30.04.2020
30.04.2020

Хакерспэйс – то, что нас аб'ядноўвае. Як валанцёры дапамагаюць урачам

logo
Адметнасць беларусаў
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дзівосную згуртаванасць і яднанне праяўляюць беларусы ва ўмовах пандэміі каранавіруса. І гэта нягледзячы на самаізаляцыю і сацыяльнае дыстанцыяванне.

З дапамогай месэнджараў абсалютна незнаёмыя адзін з адным людзі з усіх куткоў Беларусі аб'ядноўваюцца, каб дапамагаць медыкам. Не проста застаючыся дома, але і аказваючы рэальную дапамогу тым, хто цяпер знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з каранавірусам. А значыць, сабе і ўсёй краіне.

Адной з такіх супольнасцяў, якая разраслася з міжсабойчыку ў некалькі дзясяткаў чалавек да больш чым тысячы ідэйных аднадумцаў, стаў мінскі Хакерспэйс.

Хакерспейс

Выключна па ўласнай ініцыятыве, выкарыстоўваючы асабістыя маральныя і матэрыяльныя рэсурсы, людзі вырабляюць медыцынскія шчыткі, сноркі, ахоўныя камбінезоны, аднаразовыя маскі і бахілы і бязвыплатна перадаюць іх у медустановы.

Хакерспэйс – адкрытая супольнасць, якая аб'ядноўвае людзей з агульнымі інтарэсамі. У свеце існуе мноства хакерспэйсаў рознай накіраванасці, у асноўным – тэхнічнай і лічбавай. Гэта не тыповая арганізацыя з адміністрацыяй, штатным раскладам і графікам працоўнага дня.

Усе ўдзельнікі Хакерспэйса знаходзяцца ў абсалютна роўных умовах, сябры клуба маюць уласныя ключы ад памяшканняў і могуць прыходзіць сюды ў любы час сутак, госці – у дні адчыненых дзвярэй.

Супольнасць не аказвае платныя паслугі, не гандлюе сваімі вырабамі і вынаходніцтвамі і існуе выключна на членскія ўнёскі. Уся матэрыяльна-тэхнічная база Хакерспэйса альбо бязвыплатна прадастаўленая ўдзельнікамі супольнасці, альбо набытая за ўласныя сродкі. У Мінску першы Хакерспэйс з'явіўся напрыканцы 2012-га года. Цяпер дзейнічаюць дзве пляцоўкі – у Зялёным Лузе і Малінаўцы.

Меней слоў – больш справы

Дапамога ўрачам і медыцынскім работнікам разгарнулася з адзінага паведамлення ў чаце мінскага Хакерспэйса: патрэбныя ахоўныя маскі для ўрачоў інфекцыйных аддзяленняў і аддзяленняў рэанімацыі. Адразу ж адгукнуліся людзі, гатовыя друкаваць шчыткі на 3D-прынтарах. Першую партыю літаральна адразу аддалі на тэсціраванне сталічным медыкам. Ужо з улікам іх пажаданняў і рэкамендацый мадэрнізавалі шырыню дужкі, колькасць мацаванняў у асноўнай мадэлі.

Хакерспейс

– За лічаныя дні колькасць удзельнікаў чату Хакерспэйса вырасла ў некалькі дзясяткаў разоў, – кажа адна з актывістак Малінавага Хакерспэйса Марыя. – Ахвотных дапамагчы аказалася столькі, што зрабілася зразумелым: курыраваць усю краіну нерэальна. Тады мы прапанавалі людзям аб'яднацца ў рэгіянальных чатах па абласцях. Уласна, у самаарганізацыі і ёсць «фішка» Хакерспэйса. Цяпер яны самі знаходзяць пастаўшчыкоў матэрыялаў, вырашаюць транспартныя і лагістычныя пытанні, шукаюць валанцёраў... Мы толькі аплачваем матэрыяльныя выдаткі.

Максім прыходзіць у Малінавы Хакерспэйс ужо некалькі дзён запар. У звычайным жыцці ў мужчыны ўласны невялікі бізнэс, які цяпер вымушана пастаўлены на паўзу. Пра тое, што патрэбныя валанцёры для зборкі шчыткоў, даведаўся праз «сарафаннае радыё». Ні хвіліны не разважаў. Кажа: сядзець без справы не ў яго правілах. Тым больш – жыве недалёка.

А вось Ірына, вэб-дызайнер, наадварот, ехала праз увесь горад, каб не застацца ў баку ад агульнай справы. Праз некалькі хвілін яна надзявае крапежную рызінку на ахоўныя экраны так спрытна, быццам толькі гэтым усё жыццё і займалася. І такіх валанцёраў па ўсёй краіне – сотні!

Пачынаючы з 1 красавіка, на працягу трох тыдняў яны вырабілі і адправілі ва ўстановы аховы здароўя амаль 21 тысячу шчыткоў і каля 500 сноркаў (ахоўная маска, якая цалкам аблягае твар і абсталяваная двума бакфільтрамі).

Бясцэнны вопыт

Адначасова з ідэяй друкаваць ахоўныя маскі ўзнікла і другая: шыць аднаразовыя ахоўныя касцюмы. Адны лекалы для пробнай партыі здымалі з гатовага медыцынскага камбінезона, які атрымалася знайсці, іншыя – дапамагалі вырабіць прафесійныя канструктары, якія адгукнуліся. Першая партыя была гатовая ўжо 4 красавіка. Цяпер у валанцёраў Хакерспэйса 4 віды лекалаў і практычна ўсе памеры.

– З пошукам закройшчыкаў і швачак наогул праблем не ўзнікла, – кажа Алёна Памаха, якая курыруе «швейны праект» Хакерспэйс. – Калі ўжо дома знайшліся лазерныя станкі і 3D-прынтары для вырабу шчыткоў, дык швейныя машынкі ёсць практычна ў кожнага. Мяне радуе і палохае адначасова, з якой хуткасцю разрастаецца наш швейны рух!

З пачатку красавіка супольнасць «швачак дома», разросшыся з пары дзясяткаў чалавек, пераваліла за тысячу. І з кожным днём актыўных удзельнікаў усё дадаецца.

Хакерспейс

– Сярод тых, хто падахвоціўся кроіць і шыць ахоўныя камбінезоны, бахілы, аднаразовыя маскі, ёсць людзі самых розных прафесій і узростаў, – захоплена распавядае Алёна. – Да нашага руху далучыліся і швейныя атэлье, і школы, і бальніцы. Але пераважная большасць майстроў – гэта звычайныя мамы ў дэкрэце. Тыя, хто да гэтага шыў толькі па дробязі і для сваёй сям'і. Аказалася, што разам яны – велізарная сіла, для якой пры жаданні няма нічога немагчымага!

Дзякуючы швачкам-валанцёрам, у клінікі Беларусі ўжо адпраўлена 4,3 тысячы ахоўных камбінезонаў (актуальная лічба на 28 красавіка), бахілы і аднаразовыя маскі. Геаграфія ахоплівае ўсю краіну: ад Расонаў да Лельчыцаў, ад Жабінкі да Калінкавічаў, ад Чачэрска да Воранава. Усяго валанцёрская дапамога ахапіла больш за 70 гарадоў і пасёлкаў краіны. Прычым транспартныя пытанні ўзялі на сябе такія ж добраахвотнікі.

Хакерспейс

Алёна прызнаецца, што, напэўна, яшчэ не ва ўсіх населеных пунктах медыкі ведаюць, што ў выпадку неабходнасці можна напрамую звярнуцца па дапамогу ў Хакерспэйс. На афіцыйным сайце супольнасці ёсць форма, запоўніўшы якую медыкі могуць паведаміць пра свае патрэбы ў тых ці іншых сродках абароны. Зваротная сувязь важная для валанцёраў.

– Гэта дапамагае нам больш мэтанакіравана адрасаваць дапамогу тым, хто мае ў ёй асабліва вострую патрэбу, – прызнаецца Алёна. – Сітуацыя, якую мы зараз пражываем, так ці інакш тычыцца ўсіх нас. Я шчыра рада, што ў нас атрымалася не толькі дапамагаць урачам і медработнікам, але і аб'яднаць людзей з усіх куткоў краіны. Калі пандэмія сыдзе – а яна пойдзе абавязкова! – агульны рух не спыніцца. Зрабіўшы штосьці добрае разам, людзі абавязкова захочуць гэта працягнуць. Бясцэнны вопыт.

Загадам Міністэрства аховы здароўя «Аб прымяненні нормаў заканадаўства пры прыняцці ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь маёмасці» ад 14.04.2020 арганізацыям аховы здароўя дазволена прымаць ва ўласнасць маёмасць, якая перададзеная на бязвыплатнай аснове рознымі суб'ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі.

Фактычна тым самым Хакерспэйс атрымаў дазвол на вытворчасць і пастаўку ў медустановы краіны сродкаў абароны. Калі вы таксама хочаце быць карыснымі, далучайцеся да добраахвотніцкага руху. Усю неабходную інфармацыю вы знойдзеце на сайце суполки hackerspace.by

Фота Віталь Гіль.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».