26.11.2022
26.11.2022

Тэатр «Лялька» паставіў спектакль па казцы Уладзіміра Караткевіча

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларускі тэатр «Лялька» паставіў спектакль па аднайменнай казцы Уладзіміра Караткевіча «Кацёл з каменьчыкамі». Прэм’ера адбудзецца сёння — 26 лістапада, у дзень народзінаў любімага пісьменніка.

Мне пашчасціла паглядзець спектакль раней я трапіла ў «Ляльку», калі пасля прагону казку паказвалі школьнікам. Такое тэсціраванне на дзіцячай аўдыторыі дапамагае пабачыць рэакцыю залы — гэта значыць, вачыма юнага гледача ўбачыць і ацаніць пастаноўку. Гэта неабходна дзеля «шліфоўкі» дзеі на сцэне — калі такая патрэба заўважыцца.

Тэатр "Лялька"

Аднак «Кацёл з каменьчыкамі» атрымаўся такім яркім і захапляльным, што калі і просіцца нешта на папраўку, дык толькі колькасць глядацкіх месцаў у залі. Трапіць на прэм’еру прагнуць многія, ды білеты даўно раскупленыя, месцаў няма!

Што дзівіцца: «Лялька» любіць Караткевіча! Шмат гадоў запар ідуць тут з аншлагам спектаклі, пастаўленыя мастацкім кіраўніком тэатра Віктарам Клімчуком па яго творах — «Чортаў скарб» і «Песня дрыгвы й верасовых пустэчаў».

Гэтым жа разам спектакль ставіла Марыя Кавалёва, навучэнка Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Сцэнаграфію стварала Дар’я Дубовік. Інсцэніроўку казкі рабіла драматург Вольга Прусак, і тэатральныя крытыкі ўжо напісалі: «выразнасць трох цэнтральных вобразаў прыпадабняе спектакль ледзьве не да ўзораў старажытнай трагедыі».

Якія казкі пісаў Уладзімір Караткевіч?

Памятаеце саму казку? Стаяць побач дзьве хаты, жывуць у суседстве людзі. У адной багацей Ігнат (артыст Яўген Гусеў), якому ад крывянкі і кумпяка худзіць — бачыць іх ужо не можа. У другой — удава Мар’я (артыстка Вольга Лазебная), якая не ведае, чым пяцярых дзяцей накарміць. Памкнулася да суседа хлеба пазычыць — не даў…

Спектакль па Караткевічу

«Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб’еўся, а другі — бо галодны. А дзеці — дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці».

І вось з’яўляецца ў вёсцы Чараўнік (артыст Сяргей Талкач). З тысячы цудаў, якія было яму дадзена здзейсніць, застаўся адзін. Чараўнік у роспачы — усё жыццё стараўся ён людзям спрыяць, а бедаў на свеце не паменела.

Удава Мар’я пускае падарожнага чалавека ў хату, абагрэцца ды адпачыць. Толькі, скардзіцца, няма чым пакарміць…

Але ж, пэўна, казку «Кацёл з каменьчыкамі» усе чыталі? Тады ведаеце, на што Чараўнік свой апошні цуд пусціў: камяні на загоне Мар’і ператварыў у бульбу. Дзеці накормленыя, маці шчаслівая, а беларусы на вякі вякоў займелі другі хлеб!

Спектакль па казцы У.Караткевіча

Камяні ж на полі Ігната ператварыліся ў агромністыя валуны — і гэта як напамін пра тое, які плён са сквапнасці і жорсткасці.

У канцы спектакля Чараўнік прамаўляе да дзяцей: усё жыццё ў вас наперадзе. Тысяча цудаў, якія вы маеце здзейсніць, таксама. А што такое цуды? Гэта дабро, зробленае людзям!

Дзеці, якія на пачатку паводзіліся як паводзяцца звычайныя здаровыя дзеці — шамацелі, круціліся, перагаворваліся — праз некалькі хвілін дзеі спектакля сядзелі ціха як мышы! Адно час ад часу ўскоквалі, каб лепш разгледзець, што на сцэне робіцца. А пасля звароту Чараўніка нібы ўздыхнулі разам – і дружна запляскалі.

Бацькі і дзеці. Як новы спектакль віцебскага тэатра «Лялька» уплывае на сямейную псіхалогію

Не шкадуючы далоняў, пляскалі і дарослыя гледачы. Я — разам з імі. Эмацыйны ўздым ад спектакля быў параўнальны перажытым напярэдадні, пасля прагляду анімацыйнага фільма «Досыць канца вайны» Сімонэ Масі (Італія) на міжнародным кінафестывлі «Лістапад», які прайшоў у Мінску.

«Людзі павінны адмяніць войны, як калісьці адмянілі рабства», — такія словы прагучалі ў гэтай анімацыйнай стужцы. Гэты б фільм я паказвала ўсім чыста як праграмны. А пасля яго — спектакль «Кацёл з каменьчыкамі»! Калі хто не разумее, чым заняцца, не ваюючы, няхай вучыцца ад казачнага Чараўніка. Ён прапануе выйсце: «Рабіце дабро людзям!»

Спектакль па Караткевічу

Вось яно — каштоўнае, сапраўднае, стваральнае!

Цудоўная казка Уладзіміра Караткевіча, якую творча абжыў і перанёс на сцэну віцебскі тэатр «Лялька» — цуд, на які пабагацела Беларусь, бо ён — пра надзею, якую пестуюць людзі: Несправядлівасць мусіць быць адмененая. Сквапнасць — зжытая. Дзеці — гадавацца шчаслівымі і марыць пра добрыя цуды, якія яны панясуць у свет, поўны дабрынёй.

Ці бачым мы ў цэнтры ўвагі беларуса? Фільмаграфія ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама