20 Верасня
20.09.2020

Сёння – у лес, а заўтра – у поле… Святкуйма!

logo
Думкі ўслых
0 0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У трэцюю нядзелю верасня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень работнікаў лесу. І сёння мы шчыра віншуем усіх, хто мае дачыненне да гэтага свята! А таксама прызнаемся ў любові да самога Пана Лесу. Заўтра ж у нас – Багач (Другая Прачыстая, Раство Маці Божай).

Дзень работнікаў леса. Багач. Віншаванні.

А вы калі-небудзь садзілі… лес?! Я дык – так. Аднойчы. Затое – падчас адметнай акцыі, якая памятаецца і зараз. Было гэта 12 красавіка 2014 года – падчас Тыдня лесу і ў Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі.

Па запрашэнні Чэрвеньскага лясгаса ўдзел у мерапрыемстве ўзялі супрацоўнікі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, а таксама маці трэцяга касманаўта Раскосмасу – ураджэнца Беларусі, майго аднакласніка Алега Навіцкага Валянціна Эдуардаўна Навіцкая.

І так яна спрактыкавана ўзялася за пасадку, што я ледзьве яе дагнала! Бо на пачатку была занятая як журналіст зборам матэрыялу ды фатаграфаваннем. А тады пераняла ад Валянціны Эдуардаўны эстафету. Даволі цікавая гэтая справа, скажу я вам, – лес садзіць. І як добра (узгадваючы вядомы фільм), што ёсць такая прафесія!

Дзень работнікаў лесу. Высаджваць лес.

А які гэта цуд – прагулкі ў лесе… Мая мамачка, якой ужо няма са мной пяць месяцаў, вельмі іх любіла. І мы, калі надаралася такая магчымасць, з задавальненнем прагульваліся з ёй па нашым чэрвеньскім лесапарку… І ў звычайным лесе яна любіла бываць. Так спрытна збірала ягады і грыбы! І нас з братам гэтаму з маленства навучыла…

А вы ведаеце, што фітанцыды, якія ўтрымліваюцца ў лясным паветры, аказваюць на чалавечы арганізм антымікробнае ўздзеянне?! А яшчэ спрыяльна ўздзейнічаюць на кровазварот, дыханне, лёгкія, імунітэт…

Спецыялісты вельмі раяць прагулкі па хваёвым лесе. Але толькі не тады, калі ў ім сыра, бо можна замест карысці атрымаць праблемы. Затое калі суха і сонечна (а таксама марозна і снежна, чаго даўно ўжо мы ўзімку не бачым), тады здымаецца стомленасць і напружанне, ідзе прафілактыка бяссонніцы, супакойваецца нервовая сістэма і нават… павялічваецца жыццёвы аб’ём лёгкіх!

Прагулкі па лесе.

Прагуляўшыся сёння па лесе і павіншаваўшы тых, у каго прафесійнае свята, рыхтуемся да сустрэчы Багача, які прыходзіць да нас 21 верасня. Яго іншыя назвы, апрача згаданых напачатку, – Другая Спажа, Багатуха, Гаспожка багатая…

І святкавалі нашыя продкі найперш заканчэнне ўборкі зерневых. А веруючыя адпаведна – нараджэнне Маці Божай. Сам жа Багач узыходзіць каранямі да язычніцкага (паганскага) свята ў гонар Дажбога. Мне вельмі прыемна, што ў свой час этнограф Адам Багдановіч (бацька слыннага беларускага паэта Максіма Багдановіча) апісаў абрад святкавання Багача менавіта ў нашым Ігуменскім павеце (сучасны Чэрвень, нагадваю, – старажытны Ігумен).

«Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку», – прыгаворвалі нашыя продкі. І стараліся 21 верасня пасеяць азімае жыта з насення, адкладзенага яшчэ ў Першую Прачыстую.

А ў традыцыях агульных святкаванняў – збіранне збожжа ў кошык (звычайна з кожнага сялянскага двара прыносілі па жменьцы), вырабленне свечкі (альбо бралі гатовую), яе ўстаўленне ў зерне і запальванне. А затым «багач» праносілі па ўсёй вёсцы ў суправаджэнні яе жыхароў, заходзячы ў кожную хату, хлеў, абносячы вакол статку...

Багач. Традыцыі беларускага свята.

У хаце, якая на цэлы год прымала «багача», ладзілася частаванне вяскоўцаў. А сам «багач» павінен быў стаяць у чырвоным куце наступныя 12 месяцаў і забяспечваць гаспадарам хаты здароўе, удачу ў справах і дабрабыт.

А яшчэ ў вёсках пачыналі ладзіць восеньскія кірмашы, якія шмат значылі для моладзі. Бо традыцыйна хлопцы на іх выглядалі дзяўчат, а дзяўчаты – хлопцаў… Знаёміліся, сустракаліся, заляцаліся, згаворваліся… І, калі пашанцуе, гэтай жа восенню гулялі вяселлі...

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 38

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.