11.03.2020
11.03.2020

«Тэлефонны локаць» – дрэнна… А локцем у бок – чужы?!

logo
Думкі ўслых
304 062
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Прачытала матэрыял сваёй каляжанкі Ганны Кручковай пра намафобію – і не магу не падзяліцца сваімі чарговымі думкамі ўслых з гэтай нагоды. А іх, тых думак, сапраўды шмат. Зрэшты, як і ў кожнага з вас, як мне падаецца. Таму каменты пасля прачытання – вітаюцца!
А мне найперш прыгадаўся мой самы першы мабільны тэлефон Trium. Можа, хтосьці таксама памятае? Такі, з антэнкай… Цяпер і пазіраць смешна, а тады… Ого, мабільнік! Набывалі іх мы з братам разам. І нумары атрымалі падобныя. А тэлефанаваць жа напачатку практычна не было каму… Але з такім гонарам я трымала ў руках той цуд з антэнкай! 🙂

Залежнасць ад тэлефона. Першы мабільнік.

І ніякай залежнасці ад тэлефона (намафобіі) тады не развілося. Хутчэй, па з’яўленні ўласнага камп’ютара ў 2006-ым ці 2007-ым, залежнасць ад сацыяльных сетак узнікла-такі. На самым пачатку. Ды і залежнасцю я гэта не назвала б.

Проста раптам перад табой адкрыліся такія шырокія гарызонты! Калі ў сацыяльнай сетцы ты знаходзіў аднакласнікаў, знаёмых, стасаваўся з незнаёмымі… «Гэта ж трэба – чалавеку з другога «боку» зямнога шара можна пісаць!» – шчыра здзіўлялася і захаплялася мая мама.

Але як толькі колькасць тых сетак, сяброў і стасункаў пачала расці, гэтак жа роўненька пачала знікаць і залежнасць. Бо маючы (я спадзяюся) даволі рацыянальныя мазгі, зразумела, колькі часу траціцца на сядзенне за кампом, на ўсе гэтыя віртуальныя стасункі.

Залежнасць ад тэлефона. Ўалежнасць ад камп'ютара.

І вось больш чым праз 10 гадоў яны такія ўжо звыклыя, што і часу шмат не забіраюць. Напішаш караценька пра сябе (а хуткасць набору выпрацавалася вялі-і-і-кая!), атрымаеш такое ж невялічкае паведамленне – і быццам у курсе спраў чалавека.

Летась пісала ўжо тут, у сваім блогу «Думкі ўслых», пра мабільнікі і залежнасць многіх навакольных ад іх, што даходзіць да маніякальнай. З таго часу сітуацыя не змянілася, а, як мне падаецца, толькі пагоршылася.

У транспарце ездзіць побач з некаторымі… Ой-ёй! Лепей пастаяць. Бо да вольна раскінутых ног, якімі абавязкова трэба дакранацца да суседскіх, далучыліся локці са смартфонамі. Прычым не толькі мужчынскія, але і жаночыя. І вось гэта сапраўды нейкі жах!

«Phone Elbow («тэлефонны локаць») – доўгае выкарыстанне смартфона можа выклікаць боль, смыленне, здранцвенне ці паколванне ў локці». Гэта адно з наступстваў намафобіі, якое прыводзіць у сваім матэрыяле Ганна Кручкова. Штосьці толькі не бачу такога ў метро. Затое бачу другое.

Залежнасць ад тэлефона. У метро.

Локці са смартфонамі растапырваюцца так, каб уваткнуць іх (адзін ці два) у бок суседзяў ці суседак у транспарце – маршрутцы, метро ды іншым. Вы адчувалі калі-небудзь чужы локаць у сваім баку?! А ў мяне, між іншым, бок (даруйце за каламбур!) сапраўды адчувальнае месца.

І вось стараюся-стараюся прыкрыць яго ўласным локцем…. І не заўсёды атрымліваецца. Рр-р-р-р-р-р! І вось які тут можа быць настрой?! 🙁 Адны суцэльныя нервы. Скажаце, лячыць трэба?! Ужо!

Але, можа, трэба захоўваць хаця б элементарныя правілы ветлівасці, культуры, якія не так часта і сустрэнеш?! Я ўжо не кажу пра тое, каб суседу не замінаць. Такіх думак у большасці нават не ўзнікае! Галоўнае – зручна ім. Рр-р-р-р-р-р – другі раз… 🙁 А вы да якой часткі пасажыраў сябе адносіце?! Да тых, хто локцем у бок ці каму локаць у бок?!

А што тычыцца тэсту, змешчанага ў матэрыяле Ганны Кручковай пра намафобію, дык я нават яго і не праходзіла. Няма ў мяне намафобіі… Няма!

Залежнасць ад тэлефона.

Бо я не «ўтыкаю» ў тэлефон, хаця і дабіраюся да працы амаль 2 гадзіны. І толькі калі надта трэба штосьці па той жа працы, магу зайсці хвілін на 5-10 у сеціва. Музыку слухаю, толькі калі ў маршрутцы гучна ўключана радыё (цяпер ужо вельмі рэдка) альбо побач у некага «дзіравыя» (як я гэта называю) навушнікі. А адтуль таа-а-а-кое! 🙁

А вось з чым не згодная ў матэрыяле пра намафобію, дык гэта з тым, што спецыялісты да першых званочкаў заняволення тэлефонам аднеслі вось гэтае: «Перапыняеце размову з чалавекам тварам да твару, каб адказаць на званок ці тэкставае паведамленне».

Я раней шмат думала над гэтым. Бо і мне часта задавалі пытанне. Маўляў, а чаму людзі гэтак робяць?! Ды тлумачэнне вельмі простае. Чалавек, які стаіць з табой тварам да твару, ужо стасуецца. І ты нікуды не падзенешся, не знікнеш, не правалішся пад зямлю…

Залежнасць ад тэлефона. Жывыя стасункі.

Чалавек жа, які тэлефануе, не можа БАЧЫЦЬ, што ты ў гэты час заняты іншымі стасункамі! І бываюць жа тэрміновыя пытанні! Альбо хтосьці будзе думаць, што калі блізкія не адказваюць, значыць, з імі штосьці здарылася. Асабліва, калі яны – сталага веку… Ды тлумачэнняў – процьма!

Магу сказаць таксама са свайго журналісцкага вопыту. На папярэдняй працы мне даводзілася пісаць шмат рэкламных матэрыялаў, прычым з розных раёнаў. Бывала – па пяць старонак у нумар літаральна за пару сутак (толькі не трэба думаць, што мяне за гэта цанілі – усё з дакладнасцю наадварот).

Колькасць правак усяго па слову-два (іншых, глабальных, не было ад рэкламадаўцаў ніколі) магу пералічыць на пальцах адной рукі. Звычайна ўсё праходзіла на «ўра». Але! Мне ўсё роўна трэба было, каб кіраўнік арганізацыі альбо прадпрыемства ПРАЧЫТАЎ матэрыялы, ды хутка! І сказаў, што ўсё ОК!

Калі знаходзішся з ім твар да твару і тлумачыш сітуацыю, усе пагаджаюцца і горача запэўніваюць, што як толькі я патэлефаную, яны тут жа, «мухай» да электронкі… Ага… Зараз жа! Я абрывала ім усе тэлефоны, у мяне гарэлі ўсе нервы…

І толькі аднаго чалавека прыгадваю са шчырай удзячнасцю. Аднаго! Гэта тагачасны дырэктар Старадарожскай ЖКГ Дзмітрый Кушын. Які дзе б ні быў, чым бы ні займаўся, заўсёды ў самыя кароткія тэрміны вычытваў матэрыял і тэлефанаваў сам!

Таму я і лічу сваім абавязкам, калі мне тэлефануюць падчас размовы з кімсьці твар да твару, выбачыцца і адказаць на званок… І для мяне гэта, калі хочаце, таксама з галіны асабістай культуры ды ветлівасці.

Залежнасць ад тэлефона

Так што беражом уласныя локці, а таксама чужыя бакі і нервы, сябры! І ну яе, тую намафобію! Хіба нам без смартфона і сеціва ў рэале няма чым заняцца?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

304 0 62

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.