяжэй нашмат. І не зайздросціць…

Кажуць, што з узростам набываць (шукаць і знаходзіць, заводзіць і г.д.) новых сяброў таксама нашмат цяжэй. Не ведаю. Не заўважала. 🙂 Магчыма, гэта таксама залежыць ад чалавека. Бывае, толькі пазнаёмішся асабіста – і адчуваеш: твой чалавек. 🙂 І я вельмі рада, што ў мяне і дагэтуль такое адбываецца. 🙂 І ў мае 50…

Сябры. Сяброўства карыснае ў любым узросце.

А што ж раяць даследчыкі-навукоўцы тым, хто не ведае, як гэта – заводзіць сяброў?! А проста пачаць рабіць штосьці разам. Самае дзейснае – спяваць у хоры, танчыць альбо бегаць, займацца спартыўнай хадой…

Эвалюцыйны псіхолаг Робін Данбар, які вывучае сяброўства (!) у Оксфардзе, сцвярджае, што пры гэтым выпрацоўваюцца эндарфіны, якія, апроч іншага, настройваюць нашу імунную сістэму. Плюс яны ж прымушаюць адчуваць моцную эмацыянальную сувязь з людзьмі, што займаюцца гэтым побач.

А сумеснае баўленне часу з абмеркаваннем чагосьці, смехам, жартамі і г.д. нават… абараняе ад кашлю і прастуды! 🙂 Во гэта бонусы ад сяброўскіх стасункаў!

Сябры. Сумесныя заняткі аб'ядноўваюць.

Па шчырасці, раней такога і сама не чула. 🙂 Цяпер можна будзе праверыць пры выпадку. Праўда, з надыходжаннем каранавірусных абмежаванняў жывыя сяброўскія стасункі практычна падышлі да нуля… Але ў мяне вялікія спадзяванні на гэтае лета! Што яно дасць нам перадыхнуць хаця б крыху. І без масак! І першы крок да гэтага ўжо зроблены… 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 32

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.