
Прачытала, што зазвычай на Анісіма зіма лютуе – і ажно засмяялася! Так, зусім хутка мы перастанем жартаваць на гэтую тэму і ўжо задумаемся пра тое, якім выдасца наша лета-2020. Тым больш, што ў аматараў працы на зямлі і нагода для гэтага ёсць. Бо даўней менавіта на Анісіма Аўчара нашы продкі загартоўвалі насенне: выносілі яго на тры дні на мароз! І лічылася, што пасля гэтага яно ўзыдзе дружна.
Зрэшты, наколькі мне вядома, насенне не ўсіх культур любіць вось такую загартоўку. Таму калі хтосьці вырашыць пераняць традыцыю, лепей спачатку пачытаць адпаведную інфармацыю ў сеціве на аўтарытэтных сайтах.
А традыцыі «загартоўкі» даўней пераймалі нават майстрыхі! І яны на Анісіма выносілі на мароз… маток новай пражы! Нібыта пасля гэтага яна рабілася больш моцнай.
А што да трымальнікаў авечак, дык яны прасілі, уявіце сабе, у тых жа зорак (!), каб паспрыялі здароўю гэтых жывёл і вялікаму прыплоду.
І калі зазвычай Анісім перадае эстафету адразу каляндарнай вясне (за 28-м чыслом, апошнім днём лютага, ідзе 1-га сакавіка), дык раз у чатыры гады ён сустракаецца з Касьянам.
Памятаю, у дзяцінстве заўсёды было цікава: а як гэта – адзначаць свой дзень народзінаў… 1 раз у 4 гады??? Прызнацца, дагэтуль асабіста не знаёмая з народжанымі 29-га лютага. А вы?! Затое шмат гісторый чула пра тое, калі нованароджаных запісвалі на пазнейшую дату. Каб не маяліся па жыцці.
І чаму ж такі Касьян нешчаслівы? Ды, паводле легенды, праштрафіўся ён. Калі гуляў па Зямлі з Міколам, не захацеў дапамагчы мужыку, чый воз з дровамі захрас у гразі. Пабаяўся выпэцкаць сваю прыгожую вопратку. А Мікола не пабаяўся. Менавіта таму Бог даў Міколу два святочныя дні на год, а Касьяну – той самы 1 раз у чатыры гады. Легенда легендай, але штосьці ў гэтым ёсць, ці не так?! Дапамагай бліжняму свайму…
З гэтай нагоды ці не, але ўвесь дзень Касьянаў лічыўся нешчаслівым. Нашы продкі, асабліва тыя, хто аддана верыў у прымхі, стараліся ў гэты дзень нават на вуліцу не выходзіць! Бо лічылі: на каго зірне Касьян, таго чакаюць усялякія нешчасці. Выраз «Касьянава вока» чулі?!
Прымхі прымхамі, але ж мы ў 21-ым стагоддзі жывем! 🙂 А там… Хто яго ведае. Субота… Можна і дома пасядзець. На ўсялякі выпадак. Тым больш, калі зноў якую непагадзь паабяцаюць. Дома здаравей будзем!
Да таго ж, нашы продкі верылі, што не трэба на Касьяна распачынаць новыя справы – нічога не атрымаецца. Нельга вандраваць і пускаць на начоўку вандроўнікаў. І жаніцца таксама нельга!
Ой, а пра якую я цікавую традыцыю замежжа прачытала! Доўга смяялася. Толькі не ведаю, ці насамрэч яна існуе зараз. У некаторых краінах (Шатландыя, Ірландыя) 29-га лютага жанчыны… робяць прапанову мужчынам! Рукі і сэрца! А тыя не могуць ад яе адмовіцца! І павялося тое ажно з 5-га стагоддзя! Як вам?! 🙂
Зрэшты, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва таксама прыдумалі ход у адказ! Ну, калі жаніцца зусім не хочацца. Яны проста дома сядзяць (Касьян жа, з хаты не выходзім!) і нікому дзверы не адчыняюць. Эх, бедныя жанчыны… Якія захочуць да такіх «пасватацца»…
А вам што з пералічаных прыкметаў ды традыцый болей даспадобы 28-га і 29-га лютага?! Мне блізкае – загартоўка насення, пражы і… дома сядзець! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.