03.04.2019
03.04.2019

Сямейная сварка?! Ёй нават прыдумалі… свята!

logo
Думкі ўслых
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці ўмееце вы сварыцца, а папросту – высвятляць адносіны правільна?! Без вялікіх наступстваў для здароўя? Бо невялікія ўсё роўна ж будуць, як ні старайся. Толькі калі не злаваць увогуле… А такое магчыма?!

Гартаючы віртуальныя лісты, на якіх запісаны назвы не менш віртуальных святаў практычна на кожны дзень, супыняюся на гэтым, якому прызначана трэцяга красавіка: свята… сямейнай сваркі. Штоо-о-о-о?! Вы гэта сур’ёзна? Але ж вось, чорным па беламу… Ой, як хацелася б паглядзець на таго, хто прыдумаў такое «свята». А думкі пабеглі ўжо адна за адной…

І сустрэчная прапанова ўзнікла. Больш слушная, як мне падаецца. Назваць гэты дзень хаця б так: дзень БЕЗ сямейных сварак. Вам як?! А яшчэ лепш – і правесці яго так. Спакойна. Без нерваванняў па дробязях, накручвання сябе і сваёй другой паловы, без таго, каб «строіць» непаседлівых дзетак… СлабО?! Ці ўсё ж паспрабуем? Калі ўжо свята вырашаем перайменаваць, развярнуць на 180 градусаў.

А яшчэ давайце паспрабуем разабрацца, як церпіць наша здароўе падчас канфліктаў, сварак ды стрэсаў. І нават не душэўнае, бо гэта і так зразумела, а фізічнае. Якое наўпрост залежыць ад таго, як мы сябе паводзім падчас сварак, сцвярджаюць амерыканскія вучоныя.

Так, у тых людзей, хто прывык выплёхваць гнеў і злосць, абвастраюцца праблемы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Для іх звыклы боль у грудзях і гіпертанія. А тыя, хто звычайна ўтрымлівае ўсё ў сабе, зарабляюць боль у спіне, мышцах і праблемы з суставамі. Наўрад ці хто захоча выбіраць паміж гэтымі дзвюма групамі, праўда?! Лепей не зведаць ні таго, ні другога. Але калі вы ўсё ж адносіце сябе да першых ці другіх…

Тройчы паўторанае слова «самакантроль» – вось найлепшая парада ад вучоных ды медыкаў. Асабліва гэта датычыць тых, хто прывык выплёхваць негатыў на навакольных, прычым у вялікіх дозах. Але і трымаць усё ў сабе – не выйсце, сцвярджаюць даследчыкі. Эмоцыі ўсё ж трэба выказваць. Толькі дазіравана, каб не перайсці ў першую групу.

А вось рабіць гэта можна па-рознаму. Напрыклад, пракрычацца ў лесе альбо пабіць баксёрскую грушу. Карысталіся?! Наконт лесу – цалкам рэальна. Толькі сачыце, каб вавёрка са страху не звалілася з бліжэйшага дрэва. Жарт!

Сварыцца па правілах?!

Вучоныя сцвярджаюць, што гэта магчыма. Ну, на тое ж яны і вучоныя, скажаце вы. І дзесьці будзеце мець рацыю. А ўвогуле, хочацца прыгадаць вядомае: усё залежыць ад самога чалавека.

А парады ад псіхолагаў… Ну дык вось некаторыя з іх. Не трэба зацягваць вырашэнне праблемы, назапашваць сваю злосць і дрэнны настрой. Інакш праз пэўны час дастаткова будзе зусім нязначнага «касяку» з боку другой паловы, як вы выбухнеце ядзерным грыбам. І каму пасля гэтага зробіцца лягчэй?!

Не трэба таксама прыгадваць усе грахі за адзін раз, кажучы: «А ты, а ты…» Лепей абмеркаваць гэтую канкрэтную сітуацыю, якая так вывела з сябе. І выказвайцеся цэнзурна, шаноўныя! Ненарматыўная лексіка яшчэ нікому карысці не прыносіла. Хаця напачатку асабіста вам можа падасца, што зрабілася лягчэй…

Калі вы хочаце адразу ж знайсці вырашэнне сітуацыі, дык лепей усё ж адкласці гэта на пасля, калі будзеце ўжо ў нармалёвым стане і зможаце адэкватна ацэньваць сказанае і зробленае. Ну і, вядома ж, калі сваркі здараюцца не ўпершыню, добра было б ужо мець напрацаваную мадэль паводзінаў, як выходзіць з канфліктных сітуацый. Альбо вы разыдзецеся па розных кутах і не будзеце мець стасункі адно з адным, альбо, наадварот, зробіце выгляд, што нічога не было. Галоўнае, каб дзейнічалі зладжана. Бо калі адзін будзе сядзець надзьмуўшыся, як мыш на крупы, а другі ў гэты час весела шчабятаць, бы нічога не здарылася… Ядзерны грыб можа выбухнуць яшчэ раз.

А наперадзе ж вас будзе чакаць самае складанае. Як памірыцца? Як прымусіць сябе папрасіць прабачэння?! Звычайна гэта цяжка ну проста неймаверна! І тут спатрэбяцца ўсе душэўныя сілы. Затое як лёгка стане на душы, калі ўсё будзе зроблена і дараванне атрымана!

Дык давайце паспрабуем адзначыць сённяшняе «свята» адсутнасцю сварак – з усімі, увогуле! Няхай спакойна і па-добраму праходзіць дзень! А пасля яшчэ адзін, і яшчэ… А тыдзень без сварак – слабО?! Ці паспрабуем?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама