20 студзеня
20.01.2021

Сёння – Іван Прысеча і… Зімовы дзень сагравання свету!

logo
Думкі ўслых
0 014
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Іван Прыцік узяў куццю да й уцік»…Такімі словамі нашыя продкі падкрэслівалі, што святы нарэшце заканчваюцца. Мы кажам – навагоднія, а даўней казалі – калядныя. Падрыхтаваўшы тры куцці і паваражыўшы на бліжэйшы сельскагаспадарчы год, пакалядаваўшы, наведаўшы царкву на Вадохрышча, беларусы вярталіся да будзённых гаспадарчых спраў. Жанчыны зноўку маглі прасці, ткаць, вязаць ды вышываць. А незамужнія дзяўчаты пачыналі хвалявацца. Бо з гэтага дня надыходзіла Малая Вясельніца, калі ў хаты сватоў засылалі, а пасля і вяселлі гулялі.

А ўвогуле, 20 студзеня – Прывадохрышча (Лянівы дзень, Прысеча, Іван Хрысціцель). У некаторых мясцовасцях таксама яшчэ не працавалі, а святкавалі.

У традыцыях нашых продкаў было да сняданку папіць вады, асвечанай на Вадохрышча, каб здароўе цэлы год не падводзіла. А калі хтосьці хварэў, дык ёю ўмываўся. Хатнім жывёлам на Івана Прысечу давалі хлеб і соль альбо бліны. Верылі, што гэта дапаможа мець у далейшым добры прыплод.

Назіралі 20 студзеня і за надвор’ем. Так, калі ішоў снег, дык лічылася, што ісці яму ажно да Масленіцы. А калі надвор’е было ясным, лета чакалася гарачае і сухое.

А яшчэ сёння ўважліва назірайце, ці не прабяжыць міма якая жывёліна, ці не праляціць птушка. Бо лічылася, што пабачыць у гэты дзень мышку – да хуткага папаўнення ў сямействе, а згледзець лебедзя ці дзікага гуся – да выканання жадання.

Гэта што тычыцца даўнейшых народных прыкметаў. А вяртаючыся ў сучаснасць… Хтосьці калісьці прызначыў дзень 20 студзеня… Зімовым днём сагравання свету! Вось так!

Так што грэем сёння старанна ўсё і ўсіх вакол сябе! Цеплынёй душы і сэрца, прамяністымі агеньчыкамі з вачэй, добрым словам, добрай справай, дабрачыннасцю… Дабром і дабрынёй!

Магчыма, нам пашчасціць сёння пагрэцца ў промнях сонца. Бо яго ў прагнозах надвор’я – абяцалі. Калі і не на вуліцы пагрэцца, дзе мароз павінен паменшыцца напалову, дык хаця б за шклом. І калі гэта вокны ПВХ, а ваш працоўны кабінет альбо любімы пакой знаходзяцца з сонечнага боку, дык прыемныя адчуванні гарантаваныя! А там можна і астатніх ужо сагрэць...

Як вядома, на полымя можна глядзець бясконца, і ніколі не надакучыць. І гэта сапраўды так. Асабіста я вельмі люблю жывы агонь, у печцы альбо каміне… Вогнішча таксама падыходзіць… Ад яго сапраўды саграваешся не толькі целам, але і душой.

Саграваць жа іншых – нашмат складаней. Не ў кожнага гэта атрымаецца. Не кожны на гэта здольны. І нават калі хтосьці корміць бадзяжных катоў альбо сабак, гэта не значыць, ён такі ж міласэрны да людзей. Чаму? Бо жывёлаў шкадаваць лягчэй. Вы згодныя?!

… Ужо колькі месяцаў бачу на прыступках аднаго з выхадаў станцыі метро «Магілёўская» чалавека без пэўнага месца жыхарства. У яго таблічка з просьбай аб дапамозе… Старэнькі радыёпрыемнік, яшчэ такія-сякія рэчы. Побач найчасцей кладуць ежу, грошай даюць меней.

Апошні раз бачыла яго там якраз перад вялікімі марозамі. Часцяком ён проста ляжыць на стылых прыступках. І я нават не магу сабе ўявіць, што магло здарыцца з чалавекам, каб ён апынуўся ў такім становішчы...

І няўжо якая-небудзь дабрачынная арганізацыя не ў сілах яму дапамагчы?! Бо што могуць асобныя людзі? Толькі разава падтрымаць. А ці дастаткова гэтага? Не, вядома ж… Сумна…

А мне ў сувязі з гэтым прыгадваюцца словы слыннага драматурга Аляксея Дударава: «Зямля халодная, і неба халоднае, космас яшчэ халаднейшы... Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі... Душамі сваімі сагрэлі! І зямлю, і неба, і адзін аднаго...»

Вядома ж, вакол заўсёды хапае тых, каму патрэбныя нашыя ўвага, спагада, дабрыня і цеплыня. Не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных справах. І сёння – самы час задумацца пра тое, каго мы можам сагрэць. Бо дзень такі… незвычайны… Зімовы дзень сагравання свету… Грэеемся і грэем!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 14

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.