28.08.2021
28.08.2021

Сёння – Успенне, а заўтра – Арэхавы Спас...

logo
Беларускі код
0 130
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«... І гэтае лета зусім незаўважна сыходзіць ад нас» – мімаволі складваецца ў думках працяг. Сапраўды, падыходзіць да свайго заканчэння жнівень, а разам з ім і лета. Будзем спадзявацца, што толькі каляндарнае. Бо гэтыя два святы традыцыйна абвяшчаюць пра пачатак бабінага лета. Нягледзячы на вядомае: «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Завяршаецца і чарада жнівеньскіх святаў – народных і царкоўных.

Успенне.

Калі казаць пра народны складнік Успення (28 жніўня), дык найперш гэта свята хлеба і падрыхтоўкі да азімай сяўбы. Іншыя яго назвы – Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Багародзіца, Гаспажа, Зельная, Зялёная. У сялян традыцыйна пыталіся: «Успенне – ці гатова насенне?»

У некаторых мясцовасцях існавала традыцыя змешваць асвечанае жыта з падрыхтаваным да сяўбы. Лічылася, што тады будзе добры ўраджай на наступны год. У іншых асвячалі апошні сноп («бараду»), а тады зернем з яго пачыналі засяваць раллю.

Вядомыя выслоўі на гэтае свята – «Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне», «Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае», «Гаспажа – хлеба дзяжа».

Успенне. Трэці Спас. Збіраем ураджай.

Праваслаўныя адзначаюць адно з двунадзясятых святаў – Успенне Прасвятой Багародзіцы.

Ну, а заўтра, 29 жніўня,  да нас прыходзіць Трэці Спас (Малы, Хлебны, Арэхавы, Палатняны). «Трэці Спас хлеба прыпас» – казалі ў народзе. А яшчэ пачыналі сеяць зімовае жыта, збіралі арэхі, якія павінны былі ўжо выспець да гэтага часу (іх асвячалі ў царкве), і праводзілі ў вырай ластавак ды журавоў: «Хто калі жадае, а журавель да Трэцяга Спасу адлятае». А яшчэ пяклі пірагі і хлеб з мукі новага ўраджаю, частавалі імі падарожных, жабракоў.

І, падсумоўваючы асноўнае па ўсіх трох святах з адной назвай, казалі: «Першы Спас – на вадзе стаіць; Другі Спас – яблыкі ядуць; Трэці Спас – на зялёных горах палотны прадаюць».

ры Спасы ў беларусаў.

Праваслаўная царква адзначае Свята перанясення Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерукатворны). Лічыцца, што першая такая выява з’явілася, калі Ісус памыўся і выцер твар палатном. Яна вельмі шануецца вернікамі.

Асабіста я найбольш яскрава магу ўявіць гэтыя народныя святы, пераносячыся ў думках у Строчыцы (Азярцо) – у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Там была ўжо не раз. І заўсёды адчуваю патрэбу вярнуцца праз пэўны час. Тым больш, што непадалёк, у вёсцы Строчыцы, знаходзіцца хата, якая калісьці належала маім продкам па бацькоўскай лініі.

Вяскоўцаў, магчыма, музей-скансен асабліва і не ўразіць. Бо ўсё да болю знаёмае: і традыцыйнае ўладкаванне хатаў, і гаспадарчыя пабудовы, іншыя адмысловыя куточкі. Але яны такія дарагія сэрцу тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы альбо ў дзяцінстве штогод на летніх вакацыях гасцяваў там у бабулі-дзядулі.

Нездарма на тэрыторыі гэтага музея ладзяць так шмат інтэрактыўнасцяў, прымеркаваных да пэўных народных святаў. Здаецца, што хаты ад перамяшчэння ў прасторы, а то і ў часе, зусім нічога не згубілі. І таму, пазіраючы на прадметы сялянскага побыту, так яскрава можна сабе ўявіць і святкаванне Успення, і засеўкі азімага жыта на палетках, і частаванне пірагамі на Хлебны Спас...

Трэці Спас. Музей-скансэн.

А чым больш сталым робішся, тым часцей хочацца адрадзіць штосьці з традыцый, няхай сабе і ў межах гарадской кватэры. Найчасцей, дзякуючы нашай з братам маме, гэта тыя ж пірагі з адмысловым начыннем да розных святаў альбо іншыя стравы.

Ці той жа букет з каласкоў новага ўраджаю. Патрэба кагосьці пачаставаць дарамі дачы. Спроба назбіраць у лесе арэхаў, што калісьці ў маміным дзяцінстве рабілася ледзь не ў прамысловых маштабах. І ўсё гэта так сагравае сэрца...

Трэці Спас. Арэхавы, Хлебны.

І менавіта падчас гэтых жнівеньскіх святаў, трох Спасаў і не толькі, так яскрава адчуваецца сувязь з продкамі, голас роду. Здаецца, што ў гэтыя дні нябёсы раскрываюцца, каб пачуць цябе. А ты чуеш іх... Прыслухаемся?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 130

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама