01.07.2020
01.07.2020

Сёння «Фядул на двор зазірнуў»…

logo
Беларускі код
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І што ж яму там спатрэбілася, пацікавіцеся вы. Ды проста яго, Фядулаў, дзень сёння – 1-га ліпеня. І – макаўка (верхавіна, вяршыня) лета. А калі Фядул ужо зазірнуў на двор… Нашыя продкі ведалі: «Пара сярпы зубіць (тачыць), да жніва рыхтавацца загадзя». І праўда, поле збожжавых ля дачы ўжо даўно так завабліва пахне, як пахнуць толькі каласы ў квецені. І валошкі, якіх не было, пэўны час таму, здавалася, выраслі за адну ноч…

Фядул. 1 ліпеня. Макаўка лета.

Учора ў сваім акаунце на ФБ афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі напісаў: «Сёння заканчваецца першы з трох месяцаў лета». З хэштэгам #яваспапярэдзіў. І такая простая і немудрагелістая заўвага выклікала шмат каментароў. Ад «не можа быць» да прапановы працягнуць лета.

А яно ж так і ёсць… І летась было гэтак жа… І пазалетась… І будзе надалей – па розных прычынах. То сумныя падзеі ў сям’і, якія не дазваляюць заўважаць змену сезонаў, бо пануе ў душы адзін толькі боль… То надвор’е галівудзіць… Спёка-спёка-спёка, ад якой нават у кватэры няма куды падзецца… Дажджы-дажджы-дажджы… Калі нікуды не выйсці. А яшчэ ж столькі шкоды робяць!

Каранавірус… З-за якога рэальнае жыццё ў многіх па-ранейшаму праходзіць міма… Хаця мы сапраўды адчувальна расслабіліся… І дай Бог, каб не было другой хвалі, пакуль і першая яшчэ як след не ўлеглася… І каб смяротных выпадкаў было як мага меней… А лепей – і зусім каб іх не было… Бо многія нечакана згубілі сваіх блізкіх, як сталага, так і маладога ўзросту. І ці да лета і ім?! А яно, тое лета, на нашыя адносіны і не зважае. Ідзе ды ідзе сабе паціху…

Фядул. Ліпень. Макаўка лета. Лета ідзе.

«На верхавіне лета сонца без агню гарыць», – заўважалі нашыя продкі. І верылі ў пэўную магічнасць дня менавіта 1-га ліпеня. Што сонца замірае ў найвышэйшай кропцы, птушкі перапыняюць свой спеў, а лісце – шамаценне…

А яшчэ верылі, што калі сёння апоўдні сплесці вянок з бярозавых галінак, якія перазімавалі, стаць на высокі бераг ракі і глядзець скрозь яго, дык можна пабачыць сваіх дарагіх блізкіх, якія загінулі на вайне і немаведама дзе пахаваныя, і месца тое – пахавання. Калі б я ў свой час не адшукала магілу дзеда Івана, абавязкова скарысталася б такой магічнай магчымасцю…

Таксама час прыгадаць і пра сенакосы, якія ў гэтую пару ў разгары, і пра расу, што ім папярэднічала. Нашыя продкі надзялялі яе гаючымі ўласцівасцямі, казалі: «Сенакосная раса і сутулага выправіць, і здароўе выпрастае», «На то і сенакосная раса, каб сталі зарчэй вочы», «Памыешся перад пакосам расой – станеш красой». Яшчэ не рабілі гэтак?! Паспрабуйце…

Фядул. Макаўка лета. Гаючая раса.

А яшчэ ад 1-га ліпеня сяляне даўней ладзілі сабе новыя пасцелі: выкідвалі з падушак ды матрацаў старую салому і набівалі іх скошанай і высушанай духмянай травой. Прычым таксама ведалі, якія траўкі найбольш лекавыя, што для чаго ці ад чаго…

Напрыклад, званочак – ад страхаў уночы, святаяннік – ад поту, канюшына чырвоная – для яснага розуму. А чароўную травяную падушачку можа і зараз зрабіць сабе любы ахвотны – было б жаданне.

А зусім жа хутка ў нас – Купалле, якое найчасцей мы зараз святкуем з 6-га на 7-га ліпеня, чым з 23-га на 24-га чэрвеня. А гэта значыць, што лекавыя травы набудуць найбольшую сваю сілу і моц. Трэба толькі не паленавацца назбіраць іх ды высушыць правільна. Каб потым піць гарбату, запарваць для лазні, рабіць розныя адвары ды настоі на карысць уласнаму арганізму.

Фядул. Макаўка лета. Лекавыя расліны.

Так што палі ды лугі клічуць нас гэтымі ліпеньскімі дзянькамі. І нам абы здароўе, надвор’е ды жаданне, каб нарыхтаваць травак і траў… А магчымасць можа кожны знайсці. Толькі, вядома ж, збіраць усё трэба падалей ад ажыўленых дарог. Ды і не ажыўленых таксама…

А ў нас па-ранейшаму аднекуль ці то вецер, ці то птушкі заносяць на дачны ўчастак святаяннік. Летась і пазалетась перасаджвала асобныя раслінкі разам. Трэба і сёлета гэтым заняцца. Хаця б крыху лекавых траў вырасціць. У мінулым годзе, на здзіўленне, не раз той святаяннік зацвіў. І быў нарыхтаваны. І спажыты – у гарбаце… Адзін з маіх самых любімых збораў – святаяннік з мятай альбо мелісай.

А гайда ў ліпені на гаючую расу ды па лекавыя траўкі! І няхай надвор’е нам паспрыяе!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама