01.11.2019
01.11.2019

Туфлі для асаблівага барыста. Як Максім набліжае нас да інклюзіўнага грамадства

logo
Асобы i лёсы
0 115
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

– А можна мне латэ?

– Вядома, – прыязна адказвае хлопец. Усміхаецца і працягвае кубак. І толькі ў гэты момант я разумею, што ён... іншы. Як кажуць, з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Максім Аўрамчыкаў гатуе каву.

Падпрацоўваць на кейтэрынгах (выязное абслугоўванне) у якасці барыста Максіму Аўрамчыкаву вельмі падабаецца. Перш за ўсё, з-за стасункаў з людзьмі. Ну і, вядома, гэта спосаб заробку ў дадатак да сціплай пенсіі па інваліднасці.

– Хтосьці палохаецца, хтосьці захапляецца. Рэакцыі ў людзей розныя. Я ўжо да гэтага прызвычаіўся, – кажа Макс.

Па цікавым супадзенні ці задумцы арганізатараў, сустрэча з Максімам адбылася на трэцім Міжнародным форуме «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы». І аказалася, што форум гэты выйшаў далёка за рамкі размоў толькі выключна пра аўтызм. У фокусе ўвагі апынуліся ўсе людзі з асаблівасцямі развіцця і праблемы іх інклюзіі ў грамадства. Дзеля мерапрыемства Максім спецыяльна прыехаў з Гродна на маршрутцы.

«Я нармальны»

Максіму Аўрамчыкаву 23 гады. Хлопец жыве ў Гродне, вырас у інтэрнаце. Таму самая вялікая мара Макса – стварыць сям'ю, выгадаваць дзяцей і аддаць ім тое самае цяпло, якога так не хапіла самому.

– Чамусьці мне здаецца, што я буду добрым татам, – бянтэжыцца ён.

Свой дыягназ ён не памятае – занадта доўгі. Ведае толькі, што ў яго «дэфармацыя верхніх і ніжніх канечнасцяў і штосьці з ростам».

– Тое, што я адрозніваюся ад іншых, востра ўсвядоміў ужо бліжэй да падлеткавага ўзросту, калі хлопцы пачалі цікавіцца дзяўчатамі, – распавядае Максім. – Спачатку вельмі перажываў. Потым зразумеў: усё залежыць ад галавы. Як настроішся, так і будзеш сябе адчуваць. Калі будзеш ныць, усё складзецца дрэнна. І наадварот: паверыш, што нармальны – і ўсё будзе добра. А я і ёсць нармальны. Так, з асаблівасцямі. Але ў цэлым са мной усё ў парадку.

Гэтае перакананне дапамагло Максіму асвоіць прафесію тэхнолага абутковай вытворчасці. Максім скончыў Гродзенскі тэхнічны бытавы каледж. І ў яго з'явілася мара.

– У каледжы нас вучылі ствараць абутак. Я часам маляваў яго, мадэляваў. Думаю пра тое, каб атрымаць вышэйшую адукацыю ў гэтай сферы і пачаць рабіць абутак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Бо для нас туфлі робяць вельмі якасныя, скураныя, але ж яны такія цяжкія. І ўсе аднатыпныя. Скажу шчыра: сваю бясплатную пару я проста выкінуў. Яны настолькі цяжкія, што хадзіць у іх не магу. Нашу звычайныя красоўкі. Яны мне вялікія, але лёгкія і зручныя. Хачу займацца абуткам для людзей з інваліднасцю і рабіць яго прыгожым.

Захопленасць і жыццярадаснасць Максіма дапамагаюць яму заводзіць сяброў. Была і каханая дзяўчына, абсалютна здаровая. «Доўга і шчасліва» з ёй не атрымалася, але хлопец не маркоціцца і лічыць, што «галоўнае – не зацыклівацца на праблемах».

На курсы барыста Максім выпадкова трапіў год таму праз сваю знаёмую. Цікава зрабілася, ці атрымаецца. Захапіў і сам працэс: гісторыя кавы, розныя спосабы прыгатавання. На мерапрыемствы хлопец гатовы ездзіць ва ўсе куткі Беларусі сам.

– Цягнікі не вельмі люблю, а вось на маршрутках езджу часта, – кажа Максім. – Часам вадзіцелі не вельмі любяць інвалідаў сярод пасажыраў. А ў цэлым, людзі вельмі добразычлівыя. Дапамагаюць і залезці ў мікрааўтобус, і спусціцца з прыступак.

«Асноўная праблема – праца»

Такіх актыўных хлопцаў, як Максім, даволі шмат. Курсы барыста для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшлі ўжо 50 чалавек па ўсёй краіне. Аднак рэальна працуюць усяго 4! Праблема – у менталітэце працадаўцаў. Шмат хто перакананы, што людзі з асаблівасцямі не могуць паўнавартасна працаваць.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Спецыяліст па інклюзіі і інваліднасці ПРААН
Гарантаваць працаўладкаванне мы не можам, хаця і спрабуем дапамагчы хлопцам. Ідэя была – працаўладкоўваць іх у мясцовыя кавярні. Аднак гэта не так проста. Працадаўцам трэба абсталяваць бяспечную прастору, арганізаваць працоўнае месца для такога чалавека. А ці будзе ён працаваць? Многія лічаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі дзесьці на працы – гэта проста прыгожы малюнак. А па факце яны нічога не робяць. На выязных мерапрыемствах мы пераконваемся ў тым, што насамрэч у іх усё выдатна атрымліваецца. Стаўленне ў цэлым у грамадстве да нас добрае, не магу сказаць, што кагосьці ўшчамляюць. Асноўная праблема – працаўладкаванне. Калі чалавек жыве на пенсійную дапамогу, ад такога жыцця назапашваецца і злосць, і незадаволенасць. І ён будзе бучу ўзнімаць і з-за разметкі, якая адсутнічае, і з-за пандуса. Але калі даць яму працу з годным заробкам, ён сам прыдумае, куды напісаць, каб у яго пад'ездзе, па дарозе на працу былі ўмовы для таго, каб дабрацца. Немагчыма адразу зрабіць усю прастору інклюзіўнай. У гэтым павінны быць асабіста зацікаўленыя заможныя ўплывовыя людзі, паважаныя, з медыйным капіталам. Тады справа пойдзе нашмат хутчэй.

Новае грамадства – без абмежаванняў

Пра інтэграцыю ў грамадства людзей з фізічнымі і ментальнымі асаблівасцямі і казалі на трэцім Міжнародным форуме «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы».

Як зберагчы такіх людзей ад стыгматызацыі? Як адшукаць магчымасці для атрымання прафесіі і працаўладкавання? Як пераадолець псіхалагічны бар'ер паміж «здаровымі» і «асаблівымі»? Адным з самых эфектыўных шляхоў можа стаць... мастацтва. А менавіта – тэатр. Гэта і стала адной з найважнейшых тэмаў для абмеркавання экспертаў. Таксама ў цэнтры іх увагі апынуўся вопыт інклюзіі ў сямейных і звычайных класах, асаблівасці стварэння інклюзіўнай прасторы і магчымасці альтэрнатыўнай адукацыі ў Беларусі.

Спікерамі выступілі: сузаснавальнік і праграмны дырэктар адукацыйнай інклюзіўнай студыі Studio 3/4 Марына Крысаў (Тэль-Авіў), дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра Lootus Onnele Ганна Міконен і магістрант факультэта педагагічных навук Талінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «спецпедагог-кансультант» Вольга Нігроўская (Талін), мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» Ірына Кісялёва (Мінск), а таксама студэнты, бацькі, педагогі, прадстаўнікі cферы адукацыі і аховы здароўя, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, якія займаюцца стварэннем і развіццём інклюзіўных практык і тэатратэрапіі.

 
Ірына Кісялёва
Мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i»
Перш за ўсё, трэба засвоіць, што людзі з асаблівасцямі крыху адрозніваюцца ад астатніх, але ў цэлым маюць тыя ж пачуцці і перажыванні. Яны такія ж, як і іншыя. Са сваімі марамі і планамі, са сваімі інтарэсамі. У ходзе рэпетыцый у тэатры дзеці з аўтызмам змяняюцца самі. Ёсць тыя, якія не маглі сканцэнтравацца на працягу 2 хвілін, а цяпер вытрымліваюць паўнавартасныя 2-гадзінныя спектаклі. Іх поспехі змяняюць і іх асяроддзе. Нас, педагогаў, усіх блізкіх і родных. А таксама здаровых дзяцей. На шчасце, для новага пакалення няма пытанняў пра тое, прымаць ці не ў сваё грамадства дзяцей з асаблівасцямі. Яны проста гатовыя бачыць разнастайнасць жыцця і прымаць гэта спакойна. Вельмі важна, што на нашых семінарах заўсёды прысутнічаюць прадстаўнікі рэгіянальных цэнтраў карэкцыйнага навучання, педагогі і т'ютары, бацькі, замежныя спецыялісты. У кожнага з іх уласны вопыт, якім яны могуць падзяліцца адно з адным і распаўсюдзіць яго далей.

Пакуль высокія спецыялісты абмяркоўвалі, якой жа быць інклюзіі і ў якім жа выглядзе яе лепей ствараць, Максім і яго калега (пра гэтую выдатную дзяўчыну мы распавядзём у наступным матэрыяле) добразычліва і з усмешкай гатавалі каву гасцям. І, мабыць, гэта лепшая ілюстрацыя таго, што наш свет усё ж такі мяняецца, пашыраецца. І робіцца больш утульным для тых, у каго ёсць мэта, жаданне і мара. Бо справа не толькі ў асаблівасцях тых, хто мае групу інваліднасці, а ў абмежаваннях астатняга грамадства.

Фота забяспечанае кампаніяй «А1» і ўзятае з адкрытых профіляў Максіма Аўрамчыкава ў сацыяльных сетках.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 115

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама