5 Лютага
05.02.2020

Сёння – Агапій-паўхлебнік. Гатуем пірагі з курыцай!

logo
Думкі ўслых
302 0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Агапій-паўхлебнік – свята, у большасці сваёй, усё ж састарэлае. Бо размова ідзе пра тое, што ў гэты дзень сяляне накіроўваюцца ў амбары, каб праверыць, ці шмат хлеба засталося да вясны. Але сёе-тое з прыкметаў на Агапія можа спрацаваць і зараз… Асабліва, калі прыстасаваць іх пад сябе.
Агапій-паўхлебнік: правяраем амбары.

Вось толькі што дзень гэта – працоўны. Таму тыя, хто на вытворчасці, на прадпрыемстве, у офісе і г.д., не змогуць напоўніцу паўдзельнічаць у гаспадарчых турботах. А на Агапія гаспадары звычайна пасля агляду запасаў зерня прыбіраліся ў амбарах, а заадно і рамантавалі іх, калі мелася ў тым патрэба. Прычым тычылася гэта ўсіх гаспадарчых пабудоў.

Правяралі таксама зерне, якое рыхтавалі да пасеву. Пры неабходнасці – дакуплялі. А мы можам зрабіць агляд насення гародніны, якое збіраемся выкарыстоўваць сёлета. Тым больш, хутка надыдзе час для высявання на падваконні на расаду насення памідораў, перцу ды іншага…

Агапій-паўхлебнік: рыхтуемся да высявання насення на расаду.

Ну, а гаспадыні павінны навесці парадак у хатах (чытай – дамах, кватэрах, катэджах і г.д.). З мыццём сценаў, столі, аконных рамаў, падлогі. Між іншым, нават убачанае ў гэты дзень павуцінне тлумачылі, як прыкмету будучага дабрабыту. Але! Толькі калі яно было сплеценае павучком ля абразоў. А вось прыбіраць яго ці не – гісторыя замоўчвае…

Зрэшты, мне павучкоў заўсёды шкада. І хаця павуцінне я, вядома ж, прыбіраю, але саміх «жывёлінаў» не чапаю. Заву іх «Васькамі» (ні ў крыўду нікому! :)).

Пятага лютага гаспадыні абавязкова выпякалі пірагі з курыцай. На Агапія яны сімвалізавалі ўрадлівасць і сямейнае шчасце. Кожны з сямейнікаў абавязкова павінен з’есці хаця б кавалачак. Па даўнейшай традыцыі сёння трэба таксама пачаставаць жабракоў, бедных, вандроўнікаў-падарожнікаў.

Агапій-паўзімнік. Выпякаем пірагі з курыцай.

Што яшчэ з цікавага (але невытлумачальнага: прынята і прынята) на гэты дзень дайшло да нас, дык гэта тое, што пабачыць зайца – да добрых навінаў! Ну, вожыка ля норкі мы ўжо падцікавалі… 🙂 Цяпер ганяемся за зайчыкам! Плюс назіраем за вавёркамі і сініцамі!

Калі вавёркі скачуць па зямлі альбо па галінах – цяпло хутка прыйдзе. Калі хаваюцца ў дуплах ды яшчэ і лаз зачыняюць – снегу доўга не будзе. Вось па апошняй прыкмеце ў мяне такое ўражанне, што яны са сваіх дуплаў не высоўваюцца яшчэ з пачатку снежня! 🙂

Агапій-паўхлеьнік. Сочым за паводзінамі вавёрак.

Дарэчы, сёння можна праверыць, ці сапраўды нас чакаюць наперадзе маразы, як прадказваюць сіноптыкі. Па народных прыкметах, калі сініцы гучна шчабечуць зранку на Агапія – маразы прыйдуць-такі!

А вось хто пятага лютага будзе гучна сварыцца, той без голасу застанецца, былі ўпэўненыя нашыя продкі. Ну, прыкметы прыкметамі, але калі ў наш няпросты час яшчэ і сварыцца… Дык можна не толькі без голасу застацца, але і без працы, без другой паловы, без сям’і… Лепей высвятляць адносіны ціха-мірна…

Пакуль гэты люты не пытаецца, як хто абуты, але, магчыма, значныя маразы мы ўсё ж пабачым і сёлета. А народныя прыкметы нашых продкаў на Агапія вось пра што даўней паведамлялі: «Многа снега – многа хлеба», «Марозны і сонечны дзень – да гарачага жніўня».

Агапій-паўхлебнік. Назіраем за прыродай.

У гэты ж дзень дзяўчаты чыталі «на вецер» замовы на каханне.

Чарговы дзень, народнае свята, цікавае сваімі прыкметамі і традыцыямі, – і чарговая магчымасць для нас, сучаснікаў, паспрабаваць штосьці пераняць ад продкаў. Альбо… прыдумаць сваё. Галоўнае – мець жаданне. Ці не так?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

302 0 48

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.