12.02.2021
12.02.2021

Таццяна Валодзіна: «Асноўнае правіла народнай медыцыны – лячыць усяго чалавека»

logo
Адметнасць беларусаў
0 152
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што такое народная медыцына ў сучасным уяўленні беларусаў? Цемрашальства альбо вялікі абагульнены вопыт не аднаго пакалення? Якім было стаўленне да яе яшчэ ў мінулым стагоддзі і што варта было б змяніць у нашым сённяшнім успрыняцці? Гутарым з даследчыкам народных традыцый Таццянай Валодзінай.

Візітоўка

Таццяна Валодзіна – доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Фалькларыст, этналінгвіст. Шмат гадоў даследуе народны каляндар і народную медыцыну, міфалогію, традыцыйную карціну свету беларусаў, замовы. Аўтар кніг «Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў», «Народная медыцына. Рытуальна-магічная практыка», «Цела чалавека: слова, міф, рытуал» ды іншых.

Спадарыня Таццяна, чаму вы абралі для сваёй доследнай дзейнасці менавіта народную медыцыну?

Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы. І калі падчас навучання на філалагічным факультэце БДУ, рускім яго аддзяленні, трапіла на навуковы семінар па этналінгвістыцы і культуры, дык была дужа ўражана. Наколькі натхнёна вучоныя людзі абмяркоўваюць тое, чым вёска жыла штодня! І бачаць у гэтым вялікую каштоўнасць. Для мяне тое сталася адкрыццём і дзівам. Памятаю, як зараз, што да жалезнай забароны ў нашай сям’і класці хлеб дагары нагамі падводзіўся цэлы міфалагічны светапоглядны падмурак. Затым я пачала ездзіць у экспедыцыі. І да гэтага часу лічу: экспедыцыі – самае лепшае, што я маю, што мае кожны фалькларыст. Гэта калі ты наўпрост сутыкаешся з той мудрасцю, паэтыкай, якімі жылі нашыя продкі і ў пэўнай ступені жывуць і зараз. Але да народнай медыцыны мой шлях быў доўгім.

Якім жа?

Я займалася каляндарнымі святамі. Затым зацікавілася, якое значэнне мае кожны з прадметаў. Наступны крок – сімволіка цела чалавека. Нават быў такі штрых, як эратычны фальклор. А займаючыся целам (гэта была тэма маёй доктарскай дысертацыі), немагчыма не выйсці на праблемы здароўя і хваробаў. Тым больш, што ў народнай медыцыне вельмі важнае значэнне надаецца ўсяму акружэнню чалавека. У традыцыйным вясковым лекаванні задзейнічана ўсё хатняе начынне: патэльні, лыжкі, свечкі, вугалькі… Ну вось усё, што побач! Іголка, нож, вострае, калючае. Зёлкі, жывёлкі, камяні. Усё ўключана ў сістэму традыцыйнай медыцыны. І вось набраўшы пэўную колькасць матэрыялаў…

А набралі дзе?!

У бабуль. Самае каштоўнае – ад іх. Вядома ж, напачатку перабрала ўсю літаратуру па тэме. Запісы пачынаюць сустракацца дзесьці з пачатку 19 стагоддзя. Раней – адзінкі. А вось 19 стагоддзе – гэта час цікавасці да народа, яго мудрасці, у тым ліку і да народнай медыцыны. Калі ўзяць той блок запісаў, якія рабілі вучоныя мужы, дык выразна прасочваюцца два падыходы. Першы – «Ах, якая народная мудрасць! Які народ захавальнік!» Другі – «Ах, якія цемрашалы! Неадукаваныя, цёмныя, забітыя. І паглядзіце, якія яны дзікуны! Перапякаюць дзіця ў печцы на хлебнай лапаце!» Але асноўны матэрыял – палявыя экспедыцыі па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Народная медыцына. Таццяна Валодзіна ў экспедыцыі.

Толькі ж распавесці пра сакрэты народнага лекавання, відаць, можа не кожная бабуля? А тая, якая сапраўды лечыць? Знахарка?

Справа ў тым, што першаснымі ведамі валодала абсалютная большасць вясковых жанчын. Гэта, у асноўным, дзіцячыя хваробы, так званыя першасныя болькі – урокі, спалох, звіх, крывацёк, панос, запор, апёк… Тое, на што трапляе практычна кожны чалавек. Дык вось пэўнай базай валодалі ці не ўсе жанчыны. А затым ужо… Фактычна ў кожнай вялікай вёсцы быў асобны спецыяліст. Гэта людзі зацікаўленыя, здольныя ўспрымаць і трымаць у галаве вялікую колькасць ведаў. А што тычыцца шаптух… За час размоў з імі я пераканалася, што гэта – Боскі дар. Талент, іскра – можна называць па-рознаму. Гэта сапраўды людзі, пазначаныя пэўнымі здольнасцямі.

Але ж навукова гэта не вытлумачыш…

Натуральна – не! Я лічу, што на сёння навука яшчэ не дасягнула такога ўзроўню, калі б мы маглі вось гэта раскласці па палічках. Так, як хтосьці спрабуе патлумачыць, чаму здараецца цуд у вернікаў, якія ідуць у царкву, шчыра моляцца і атрымліваюць вылячэнне. Мы можам вытлумачыць з псіхалагічнага пункту гледжання, з міфалагічнага. Але з навуковага, з формуламі і заканамернасцямі – не.

Як мне падаецца, проста пэўны час таму навука, у тым ліку і традыцыйная доказная медыцына, настолькі ўпэўніліся ў сабе, у сваім развіцці, што вырашылі больш не выкарыстоўваць колішні падмурак, а ісці іншым шляхам.

Абсалютна згодна! І якраз гэты час, недзе ад 30-х да 80-х гадоў мінулага стагоддзя, – перыяд стаўкі афіцыйнай медыцыны на рэйкі хімічнай прамысловасці. І ў першую чаргу, гэта вытворчасць і прымяненне антыбіётыкаў. Натуральна, ён даў сваё. І мы не можам адмаўляць такога вялікага кроку наперад. Але вось гэты выключна медыкаментозны крок на лекаванне хваробаў выявіў і свае хібы. Што чалавек – гэта не выключна субстанцыя, якая складаецца з мяса, костак, крыві… Што ў нас ёсць штосьці большае…

Народная медыцына. Аура чалавека.

Душа? Аўра?

Усё гэта разам. І дзесьці з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі знялі жорсткія цэнзурныя рамкі з навукі, калі скончыліся часы жорсткай атэізацыі, адбыўся рэзкі ўсплёск цікавасці да народнай медыцыны ў самых розных кірунках. Наогул, паняцце «народная медыцына» настолькі шырокае… Па вялікім рахунку, яна ўключае і фітатэрапію, якую можна раскласці, патлумачыць шмат у чым з пункту гледжання тых жа хімічных заканамернасцяў. Народная медыцына ўключае і шэраг дзеянняў, накіраваных на змененыя станы свядомасці, розныя шаманскія практыкі…

Мяне заўсёды цікавіла: як жа атрымліваецца лекаваць у бабуляў?

На гэтае пытанне не магу адказаць. Нават не буду фантазіраваць…

Я звычайна ў такіх выпадках кажу: «Штосьці ў гэтым ёсць…»

Тут патлумачыць, як мы ўжо зазначалі, нерэальна! Але тое, што паказвае рытуальна-магічная медыцына… Яна кіравалася не выключна на лекаванне хворага органа: забалеў палец – палец і лечаць. Асноўнае правіла народнай медыцыны – лячыць усяго чалавека. Хвароба ў традыцыйным разуменні нашых продкаў – гэта збой, парушэнне гармоніі, уварванне, так бы мовіць, хаосу – у космас, беспарадку – у парадак. Таму асноўная стратэгія народнага лекавання – разбуранае скласці назад. Вось пабудавала дзіця домік з кубікаў, а хтосьці прыйшоў і дастаў адзін. З-за гэтага пасыпалася ўся канструкцыя. І таму народная медыцына не адзін гэты кубічак аднаўляе, а наноў складае ўвесь домік. У пэўнай ступені я яе выніковасць бачу якраз у гэтым…

А ці выкарыстоўваеце вы на практыцы штосьці з пачутага? Ці звярталіся самі да лекараў?

Зноў жа паўтаруся, што народная медыцына – гэта вельмі шырокае паняцце. Зёлкі – выкарыстоўвала шмат разоў. У маім вясковым дзяцінстве ў нашай сям’і самым важным сродкам лекавання было несалёнае сала, натуральны такі тлушч. Ім лячылі ўсё. А што тычыцца бабуляў… Дык гэта тэма для асобнай гутаркі.

Народная медыцына. Фітатэрапія.

Што б вы як даследчык народнай медыцыны параілі зараз, падчас пандэміі каранавіруса, усім нам менавіта з пункту гледжання таго, як успрымалі хваробы, эпідэміі нашыя продкі?

Па вялікім рахунку, галоўная парада – захоўваць разумную сярэдзіну. Абавязкова насіць маскі, дбайна мыць рукі, праветрываць памяшканні… Бяспека – так. Імунітэт – так. Але ў правілах народнай медыцыны, народнага светабачання – варта захоўваць рэальны, здаровы, без панікі погляд на рэчаіснасць. Трэба прыслухоўвацца да парадаў урачоў і ў той жа час мець аптымістычны погляд на жыццё. Вы ж памятаеце, як даўней жылі нашыя продкі? Сярод неверагоднай колькасці балячак, хваробаў, небяспекі… Калі б былі ў паніцы – проста не выжылі б.  Думаю, варта браць з іх прыклад.

Фота аўтара, з архіва Таццяны Валодзінай і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 152

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".